RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскім раёне рэканструявалі баі 1944 года за вызваленне вёскі Буйнічы

На мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле» сёння раніцай прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя 79-й гадавіне абароны Магілёва. Ускласці кветкі да капліцы на святым для кожнага жыхара Прыдняпроўскага краю месцы прыйшлі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч, кіраўнікі горада і вобласці, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, сілавых структур, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, моладзь.

23 дні абараняўся Магілёў у цяжкім, суровым 1941-м. На будаўніцтве абарончых збудаванняў вакол горада штодня працавала 30–40 тыс. гараджан. За кароткі тэрмін быў пракапаны супрацьтанкавы роў даўжынёй 25 км, пабудаваныя бліндажы, дзоты, траншэі, устаноўлены мінныя супрацьпяхотныя і супрацьтанкавыя палі, на вуліцах – барыкады, у дамах устаноўлены кулямётныя агнявыя кропкі. Толькі за 10 дзён баёў, па звестках штаба 172-й стралковай дывізіі, пад камандаваннем генерал-маёра Міхаіла Раманава, на якога ўскладалася абарона горада, было адбіта 27 варожых нападаў, падбіта і спалена 179 танкаў і бронетранспарцёраў, захоплены 2 танкі, 12 мінамётаў, 25 кулямётаў, узята ў палон 600 і знішчана не менш за 4 тыс.салдат і афіцэраў праціўніка.

Узяўшы 26 ліпеня 1941 года Магілёў, гітлераўцы стварылі пяць лагераў смерці, устанавілі жорсткі акупацыйны рэжым, які працягваўся да 28 чэрвеня 1944 года. Абласны цэнтр вызвалілі за 23 гадзіны. За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў гэтай аперацыі, 28 савецкіх воінаў удастоена звання Героя Савецкага Саюза, 21 часці і злучэнню, якія вызначыліся пры вызваленні горада, прысвоена ганаровая назва «Магілёўскіх». 

Падчас вызвалення Магілёва каля вёскі Буйнічы здзейснілі гераічны подзвіг воіны 139-й стралковай дывізіі. Пад ударамі Чырвонай Арміі нямецкія войскі працягвалі адыходзіць на захад. Выхад з гэтага становішча нямецкае камандаванне бачыла ў пераходзе да стратэгічнай абароны на рубяжы Дняпра, так званым «Усходнім вале». 364-му стралковаму палку дывізіі трэба было фарсіраваць раку ў раёне вёскі Буйнічы. Лейтэнант Іван Мяльноў з шасцю байцамі сваёй роты на падручных сродках першымі пераадолелі водную перашкоду і знішчылі на правым беразе ракі агнявыя кропкі праціўніка, забяспечыўшы пераправу свайго батальёна. Пасля гэтага група Мяльнова ўварвалася ў Буйнічы і на адным з дамоў узняла сцяг, чым прывяла немцаў у замяшальніцтва і натхніла байцоў Чырвонай Арміі.

Менавіта гэту карціну ваенных падзей і аднавілі сёння на Буйніцкім полі: тут, як у 1944-м, змагаліся салдаты, грымелі выбухі і пахла порахам. Ад выніку гэтага бою залежала поўнае вызваленне Магілёва. Усім воінам групы Мяльнова было прысвоена высокае званне Герояў Савецкага Саюза.

   

            

«Буйніцкае поле–месца нашай памяці і смутку, бяспрыкладнай мужнасці і гераізму, нацыянальнага гонару і вайсковай славы, – адзначыў Андрэй Кунцэвіч. – Тут няма патрэбы шмат расказваць аб той вайне. Дастаткова ўчытацца ў радкі на мемарыяльных плітах, прыгледзецца ў застылыя барэльефы і эспанаты, услухацца ў пранізлівыя гукі метранома –і ты разумееш, што гэта сапраўды святое месца для кожнага, хто шануе і памятае вялікі подзвіг савецкага салдата».

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў важнасць таго, што мемарыяльны комплекс развіваецца, пастаянна папаўняючы сваю прастору новымі формамі і памятнымі аб’ектамі. І няма сумнення, што адноўлены намаганнямі шклоўскіх рэканструктараў самаходны знішчальнік танкаў выдатна дапоўніць кампазіцыю ўзораў баявой тэхнікі і будзе такім жа прыцягальным месцам для тысяч экскурсантаў.

«Мне цяжка сказаць, якім гэты мемарыял уяўляў сабе праз дзесяцігоддзі вядомы савецкі пісьменнік Канстанцін Сіманаў, але няма сумненняў тым, што ён бачыў яго месцам, куды прыходзяць людзі. І, мяркую, па-іншаму і быць не можа ў Беларусі, дзе за вызваленне ад фашызму заплачаны неймаверна высокі кошт –жыццё кожнага трэцяга яе жыхара», – канстатаваў Андрэй Кунцэвіч.

У барацьбе за Магілёў вораг страціў больш за 6 тыс. салдат і афіцэраў забітымі і каля 3,5 тыс. палоннымі. «Памяць аб мужнасці герояў назаўжды застанецца ў сэрцах людзей, – адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц,– бо ўсе яны вылучаліся нязломнай воляй да перамогі, духам патрыятызму, асабістай мужнасцю і доблесцю». 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая