У Магілёве стартавалі Сіманаўскія чытанні, розныя конкурсы, экскурсіі і акцыі пройдуць як у анлайн, так і ў афлайн-фармаце. Пра гэта расказалі ў Магілёўскім гарвыканкаме.
«Стартуюць Сіманаўскія чытанні 22 лістапада і працягнуцца да 26 лістапада. На працягу ўсяго тыдня ва ўстановах адукацыі пройдуць інфармацыйныя ўрокі, сустрэчы, чытанні, выставы дзіцячых малюнкаў і іншыя тэматычныя мерапрыемствы, прысвечаныя Канстанціну Сіманаву і 80-годдзю абароны Магілёва, – паведамілі арганізатары. – У бібліятэках горада будуць арганізаваны тэматычныя выставачныя экспазіцыі і інтэрактыўныя заняткі».
Ва ўстановах культуры і ўстановах адукацыі культурнага профілю адбудуцца канцэртныя праграмы і выставы дзіцячых малюнкаў. На літаратурную акцыю «Пісьменнік тыдня: Канстанцін Сіманаў» запрашаюць усіх жадаючых у Instagram-акаўнт дзіцячай бібліятэкі-філіяла № 9.
Як расказалі ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя К. Маркса, у 10.00 стартуе марафон чытання «Чытаем Сіманава», да яго далучацца ўстановы адукацыі і бібліятэкі горада. Зрэшты, марафон пройдзе і анлайн у сацыяльных сетках. Прэзентацыя медыярэсурсу «Інтэрактыўная карта. Там ішлі баі ў далёкім 1941-м» пачнецца а 15.00 у цэнтральнай гарадской бібліятэцы 24 лістапада. У гэты ж дзень у сацсетках арганізуюць квіз-тур «Погляд скрозь гады».
Літаратурна-музычную кампазіцыю «Так, мы жывём, не забываючы» рыхтуе Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж. Прадстаўленне адбудзецца 25 лістапада ў 13.30.
«Асноўным днём Сіманаўскіх чытанняў стане 26 лістапада. Адкрые мерапрыемствы ўскладанне кветак да каменя К. Сіманава, які размешчаны на Буйніцкім полі. Пасля гэтага ў Магілёўскім дзяржаўным прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя К. П. Арлоўскага ўрачыста адкрыюцца Сіманаўскія чытанні. Затым пачнецца ўзнагароджанне лаўрэатаў міжнародных літаратурных конкурсаў, прысвечаных памяці пісьменніка Канстанціна Сіманава», – адзначылі арганізатары.
Для ўдзельнікаў урачыстай цырымоніі арганізуюць экскурсію па музеі Канстанціна Сіманава, які размяшчаецца ў агралесатэхнічным каледжы. Фінальным мерапрыемствам Сіманаўскіх чытанняў стане круглы стол у фармаце відэаканферэнцыі, які пройдзе ў МДУ імя А. А. Куляшова. Удзельнікі абмеркавання – рэгіянальныя пісьменніцкія арганізацыі Беларусі і Расіі.
Упершыню Сіманаўскія чытанні прайшлі ў Магілёве ў 1985 годзе з удзелам класікаў беларускай і рускай літаратуры. З 2005 года творчае мерапрыемства ў абласным цэнтры праходзіць штогод.
Арганізатары мерапрыемства – Магілёўская гарадская арганізацыя «Рускае грамадства», Магілёўскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», Магілёўскае гарадское аб’яднанне «Рускае культурнае асветніцкае таварыства» пры падтрымцы Магілёўскага гарвыканкама.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
15.05.2025 - 12:12
Гэтыя кадры нельга забыцца. Выстава Ірыны Савасінай «Не згасае памяці свечка» ў Магілёве
15.05.2025 - 09:18
Стартуе прыём заявак на ўдзел у міжнародным фестывалі анімацыйных фільмаў «Анімаёўка»
14.05.2025 - 10:18
07.05.2025 - 14:56