RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва рэгіёна з Еўрасаюзам

У горадзе на Дняпры сёння прайшла інфармацыйная сустрэча «Супрацоўніцтва ЕС–Беларусь: Магілёўская вобласць». Абмяркоўваліся дзелавыя кантакты паміж нашай краінай і Еўрасаюзам і, вядома, мясцовыя ініцыятывы ў самых розных сферах. Пунктаў судакранання нямала: рэгіянальнае развіццё, ахова навакольнага асяроддзя, прасоўванне малога бізнесу і турызму, здароўе і сацыяльная інтэграцыя, новыя магчымасці для моладзі. У палілогу прымалі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса Польшчы, Румыніі і Эстоніі, органаў мясцовага кіравання, арганізацый грамадзянскай супольнасці, дзяржаўных устаноў.

Напярэдадні ў Магілёўскім аблвыканкаме кіраўнік рэгіёна Леанід Заяц і кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель абмеркавалі вынікі ўжо завершаных сумесных праектаў і вызначылі кірункі супрацоўніцтва на перспектыву.

Паводле слоў госця, паміж ЕС і Магілёўскай вобласцю–вялікі патэнцыял у развіцці партнёрскіх узаемаадносін. Сёння агульныя напрацоўкі з нашай краінай ёсць у сферах эканомікі, энергетыкі і транспарту, рэалізуюцца праекты па трансгранічным супрацоўніцтве, па падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу. «Хацелася б, каб наша партнёрства умацоўвалася і развівалася ў рэгіёнах. Мы традыцыйна добра працуем з малымі ініцыятывамі на месцах. Вынік ёсць. Узмацненне гэтага сектара вельмі важнае для развіцця эканомікі, бо Беларусь–гэта не толькі Мінск. Таму разлічваем на адкрыты абмен думкамі з прадстаўнікамі ўлад, бізнесу і арганізацый грамадзянскай супольнасці».

У цэлым, са слоў Дзірка Шубеля, з 2016 года пакет дапамогі Беларусі з боку ЕС склаў 31 млн еўра. Гэта ў два разы больш, чым у папярэднія гады. ЕС і Беларусь вядуць рэгулярны дыялог па шырокім коле пытанняў. Зусім нядаўна былі завершаны перамовы па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Акрамя гэтага, наша краіна зараз можа супрацоўнічаць з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, а ўзаемадзеянне з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця значна пашырылася. Таксама Беларусь выкарыстоўвае твінінг-інструмент, які дазваляе дзяржаўным ведамствам напрамую супрацоўнічаць з калегамі ў краінах ЕС для вырашэння канкрэтных актуальных задач.

Магілёўская вобласць–актыўны ўдзельнік праектаў, што фінансуюцца Еўрапейскім Саюзам. Як паведаміў падчас інфармацыйнай сустрэчы ў Палацы культуры вобласці старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык, за апошні час пры падтрымцы ЕС на тэрыторыі рэгіёна рэалізаваны шэраг ініцыятыў на суму, якая перавышае 2 млн. еўра. Толькі ў 2013–2018 гадах па праграме «Падтрымка рэгіянальнага і мясцовага развіцця ў Беларусі» было падтрымана 30 ініцыятыў у Чавусах, Краснаполлі, Клічаве, Слаўгарадзе, Дрыбіне. Гэтыя населеныя пункты атрымалі больш за 700 тыс. еўра. Акрамя таго, Хоцімскаму ЖКГ пастаўлена абсталяванне для паасобнага збору смецця, а для тураб’екта «Блакітная крыніца» – аўтаномная сонечная электрастанцыя. Распрацаваны і падтрыманы ў рэалізацыі турыстычны пакет для Мсціслава.

 

Як расказала прадстаўніца ЕС у Беларусі Алена Ракава, з лютага 2019 года стартаваў чарговы маштабны праект «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», разлічаны да 2024 года. Ён закранае 12 пілотных раёнаў краіны. У нашай вобласці выбраны два–Быхаўскі і Клічаўскі, якія могуць атрымаць да 900 тыс. еўра на ажыццяўленне рознага роду ініцыятыў, у тым ліку на развіццё мікра-, малых і сярэдніх прадпрыемстваў, метадычныя распрацоўкі эканамічнага характару, стартапы, сацыяльныя праекты. Дарэчы, ужо вядома, што ў Быхаве 100 тыс. еўра накіруюць на падтрымку Цэнтра прадпрымальніцтва.

У наступным годзе таксама будзе запушчана праграма рэгіянальных інвестыцый і канкурэнтаздольнасці ў Беларусі да 2024 года. Яе агульны бюджэт–18 млн. еўра. Тут вызначаны тры пілотныя рэгіёны: Магілёў, Віцебск і Гомель. Мэта–падтрымаць устойлівае эканамічнае развіццё праз глыбокі аналіз патэнцыялу названых абласцей, іх спецыялізацыі.

Акрамя буйных праектаў, у Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ёсць невялікія, з бюджэтам ад 500–700 тыс. еўра, адзначыла Алена Ракава. Літаральна ўчора была завершана адна з такіх ініцыятыў: на базе Чавускага ЖКГ урачыста адкрылі новы дыспетчарскі цэнтр. Гэта адзін з фінальных этапаў інавацыйнага праекта «Сістэма аўтаматызацыі працэсу ўліку выдаткаванай энергіі і вады: беражыце ваду». Ён прадугледжвае ўкараненне СМАРТ-сістэмы, якая каардынуе спажыванне вады, цяпла і электраэнергіі аб’ектамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі горада. У выніку–эканомія вады і цяпла як у жылым сектары, так і на вытворчасці, скарачэнне іх страт пры транспартоўцы і выкідаў парніковых газаў пры зніжэнні энергазатрат. Так, прагназуецца памяншэнне выкідаў парніковага газу CO2 ва ўсім раёне на 2,8%, чакаецца рост эфектыўнасці ачысткі сцёкавых вод у 2 разы.

Два буйныя гранды ЕС атрымаў Слаўгарад. Тут рэалізуецца праект МОСТ, накіраваны на развіццё тэрыторыі заказніка «Слаўгарадскі», дзе плануецца адкрыць рэгіянальны бізнес-цэнтр для навучання і паўсядзённага суправаджэння прадпрымальнікаў, стварыць турыстычную інфраструктуру (маршруты, кемпінгі, стаянкі, вышкі і г. д.). Сумесна з Быхаўскім, Клічаўскім, Краснапольскім, Чэрыкаўскім райвыканкамамі і Міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторый Слаўгарадскі райвыканкам увасабляе ў жыццё праект «Сеткавае ўзаемадзеянне для паляпшэння магчымасцей занятасці ў сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці».

Магілёў стаў чацвёртым горадам, у якім прайшлі рэгіянальныя інфармацыйныя сустрэчы па ініцыятыве прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза: у 2019 годзе вынікі супрацоўніцтва ЕС–Беларусь былі падведзеныя ў Брэсце, Гродне і Віцебску. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся аб кансультацыях для малога бізнесу ў Беларусі, магчымасцях працаўладкавання ў сельскай мясцовасці Магілёўскай вобласці. Эксперты праекта «Экаманіторынг» прадставілі інструменты для больш актыўнага ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў рэалізацыі экалагічнай палітыкі. Таксама быў прадстаўлены агляд вынікаў ініцыятывы «Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі» ў рэгіёне і Беларусі ў цэлым. Дарэчы, у Магілёўскай вобласці ўдзельнікамі гэтай еўрапейскай ініцыятывы ўжо сталі Магілёў, Бабруйск, Быхаў, Краснаполле, Клічаў, Мсціслаў, Асіповічы, Слаўгарад, Чавусы. Гэтыя населеныя пункты добраахвотна прынялі абавязацельствы па правядзенні на мясцовым узроўні мерапрыемстваў па зніжэнні выкідаў СО2 на 30% да 2030 года.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая