RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве пачалі будаваць кардыяхірургічны корпус абласной бальніцы

У азнаменаванне пачатку будаўніцтва кардыяхірургічнага корпуса Магілёўскай абласной бальніцы заклалі капсулу з пасланнем будучым пакаленням у першы камень падмурка. Ускрыць яе плануюць 30 сакавіка 2071 года ў гонар 100-годдзя бальніцы.

Урачыстае мерапрыемства стала часткай семінара-нарады «Аб развіцці аховы здароўя і эфектыўным выкарыстанні медыцынскіх рэсурсаў у Магілёўскай вобласці», які прайшоў сёння ў горадзе на Дняпры. Яго ўдзельнікі абмеркавалі праграму развіцця аховы здароўя рэгіёна на 2020–2025 гады.

Дакумент накіраваны на ўдасканаленне структуры кіравання, аптымізацыю аб’ектаў аховы здароўя з той мэтай, каб у далейшым аказваць прафесійную дапамогу людзям, падаўжаць іх жыцці, адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. «Дзякуючы кіраўніку дзяржавы і прадпрыемствам, якія падтрымалі ініцыятыву пералічэння 1,25% ад выручкі на ўзвядзенне аб’ектаў аховы здароўя рэгіёна, у мінулым годзе быў завершаны рамонт радзільні ў Магілёве, новага корпуса раённай бальніцы ў Асіповічах, адрамантаваны першы паверх дзіцячай бальніцы ў Глуску, – падкрэсліў губернатар. – Сёлета плануем увесці ў эксплуатацыю новую паліклініку ў мікрараёне Казіміраўка. Наспела сур’ёзная неабходнасць і ў кардыяхірургічным корпусе».     

Высокатэхналагічны цэнтр дазволіць удвая павялічыць колькасць аперацый, у тым ліку на адкрытым сэрцы. Зараз гэтая лічба набліжаецца да трохсот. Адпаведна, з уводам новага корпуса скароціцца час чакання аперацый да некалькіх месяцаў. На сённяшні дзень усё распісана да мая 2021 года.

Чатырохпавярховы будынак будзе адпавядаць усім сучасным стандартам. На цокальным паверсе размесціцца цэнтральнае стэрылізацыйнае аддзяленне, на першым–прыёмнае аддзяленне, дзе паток пацыентаў будуць дзяліць на тэрміновых і планавых. Тут жа ўсталююць рэнтгенаўскі апарат і ангіёграф. Паверхам вышэй – аддзяленне інтэнсіўнай кардыялогіі і трансплантацыі. На чацвёртым размесцяць рэанімацыю і аперацыйныя.

«У Магілёве цудоўныя кардыяхірургі, якія могуць рабіць значна больш і па якасці правядзення аперацый, і па аб’ёмах, – упэўнены галоўны пазаштатны кардыёлаг Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандр Мрочак. – Спадзяюся, са з’яўленнем дадатковых плошчаў і абсталявання яны выйдуць на новы ўзровень, змогуць праводзіць гібрыдныя аперацыі, якія не патрабуюць ускрыцця грудной клеткі. Калі аперацыя робіцца адкрытым спосабам–гэта велізарная рана, пасля якой пацыенты могуць знаходзіцца на лячэнні да паўгода. Гібрыдная хірургія, калі аднаму і таму ж хвораму адначасова робяць закрытае і адкрытае ўмяшальніцтва, – вяршыня сучаснай сасудзістай хірургіі. Не трэба вялікіх разрэзаў. Праз сасуды і артэрыі вен можна паставіць, напрыклад, клапан у сэрцы, стэнт-графт у аорту. Аперацыя будзе малаінвазіўнай і пацыент праз 2–3 дні адправіцца дадому».

У сваю чаргу намеснік міністра аховы здароўя Вячаслаў Шыла падкрэсліў, што пры аказанні экстранай дапамогі людзям з сардэчна-сасудзістай паталогіяй вельмі важная хуткасць. Не з кожнага пункта Беларусі можна дабрацца ў сталіцу за 120 хвілін, вытрымаўшы так званы залаты стандарт. Канцэпцыя па паляпшэнні даступнасці такой медыцынскай дапамогі закладзена па ўсёй краіне, таму цэнтры, падобныя Магілёўскаму, сёння будуюцца не толькі ў абласных гарадах, але і райцэнтрах колькасцю ад 80 тыс. чалавек.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая