RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскім аблвыканкаме ўшаноўвалі найлепшых работнікаў рэгіянальнай сферы аховы здароўя

У Магілёўскім аблвыканкаме сёння прайшла ўрачыстая цырымонія ўшанавання прадстаўнікоў сферы аховы здароўя Прыдняпроўскага краю, прымеркаваная да Дня медыцынскага работніка. З прафесійным святам прысутных у зале павіншаваў кіраўнік рэгіёна Леанід Заяц.

Падобныя мерапрыемствы звычайна праходзяць больш маштабна на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы ў Палацы культуры вобласці, але ў сілу сённяшніх абставінаў фармат мерапрыемства зведаў змены, адзначыў старшыня аблвыканкама. Аднак ад гэтага велічыня падзякі, якую адчуваюць жыхары рэгіёна да медыкаў за захаванне здароўя, прафесіяналізм не становіцца меншай.

«У цяжкую пару праяўляецца чалавечы характар, – падкрэсліў Леанід Заяц. – І нашы спецыялісты ўжо ў першыя дні барацьбы з раней невядомай інфекцыяй прадэманстравалі арганізаванасць, сабранасць, мужнасць, чалавекалюбства, адданасць справе».

За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у павышэнне якасці аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву Леанід Заяц уручыў прадстаўнікам сферы аховы здароўя ганаровыя граматы Магілёўскага аблвыканкама. У прыватнасці, узнагарод удастоеныя:

Ірына Праваторава–урач лабараторнай дыягностыкі лабараторыі вірусалагічных даследаванняў і дыягностыкі ВІЧ/СНІД лабараторнага аддзела Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Яна з’яўляецца спецыялістам адной з першых рэгіянальных лабараторый, якая ўзяла на сябе асноўны аб’ём дыягностыкі новай для краіны інфекцыі;

Аляксей Піцукоў–фельчар падстанцыі № 4 Магілёўскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, які праявіў прафесіяналізм, аператыўнасць у прыняцці рашэнняў пры прыёме выклікаў і аказанні дапамогі пацыентам з COVID-19;

Наталля Паўчына – першы намеснік генеральнага дырэктара Магілёўскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя», якая ўнесла вялікі ўклад у справу лекавага забеспячэння насельніцтва вобласці, арганізацыю своечасовай і якаснай пастаўкі неабходных лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння ў аптэкі і ўстановы аховы здароўя ў перыяд распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі;

Алена Чачура–галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі спецыялізаванай і першаснай медыцынскай дапамогі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама, якая забяспечыла маштабную і аператыўную працу па перапрафіляванні і ўкараненні арганізацыйных тэхналогій працы амбулаторна-паліклінічнага звяна вобласці з мэтай аказання дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй.

Алена Маркевіч–урач-акушэр-гінеколаг (загадчык) жаночай кансультацыі Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі, якая прыняла непасрэдны ўдзел у прафілактыцы распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі і аказанні медыцынскай дапамогі цяжарным з СОVID-19;

Аляксандр Янушкевіч – урач-статыстык (загадчык) арганізацыйна-метадычнага кабінета Магілёўскага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера, які ўнёс асабісты ўклад у аказанне медыцынскай дапамогі пацыентам з пнеўманіямі каранавіруснай этыялогіі.

Таксама Ганаровай граматы Магілёўскага аблвыканкама ўдастоена аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі Магілёўскай бальніцы № 1 за плённую працу, высокі прафесіяналізм, асабісты ўклад спецыялістаў у аказанне медыцынскай дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй. Узнагароду прымаў загадчык аддзялення ўрач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Валерый Кананкоў. Як расказаў спецыяліст у гутарцы з журналістамі, з падобнай эпідэміялагічнай сітуацыяй медыкі ўжо сутыкаліся, і атрыманыя тады веды дазволілі да цяперашняга выкліку падысці гатовымі. «Мы прыкладна ўяўлялі, пра што будзе ісці гаворка, ступень нагрузкі, якая на нас ляжа, – адзначыў Валерый Кананкоў. –Асабіста мне здаецца, што найлепшая рыса, якая дапамагае справіцца з цяжкасцямі ў любой сітуацыі, гэта пачуццё гумару. А яшчэ важна, якая каманда. Адзін чалавек не здольны нешта сурёзна змяніць. Асобны чалавек, канечне, можа надаць станоўчыя нюансы справе, але добры вынікгэта праца калектываў і цэлых галін».

За высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў і асабісты ўклад у арганізацыю спецыялізаванай медыцынскай дапамогі жыхарам рэгіёна Ганаровую грамату Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў атрымаў урач-рэнтгенолаг (загадчык) рэнтгенаўскага аддзялення Магілёўскай бальніцы № 1 Аляксей Бабкоў. Аддзяленне працуе з высокай нагрузкай. Сярэдняя колькасць даследаванняў на камп’ютарным тамографе–парадку 50 за суткі, рэнтгенаўскіх–каля 200. Гэтай жа ўзнагароды ўдастоены ўрач-эпідэміёлаг, загадчык аддзялення асабліва небяспечных інфекцый аддзела эпідэміялогіі Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алег Амельяновіч, які забяспечыў эфектыўны эпідэміялагічны нагляд, які дазволіў на працягу першых сутак устанаўліваць кантакты хворых, зводзячы да мінімуму распаўсюджванне інфекцыі.

 «Вы працуеце сёння ў няпростых умовах, адказна выконваючы свой абавязак, – адзначыла намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык. – Пашана і павага кожнаму, надзейнага тылу ў сям’і».

Словы падзякі на адрас медыцынскіх работнікаў рэгіёна накіраваў і начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў. «Здароўе – такая рэч: калі яно ёсць – не шануюць, а калі губляюць, складана знайсці. Але агульнымі намаганнямі мы стараемся фарміраваць аўру цеплыні і дабра вакол нашых пацыентаў».

Ён падкрэсліў, што ўсе прысутныя сёння ў зале прымаюць актыўны ўдзел у захаванні і аднаўленні здароўя жыхароў Прыдняпроўскага краю. Аднак добрая праца – гэта вынік сумесных намаганняў, да якіх падчас форс-мажорных абставінаў актыўна падключаецца выканкам. Не толькі рашучыя дзеянні медыкаў дапамагаюць спраўляцца з цяжкасцямі, але і дальнабачныя дзеянні ўлады. Асіповіцкая бальніца, уведзеная ў эксплуатацыю зусім нядаўна, дала магчымасць паспяхова спраўляцца з інфекцыяй у раёне абслугоўвання медустановы. Многіх праблем дазволіла пазбегнуць хуткае разгортванне кропак кіслароду па ўсіх раёнах. У барацьбе з каранавірусам дапамагаюць сродкамі абароны і антысептыкамі прадпрыемствы. У іх ліку «Стужка», «Магатэкс»,«Славянка»,«Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод». Своечасова пастаўлялі медыкаменты і медабсталяванне «Фармацыя» і «Медтэхніка».

«Дзякуй усім вам за супольную працу. Калі былі б паасобку, здарылася б, як з разжатымі пальцамі адной рукі, а сабраныя ў кулак – маем добры вынік», – падсумаваў Аляксандр Старавойтаў. Ён уручыў галоўнай медыцынскай сястры Магілёўскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансера, галоўнаму пазаштатнаму спецыялісту па працы з сярэднім медперсаналам галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Таццяне Пашкевіч і галоўнай медыцынскай сястры Магілёўскай інфекцыйнай бальніцы Юліі Раентовіч ганаровыя граматы Міністэрства аховы здароўя Беларусі. За дасягненне высокіх вынікаў у працы, прафесіяналізм, праяўлены ў арганізацыі і аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй, працавітасць і вернасць прафесіі Ганаровай граматай Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя і абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя адзначаны намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Магілёўскай бальніцы № 1 Аляксей Шчарбінскі.

«За руціннымі медыцынскімі дзеяннямі крыецца каласальная і адчувальная дапамога абласнога кіраўніцтва, – сказаў спецыяліст. –Бесперабойнае забеспячэнне лекамі, медтэхнікай, сродкамі індывідуальнай абароны, факт змененага матэрыяльнага стымулявання дапамагаюць больш упэўнена і аптымістычна глядзець наперад і перажыць цяжкасці, дазваляюць псіхалагічна камфортна ажыццяўляць прафесійныя абавязкі медыкам любога ўзроўню. Нашы сумесныя дзеянні, скаардынаваная праца даюць людзям надзею і здароўе, тым самым робяць краіну лепшай».

Асаблівую важнасць суладнай каманднай працы ў барацьбе з інфекцыяй адзначыў і намеснік Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. «Падтрымка кіраўніка дзяржавы, сфарміраваная ў савецкі час сістэма аховы здароўя, захаванне кадраў, ложкавых магутнасцяў – усё гэта дало магчымасць сустрэць выклік узброенымі, – падкрэсліў ён. –Мы бачым вынік. Пандэмія ідзе на спад. Многія кажуць, што нашай вобласці пашанцавала – захворванне невысокае. Але гэта не шанцаванне. Гэта велізарная праца па прафілактыцы, у якую ўключаны ўсе, у тым ліку ЖКГ, гандаль, што скараціла пляцоўкі магчымай перадачы віруса. Сёння мы кажам дзякуй усім, хто ўключаны ў гэтую барацьбу. І гандлёвым сеткам, і прадпрымальнікам, якія купляюць ваду. Не таму, што ў нас яе няма. Гэта агульнае імкненне грамадства дапамагчы і аказаць садзейнічанне».

Дарэчы, пацвярджэннем сказанаму стаў падарунак, зроблены ТАА «Еўрагандаль». Старшыня савета дырэктараў кампаніі Аляксандр Ліцвін і генеральны дырэктар Андрэй Зубкоў уручылі вобласці сертыфікат на Br100 тыс. Сродкі пойдуць на аснашчэнне новым абсталяваннем рэанімацыйнага аддзялення Магілёўскай бальніцы № 1, якая пакуль перапрафілявана для прыёму пацыентаў з COVID-19, з пнеўманіямі і вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі.

 

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая