RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве на тэрыторыі СШ № 46 адкрылі новы басейн

У дні, калі Беларусь святкуе Дзень Незалежнасці, жыхары Магілёва па традыцыі атрымліваюць падарункі, дзякуючы якім горад становіцца больш прыгожым і камфортным.

Зусім нядаўна, 1 верасня 2019 года, празвінеў першы званок у сярэдняй школе № 46 мікрараёна Казіміраўка. А сёння на тэрыторыі, прылеглай да навучальнай установы, адкрылі басейн.

Па сутнасці, новы аб’ект з’яўляецца спартыўным комплексам. Тут ёсць басейн з дзвюма чашамі–вялікай на 7 дарожак па 25 метраў і малой для навучання плаванню дзяцей, трэнажорная зала і зала для заняткаў фітнесам, сухі басейн, метадычныя класы, буфет і адміністрацыйныя памяшканні. А побач з будынкам пабудаваны спартыўныя пляцоўкі для міні-футбола і валейбола.

Басейн будзе выкарыстоўвацца як вучэбная база сярэдняй школы. Таксама плануецца арганізаваць сеансы для ўсіх жадаючых, стварыць групы навучання плаванню дзяцей. Дарэчы, у новым басейне камфортна будзе і людзям з асаблівасцямі развіцця: ён забяспечаны пад’ёмнікам для інвалідаў. Устаноўлена сучасная сістэма водападрыхтоўкі: камп’ютар сам вызначае, калі патрабуецца фільтраванне.

Будаўніцтва аб’екта стартавала ў кастрычніку 2019 года. Спецыялісты будтрэста № 12 Магілёва працавалі ў двухзменным рэжыме, што дазволіла скараціць нарматыўныя тэрміны і ўзвесці басейн за 10 месяцаў. На працы было выдаткавана каля Br6,5 млн.

На ўрачыстае адкрыццё прадстаўнікі выканаўчай улады прыйшлі з падарункамі: перадалі школе камп’ютарную тэхніку і спартыўны інвентар, а будаўнікам, якія працавалі на ўзвядзенні басейна, уручылі ганаровыя граматы.

Беларусь па праву лічыцца спартыўнай краінай. Здароўе людзей, развіццё фізічнай культуры і спорту абвешчана прыярытэтным напрамкам сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы. Для гэтага будуюцца стадыёны, лядовыя палацы, тэнісныя корты, футбольныя манежы, басейны. Такія падарункі можна рабіць толькі ў свабоднай, дэмакратычнай краіне, падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.

Ён адзначыў, што мікрараён Казіміраўка самы малады ў горадзе. Сёння тут пражывае каля 32 тыс.чалавек. У перспектыве пры дадатковай забудове гэта колькасць можа павялічыцца да 50 тыс., таму было так важна развіваць інфраструктуру. За апошнія гады пабудаваны дзіцячы сад, сучасная школа. Неўзабаве прыме пацыентаў новая паліклініка. Органамі ўлады робіцца многае, каб юныя магілёўцы і старэйшае пакаленне былі здаровымі і фізічна развітымі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая