RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскім аблвыканкаме падвялі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна за 2019 год

У Магілёўскім аблвыканкаме падвялі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна за 2019 год. Як паведаміў падчас пасяджэння намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Страхар, забяспечана выкананне 4-х з 6-ці ключавых паказчыкаў: прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове – $104,5 млн. (пры заданні $80 млн.), экспарт тавараў – 116,6% (105,7%), экспарт паслуг – 125,1% (105%), колькасць працаўладкаваных грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы – 4857 чалавек (4830). Па іх жа рэгіён ідзе з апярэджаннем заданняў пяцігадовай праграмы, а па экспарце тавараў і паслуг за 4 гады ўжо выкананы пяцігадовы план.

У цэлым, паводле слоў Руслана Страхара, у 2019 годзе эканоміка вобласці развівалася стрымана. Тэмп росту ВРП склаў 100,5%, прадукцыйнасці працы па ВРП – 101,5%.

Прамысловы комплекс за 4 гады пяцігодкі паказаў тэмп росту 111%, які да канца 2019 года запаволіўся і спыніўся на адзнацы 100%. У разрэзе арганізацый сітуацыя разнапланавая. З 50 найбуйнейшых, якія фарміруюць 85% прамысловай вытворчасці вобласці, стабільную працу паказалі 16 арганізацый рэспубліканскага і мясцовага падпарадкавання і каля 10 юрыдычных асоб без ведамаснага падпарадкавання. У бягучым годзе перад прамысловым комплексам рэгіёна стаіць задача нарасціць аб’ёмы вытворчасці на 2,5%, як адзначыў Руслан Страхар.

Атрымалася пераламаць негатыўныя тэндэнцыі ў сельскай гаспадарцы. Вобласць завяршыла 2019 год з тэмпам росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі 100,3%, у тым ліку ў сельскагаспадарчых арганізацыях – 101,1%.

«Будаўнічая галіна ў мінулым годзе спрацавала з тэмпам росту 100,2%, але гэта з улікам высокай базы 2018-га», – канстатаваў намеснік старшыні. Няпросты фінансавы стан будаўнічых арганізацый выклікае адток кадраў. Колькасць працоўных скарацілася на 3,9%. І такая сітуацыя адзначаецца на працягу 2016–2019 гадоў, хоць на ўсіх буйных будоўлях вобласці, няхай гэта будзе прамысловы або сацыяльны аб’ект, востра стаіць пытанне недахопу будаўнікоў.

Добрыя вынікі па экспарце тавараў і паслуг звязаны як са стварэннем новых экспартаарыентаваных вытворчасцяў прыватнымі кампаніямі, так і з нарошчваннем экспарту сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання. Пры гэтым, што немалаважна, забяспечваецца станоўчае сальда знешняга гандлю па таварах – плюс $776 млн. і паслугах – плюс $ 36,8 млн.

Аднак, нягледзячы на высокую базу мінулых гадоў, перад рэгіёнам стаіць задача прырасці ў 2020 годзе па экспарце тавараў на 3,8%, паслуг – на 4,1%. А для гэтага неабходна задзейнічаць усе наяўныя рэзервы, падкрэсліў Руслан Страхар. У прыватнасці, працягнуць нарошчваць экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання, які толькі па 2019-ым вырас на $63,6 млн. і дасягнуў па вобласці $ 468 млн. Працягнуць таварную і геаграфічную дыверсіфікацыю экспарту пры захаванні і ўзмацненні пазіцый на традыцыйных рынках, у тым ліку краін ЕАЭС.

У мэтах вырашэння пастаўленых задач неабходна шырокае прымяненне на практыцы нормаў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 412 «Аб падтрымцы экспарту», а таксама выкарыстанне патэнцыялу міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з замежнымі рэгіёнамі-партнёрамі.

Руслан Страхар таксама заўважыў, што ў 2020 годзе варта захаваць тэндэнцыю павелічэння ўкладу прыватных арганізацый у аб’ёмы экспарту тавараў і паслуг. Акрамя таго, неабходна пастаяннае навучанне (павышэнне кваліфікацыі) прадстаўнікоў экспартаарыентаваных прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу, у тым ліку ў школе экспарту, створанай нядаўна пры падтрымцы камітэта эканомікі на базе Магілёўскага агенцтва рэгіянальнага развіцця. Ужо набрана першая група. Навучанне праводзіцца бясплатна.

У сферы экспарту паслуг першачарговай задачай з’яўляецца ўдасканаленне іх структуры. Так, у 2019 годзе рост быў звязаны, перш за ўсё, з павелічэннем экспарту транспартных паслуг – на 29,5%, камп’ютарных – у 2 разы, будаўнічых – на 15,6%. 

За 2019 год рознічны тавараабарот па Магілёўскай вобласці дасягнуў Br4,2 млрд., або 104% у супастаўных цэнах да 2018-га. Аб’ём аптовага тавараабароту склаў Br2,2 млрд. руб. і тэмп росту – 102,6% (другое месца сярод рэгіёнаў Беларусі). У арганізацыях спажывецкай кааперацыі захоўваецца высокая ўдзельная вага тавараў айчыннай вытворчасці – 92,1%.

Заданне па росце заработнай платы ў рэгіёне выканана на 102%. Яе павелічэнне дазволіла захаваць стабільнай сітуацыю на рынку працы. Узровень зарэгістраваных беспрацоўных на 1 студзеня 2020 года складаў 0,3% да колькасці працоўнай сілы, каэфіцыент напружанасці – 0,2 беспрацоўнага на адну вакансію.

У 2019 годзе ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы асаблівая ўвага надавалася арганізацыям з нізкім узроўнем аплаты працы. Так, калі па выніках I квартала ў вобласці было 42 арганізацыі з заработнай платай ніжэйшай за Br400, то да канца года ўсе яны пераадолелі ўказаную планку. Ніжэй за Br500 па выніках года атрымлівалі супрацоўнікі 67 арганізацый, што амаль у два разы менш у параўнанні з першым паўгоддзем. «З улікам жорсткага даручэння прэм’ер-міністра праца па выхадзе на сярэдні ўзровень зарплаты вышэйшай за Br500 ва ўсіх арганізацыях павінна быць завершана па выніках першага квартала 2020 года», – канстатаваў Руслан Страхар.

Ён дадаў, што ў адпаведнасці з даручэннем старшыні аблвыканкама ва ўсіх рэгіёнах Магілёўшчыны зацверджаны комплексныя планы развіцця рэгіёнаў з вызначэннем параметраў па кожнай арганізацыі. Сярэдняя заработная плата па вобласці павінна скласці да канца года Br1002,5. Пры гэтым варта забяспечыць апераджальныя тэмпы росту прадукцыйнасці працы над тэмпамі росту аплаты.

«Чарговы год – завяршальны у бягучай пяцігодцы. Пачаўся ён з анамальных умоў надвор’я, у няпростай знешнеэканамічнай абстаноўцы, – адзначыў Руслан Страхар. – Але, як неаднаразова падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы, галоўная пагроза, калі яна ёсць, можа зыходзіць са сферы эканомікі. А эканоміка залежыць ад кожнага кіраўніка. І калі кожны на сваім месцы будзе эфектыўна кіраваць працэсамі, мы зможам вырашыць любую праблему».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая