RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскім раёне будуць шукаць астанкі герояў, якія не вярнуліся з вайны

Пошукавыя работы пачнуцца сёння ў Магілёўскім раёне. Каля вёскі ДАІ, у раёне помніка батальёну міліцыі пад камандаваннем капітана Уладзімірава, байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Мінабароны сумесна з супрацоўнікамі абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» і курсантамі Магілёўскага інстытута МУС адправяцца на пошукі невядомых пахаванняў салдат часоў Вялікай Айчыннай вайны, над якімі ні крыжоў, ні абеліскаў.

Каля вёскі ДАІ, дзе ў ліпені 1941-га праходзіў адзін з рубяжоў гераічнай абароны горада, назаўжды застаўся амаль увесь батальён міліцыі капітана Уладзімірава. Дзякуючы актыўнай і карпатлівай працы пошукавікаў, якія не раз працавалі ў вёсцы ДАІ, у архівах, удалося ўстанавіць толькі чатыры дзясяткі імёнаў герояў. А было іх каля 250.

«Устанавіць імёны герояў складана, – тлумачыць кіраўнік Магілёўскага абласнога патрыятычнага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. – Спісу асабовага складу батальёна міліцыі не захавалася: міліцыянеры, супрацоўнікі НКУС былі засакрэчаныя. Дакладна адно: батальён сфарміравалі 11 ліпеня 1941-га па вусным загадзе начальніка Магілёўскага гарнізона палкоўніка Ваяводзіна – у дапамогу 172-й стралковай дывізіі, якая абараняла горад. Ён складаўся з трох рот: работнікаў Магілёўскага абласнога ўпраўлення міліцыі і курсантаў мясцовай міжкраёвай школы НКУС-НКДБ, курсантаў і выкладчыкаў Мінскай і Гродзенскай школ міліцыі. Батальён заняў пазіцыі ў раёне вёсак Старое Пашкова і ДАІ – на адным з самых цяжкіх участкаў абароны горада. На гэтай вышыні міліцыянеры амаль тыдзень прыкрывалі подступы да Магілёва і чыгуначны вузел з боку Шклоўскай шашы. Не раз праціўнік спрабаваў авалодаць вышынёй. Беспаспяхова. У апошнім баі паранены ў галаву і нагу Уладзіміраў падняў рэшткі батальёна ў контратаку. І яны пайшлі – 30-50 чалавек, большасць – параненыя... Выжылі прыкладна 19...».

Астанкі тых, хто застаўся тут назаўжды, а ў іх ліку і загінулы капітан Уладзіміраў, удастоены гэтага звання ўжо пасля вайны, пасмяротна, і будуць шукаць.

Пошукавікі упэўнены: на гэты раз пошукі абавязкова будуць паспяховымі. «Палі ля абеліска пераараныя, і мясцовыя старажылы, якія асабіста хавалі ў гады вайны байцоў, ужо не могуць назваць дакладнае месца, дзе менавіта тыя безыменныя магілы. А пахаванняў тут павінна быць нямала, – удакладняе Мікалай Барысенка. – Але цяпер у нас на руках ваенныя архіўныя дакументы – кадры аэрафотаздымкі, якую немцы рабілі з самалётаў у 1941-м. На іх адзначаны ўсе пахаванні, так што працаваць будзе прасцей. А набыць здымкі нам дапамог Магілёўскі аблвыканкам».

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая