RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве на плошчы Леніна ўстанаўліваюць галоўную навагоднюю ёлку вобласці

У Магілёве на плошчы Леніна ўстанаўліваюць галоўную навагоднюю ёлку вобласці. Яе асновай традыцыйна стане металічная канструкцыя са зборных модуляў, перадае карэспандэнт сайта.

Вышыня навагодняй прыгажуні разам з верхняй ялінкай і зоркай складзе прыкладна 35–37 м. Дыяметр унізе – каля 10 метраў.

Ёлка хоць і зборная, але натуральная. Канструкцыю аформяць жывымі ёлкамі, якія замест лапак уставяць у спецыяльныя раз’ёмы.

Упрыгожаць навагоднюю прыгажуню вялікія гірлянды. Яны будуць аўтаматычна пераключацца і мяняць колер.

Над знешнім выглядам ёлкі на плошчы Леніна штогод «калдуе» вялікая колькасць спецыялістаў гарадскога дарожна-маставога прадпрыемства, «Магілёўтэхмантажа», «Магілёўзелянгаса», «Гарсвятла», бо менавіта тут праходзіць афіцыйнае адкрыццё навагодніх і калядных мерапрыемстваў у горадзе Магілёве і вобласці. Гэтым разам цырымонія запальвання агнёў запланаваная на 11 снежня.

Ёлка ўпрыгожыць плошчу да 14 студзеня, пасля чаго яе дэмантуюць.

Вялікія жывыя і штучныя прыгажуні ўжо можна ўбачыць і на іншых пляцоўках Магілёва,  дзе плануецца праводзіць навагоднія мерапрыемствы.

Так, на мінулым тыдні ёлку ўстанавілі каля УАЗ «Магілёўскі абласны лячэбна-дыягнастычны цэнтр». У навагоднюю ноч усіх жыхароў абласнога цэнтра з 1.00 да 4.00 тут чакае танцавальна-забаўляльная праграма «З новым шчасцем!».

Святочны настрой стварае ёлка на плошчы Зорак.

Невялікую штучную ялінку размясцілі на плошчы Славы.

Дарэчы, купіць галоўны сімвал навагодніх святаў можна будзе на спецыяльных базарах, якія запрацуюць у Магілёве з 23 снежня. Гандаль пройдзе больш чым на 20 пляцоўках горада. Рэалізоўваць жывыя ёлкі, сосны, букеты і навагоднія дрэвы ў кадках плануюць лясгасы рэгіёна, Магілёўзеленбуд і ІП. Кошты ад леташніх будуць адрознівацца нязначна. 

Причым некаторыя лясгасы ўжо разгарнулі продаж.

Шырокім асартыментам штучных ёлак, а таксама навагодніх упрыгожванняў ужо прапаноўваюць многія буйныя крамы і гандлёвыя цэнтры.

УВАГА:

У 20-х чыслах снежня дзяржаўная лясная ахова пераходзіць на ўзмоцнены рэжым працы. Таму, каб пазбегнуць непаразуменняў, набываючы навагодняе дрэва, захоўвайце дакумент аб аплаце да самага дома.

Памятайце, што самавольная незаконная высечка ёлкі (сасны) цягне пакаранне ў выглядзе штрафу да 50 базавых велічынь для фізічных асоб, да 200 базавых велічынь на індывідуальнага прадпрымальніка, да 300 базавых велічынь на юрыдычную асобу, у адпаведнасці з артыкулам 15.22 кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Акрамя гэтага, за кожнае ссечанае навагодняе дрэва вінаватыя абавязаны будуць пакрыць шкоду, прычыненую навакольнамуу асяроддзю. Больш за тое, калі незаконна ссечаныя дрэвы атрымалі механічныя пашкоджанні або страцілі эстэтычныя якасці, у сувязі з чым іх немагчыма выкларыстаць для законнай рэалізацыі, да сумы штрафу дададуць яшчэ адну базавую велічыню за кожнае дрэва.

Вольга Емяльянава, фота Галіны Гаўрыловіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая