RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскім аблвыканкаме адбылася нарада па пытаннях прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі

У Магілёўскім аблвыканкаме адбылася нарада па пытаннях прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. У абмеркаванні актуальнай тэмы прынялі ўдзел кіраўнік рэгіёна Леанід Заяц, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь–інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка, прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя, кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя Магілёва і Бабруйска, навукоўцы.

Такога роду палілог быў выкліканы неабходнасцю аператыўнага вырашэння праблемных момантаў, з якімі сутыкаюцца медыкі на практыцы. Многія пытанні паспяхова вырашаюцца адміністрацыяй устаноў аховы здароўя самастойна, а частка патрабуе дапамогі дзяржаўных органаў.

«На сённяшні дзень эпідэмічная сітуацыя ў рэгіёне даволі сур’ёзная, – адзначыў у гутарцы з журналістамі начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў. – Мы па-ранейшаму адзначаем павелічэнне захворвання на вострыя вірусныя інфекцыі, у тым ліку на каранавірус. Разам з тым, прымаюцца неабходныя меры, накіраваныя на захаванне здароўя людзей».

Практычна ва ўсіх паліклініках створаны «брудныя»і «чыстыя» зоны. Мінімізуецца колькасць наведванняў жыхарамі рэгіёна ўстаноў аховы здароўя. Так, больш за палову прыёмаў пацыентаў, у тым ліку звязаных з выпіскай рэцэптаў, ажыццяўляецца дома. Арганізавана праца кантактных груп, якія ўключаюць урачоў агульнай практыкі, іх памочнікаў, фельчараў-лабарантаў. Для выездаў выдзелена 117 аўтамабіляў, колькасць якіх да канца тыдня павялічыцца. Пашырана колькасць тэлефонных ліній у рэгістратурах паліклінік, дзе кансультуюць жыхароў рэгіёна па пытаннях здароўя. Да гэтай працы падключылі больш за 200 студэнтаў медкаледжаў.

У медыцынскіх установах стацыянарнага тыпу праводзіцца другі этап перапрафілявання ложкавага фонду, які складае амаль 11 тыс.ложкаў. З іх амаль 4 тыс. вылучаныя для пацыентаў з вострымі рэспіраторнымі захворваннямі, у тым ліку з каранавіруснай інфекцыяй. Пры неабходнасці ў вобласці ёсць рэзерв, каб павялічыць колькасць месцаў для пацыентаў з віруснымі захворваннямі. Па кадрах праблем таксама пакуль няма, адзначыў Аляксандр Старавойтаў.

Ён дадаў, што да канца года рэгіён забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны і дэзынфектантамі. Заключаюцца новыя кантракты для пастаўкі СІА ў бесперапынным рэжыме. Таксама плануецца, што да канца тыдня вобласць дадаткова атрымае каля 400 пульсаксіметраў.

Аляксандр Старавойтаў выказаў падзяку жыхарам вобласці за водгук на заклік насіць маскі, тым самым абмяжоўваючы распаўсюджванне вострых рэспіраторных вірусных інфекцый. Такія меры ўжо даюць вынік, падкрэсліў ён.

– Вядома, разлічваць на імгненны вынік ад увядзення масачнага рэжыму не варта,паколькі барацьба з каранавірусам – працэс складаны і шматгранны, – дадаў прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, дацэнт Дзмітрый Данілаў. – Каб гэта пачало працаваць, павінна прайсці мінімум ад некалькіх тыдняў да месяца. Але маскі – неабходная мера, паколькі каранавірус– інфекцыя патэнцыйна небяспечная».

Дзмітрый Данілаў расказаў, што сёння прадстаўнікі навукі вядуць кансультатыўную працу па лячэнні цяжкіх пацыентаў па ўсёй краіне. «Мы дапамагаем калегам, улічваючы тыя веды, якімі дзелімся паміж сабой, усяляк стараемся ўкараняць перадавыя методыкі, падыходы, у тым ліку ў Магілёўскай вобласці. Літаральна ўчора былі ў Бабруйску. Засталося адчуванне задавальнення. Так, ёсць дробныя нюансы. Але ідэал дасягальны толькі тэарэтычна. Дапамога аказваецца годна. Сітуацыя цяжкая, але не крытычная».

Яшчэ ў пачатку красавіка 2020 года Магілёўская бальніца №1 была перапрафіляваная ў інфекцыйны стацыянар, як паведаміў галоўны ўрач установы аховы здароўя Віктар Клачкоў. Тады разгарнулі 300 інфекцыйных ложкаў. На працягу красавіка–мая з паступовым павелічэннем патоку хворых набіраўся вопыт, выпрацоўваліся методыкі лячэння, алгарытмы перамяшчэння патокаў пацыентаў. Былі заніраваны памяшканні, зроблены шлюзы. «Дзякуючы фінансавым укладанням аблвыканкама на працягу 1,5 месяца ў нас быў скончаны рамонт 4-х аддзяленняў. У першую хвалю павялічылі фонд пад аказанне дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй да 475 ложкаў. Дзякуючы каардынуючай працы галоўнага ўпраўлення аховы здароўя, спецыялістаў профільнага міністэрства, дапамогі розных арганізацый, прыватных асоб, тады справіліся вельмі нядрэнна, нават паспяхова. Цалкам былі забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы, лекамі і вырабамі медыцынскага прызначэння. Але мы разумелі, што будзе другая хваля. Таму праводзілі дадатковыя падрыхтоўчыя мерапрыемствы».

Зараз у Магілёўскай бальніцы №1 налічваецца 550 інфекцыйных ложкаў. І калі будзе вострая неабходнасць, могуць дадаць яшчэ 40. Акрамя таго, павялічана са 120 да 170 колькасць ложкаў, забяспечаных кіслародам. «Нягледзячы на загружанасць, працуем у штатным рэжыме, – канстатаваў Віктар Клачкоў. – Вопыт, які атрымалі раней, у дадзенай сітуацыі неацэнны».

Фота mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая