RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве рыхтуюць спектакль «Зямля мая» памяці старшыні калгаса «Радзіма» ў Бялынічах

У Магілёве рыхтуюць паэтычны спектакль «Зямля мая» памяці старшыні Бялыніцкага СВК «Калгас “Радзіма”», заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Аляксандра Лапацентава, які ўзначальваў гаспадарку на працягу 40 гадоў. Прэм’ера адбудзецца 23 кастрычніка на сцэне Палаца культуры вобласці.

Аўтарам тэсту паэмы і музыкі выступіла Таццяна Шаўцова. Яна была асабіста знаёмая з сям’ёй Аляксандра Міхайлавіча і заўсёды захаплялася яго працавітасцю і адданасцю любімай справе. Адзін з самых яркіх дзеячаў сельскай гаспадаркі рэгіёна, граматны кіраўнік у свой час праславіў калгас «Радзіма» на ўсю краіну, ды і сам адзначаны мноствам заслужаных узнагарод, унесены ў Кнігу славы Магілёўшчыны. Пры ім прадпрыемства дасягнула істотных поспехаў і імкліва развівалася.

«Аляксандр Міхайлавіч Лапацентаў – дзіўны па ўнутранай сіле чалавек, які натхніў мяне напісаць гэты твор, – кажа Таццяна Шаўцова. – Больш за тое, ён вельмі блізкі мне па духу: я таксама нарадзілася і вырасла ў вёсцы, люблю і адчуваю родную зямлю, а таксама разумею, наколькі цяжка на ёй працаваць. Аднак паэма – не першы твор, прысвечаны яму. Спачатку я напісала песню «Вам, землякі», а ўжо пасля яе нарадзілася задума расказаць у вершах аб жыцці і працоўных подзвігах былога старшыні «Радзімы». У аснову леглі рэальныя факты біяграфіі, пачынаючы з дзяцінства і заканчваючы апошнімі гадамі яго жыцця. Многія моманты падказала яго жонка Валянціна Сцяпанаўна, якая са студэнцкіх гадоў была яго вернай спадарожніцай і апорай».

Сіламі і стараннямі Аляксандра Лапацентава ў гаспадарцы не толькі заваёўвалі працоўныя ўзнагароды і трымаліся высокіх паказчыкаў, але і стваралі максімальна камфортныя ўмовы для людзей, забяспечвалі высокі ўзровень заработнай платы і падтрымкі, развівалі сацыяльную інфраструктуру. Аляксандр Міхайлавіч абраны старшынёй калгаса ў 1981 годзе, ужо праз год у вёсцы Вішоў за сродкі гаспадаркі пабудаваны сельскі дом культуры на 250 месцаў, дзіцячы сад і машынны двор.

Пры фінансавай падтрымцы калгаса ў розныя гады тут адкрываліся розныя вытворчасці, МТФ, камбікормавы цэх, узведзена царква ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла, абсталявана дзіцячая пляцоўка, з’явіліся алея славы калгаса «Радзіма» і мемарыяльны знак у гонар галоўнага агранома. Усіх поспехаў і дасягненняў не пералічыць, аднак яны захаваліся ў памяці работнікаў і мясцовых жыхароў і да гэтага часу прыносяць карысць і радуюць навакольных.

«Акрамя самааддачы ў працы, Аляксандр Міхайлавіч здзейсніў яшчэ і вялікі чалавечы подзвіг, – падкрэсліла Таццяна Шаўцова. – За мужнасць і непахіснасць у барацьбе з хваробай у гаспадарцы яго называлі «Наш Мярэсьеў». Лёс яго быў вельмі няпросты, на долю гэтага чалавека выпала шмат выпрабаванняў: страціў нагу, зрок на адно вока, жыў без ныркі... Тым не менш, гэта яго гартавала і надавала сіл: усё стараўся рабіць для людзей, цалкам шчыраваў для іх на працы. Усе нягоды са здароўем ён перажываў стойка, без нараканняў, што заслугоўвала вялікай павагі і было для іншых прыкладам».

Па словах аўтара паэмы, кожны напісаны радок прайшоў праз яе сэрца і душу, таму атрымаўся вельмі кранальны і асабісты твор. Тым больш што гэта першы спектакль па яе творах. Таццяна Шаўцова сама стала ўладальніцай нялёгкага лёсу, а творчую іскру яна называе божым благаслаўленнем. Паэтычны дар прыйшоў да яе ў складаны час, калі ў мужа памёр брат і да трох сваіх дзяцей сям’я Шаўцовых ўзяла на выхаванне яшчэ трох пляменніц. У хвіліны, калі было невыносна і цяжка, яна знаходзіла аддушыну ў творчасці, хоць яе прафесія ніяк не звязана са сферай культуры: больш за 20 гадоў жанчына прапрацавала машыністам вежавага крана ў Магілёўскім будтрэсце № 12, а затым – аператарам заправачнай станцыі, дзе працуе і дагэтуль.

Пра такіх кажуць – сапраўдны самародак. У розныя гады Таццяна Мікалаеўна станавілася дыпламантам Пушкінскіх і Сіманаўскіх чытанняў, лаўрэатам абласнога этапу XII Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці «Не старэюць душой ветэраны». Таленавітая жанчына ўваходзіць у літаратурнае аб’яднанне «Ветэран», спявае ў народным ансамблі «Вераснёвіца», з’яўляецца салісткай студыі «Раманс», піша вершы і песні, яе творы ўвайшлі ў шэраг літаратурных зборнікаў.

На сцэне літаратурны твор, напісаны на беларускай мове, увасобяць акцёры народнага тэатра Палаца культуры вобласці. Прэм’ера паэтычнага спектакля «Зямля мая» адбудзецца 23 кастрычніка а 15.00. Уваход вольны.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая