RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У новым годзе ў Магілёве адкрыецца шэраг сучасных медыцынскіх устаноў

У горадзе актыўна абнаўляюцца ўстановы аховы здароўя: паліклініка № 3 у Казіміраўцы, дзіцячая паліклініка № 1 на вул. Язерскай, кардыятэрапеўтычны і кардыяхірургічны карпусы абласной клінічнай бальніцы. Віншуючы з Новым годам і іншымі святамі, прынята жадаць здароўя. Для магілёўцаў гэтае пажаданне дакладна збудзецца: у 2023 годзе ў шэрагу ўстаноў аховы здароўя чакаецца шмат «адкрыццяў», каб дапамога хворым была яшчэ больш аператыўнай, эфектыўнай і якаснай.

Самая сучасная ў рэспубліцы

Пандэмія наглядна паказала, што барацьба з інфекцыйнымі захворваннямі павінна выходзіць на новы ўзровень. Інфекцыйная бальніца ў Магілёве, пабудаваная ў 1960 годзе, хоць і выконвала ўскладзеныя на яе функцыі, але мела патрэбу ў значным абнаўленні. Таму было прынята рашэнне ўзвесці для патрэб Магілёўскай вобласці новы інфекцыйны корпус на тэрыторыі Магілёўскай бальніцы № 1. Медыкі кажуць, што такой сучаснай «інфекцыёнкі» у рэспубліцы пакуль больш няма.

– Ён пабудаваны па сучасных стандартах, – адзначае галоўны ўрач Магілёўскай бальніцы № 1 Аляксандр Басенка. – У новую бальніцу пераедуць інфекцыйныя службы адразу з трох бальніц абласнога цэнтра – гэта важны этап цэнтралізацыі інфекцыйных службаў горада. У шасціпавярховым будынку прадугледжаны інфекцыйны корпус на 180 ложкаў. Тут будуць два дарослыя і два дзіцячыя аддзяленні, рэанімацыя, аперацыйная, мікрабіялагічная лабараторыя, цэнтральнае сцерылізацыйнае і дэзынфекцыйныя аддзяленні, радзільная зала для пацыентак з інфекцыйнымі захворваннямі. Словам, усё, што дазволіць лячыць пацыентаў з інфекцыйнымі паталогіямі.

Кожная палата – бокс з асобным уваходам і шлюзамі. Індывідуальны доступ да кожнай палаты абумоўлены сучаснымі інфекцыйнымі патрабаваннямі, каб не было перасячэння пацыентаў з рознымі інфекцыямі. Гэта дазваляе аўтаматычна падзяляць тэрыторыю стацыянара.

А яшчэ ў распараджэнні ўрачоў будуць апараты КТ і МРТ, рэнтген-апарат і іншае дыягнастычнае абсталяванне. Да таго ж, уключанасць інфекцыйнага корпуса ў сістэму шматпрофільнай бальніцы дазволіць на працягу некалькіх хвілін выклікаць вузкага спецыяліста, калі будзе такая неабходнасць, а не транспартаваць пацыента ў іншую ўстанову аховы здароўя.

Сёння ў корпусе вядуцца зборка мэблі і мантаж медыцынскага абсталявання. Як гавораць урачы, сучаснае абсталяванне і добрая дыягнастычная база значна паскораць працэс абследавання хворых і пастаноўкі правільнага дыягназу. Адпаведна, хутчэй пачнецца лячэнне, павысіцца яго інтэнсіўнасць і скароцяцца тэрміны знаходжання пацыентаў у стацыянары. Медыцынская ўстанова таксама зможа аказваць неабходную дапамогу большай колькасці людзей.

Кошт праекта складае больш за 50 мільёнаў рублёў.

Меддапамога без чаргі

Анкалогія – адзін з напрамкаў у медыцыне, які найбольш хутка развіваецца. І ў Магілёўскім абласным анкадыспансэры ў рэжыме нон-стоп ўводзяцца новыя аб’екты і асвойваюцца інавацыйныя тэхналогіі. У 2010 годзе ў дыспансеры ўвялі ў строй радыелагічны корпус № 2 з двума лінейнымі паскаральнікамі, у 2012-м – адкрыты палатны корпус на 120 ложкаў. У 2015 годзе пачало функцыянаваць аддзяленне паліятыўнага лячэння (хоспіс), 2017-м – уведзены ў строй цэнтралізаваная цыталагічная лабараторыя і аперацыйны блок. Новы комплекс мае сучаснае абсталяванне, якое дазваляе выконваць працяглыя аперацыі з мінімальнымі нагрузкамі на арганізм, малаінвазіўныя ўмяшальніцтвы. Актыўна развіваецца відэаасіставаная хірургія, калі ўсе маніпуляцыі ў вобласці аперацыі можна рабіць праз невялікі разрэз.

Марфалагічны корпус з лабараторыямі для імунагістахімічных даследаванняў адкрыўся ў 2019-м. У мінулым годзе рэканструявана лабараторыя радыенукліднай дыягностыкі: новае абсталяванне дае максімальна дакладную карціну распаўсюджанасці вопухалевага працэсу.

Цяпер у анкадыспансеры ажыццяўляюцца дыягностыка злаякасных новаўтварэнняў, хірургічнае лячэнне пацыентаў з анкалагічнай паталогіяй, хіміятэрапеўтычнае, прамянёвае, паліятыўнае і сімптаматычнае лячэнне.

 – Зараз завяршаецца будаўніцтва новага радыелагічнага корпуса, – гаворыць галоўны ўрач Сяргей Батоўскі. – Гаворка ідзе аб дыстанцыйнай прамянёвай тэрапіі, у якой мае патрэбу каля 70% пацыентаў. Радыелагічны корпус унікальны і з пункту гледжання самога збудавання: таўшчыня сцен у бункерах – да чатырох метраў. Пры гэтым лячэнне з дапамогай новых лінейных паскаральнікаў і гама-ўстаноўкі для самога пацыента будзе мінімальна траўматычным, з падвядзеннем промня ў патрэбную кропку да міліметра, мінімізацыяй наступстваў для навакольных тканін і органаў, і сінхранізацыяй з дыханнем.

За год у медустанове такое лячэнне атрымлівае 1–1,5 тысячы чалавек, ліст чакання складае да двух месяцаў. Ён прыкметна скараціўся дзякуючы медыкам, якія сталі працаваць на дзве змены, пакуль не адкрыецца новы радыелагічны корпус. Ды і сама працэдура з увядзеннем у працу новага корпуса стане больш высокатэхналагічнай і хуткай па часе. Калі раней яна займала 20–25 хвілін на аднаго пацыента, то з новым абсталяваннем – каля 5 хвілін.

– У новым корпусе размесцяцца абсталяванне для правядзення прамянёвай тэрапіі і ультрагукавыя апараты для дыягнастычных і малаінвазіўных аперацый пад кантролем УГД. Зараз мы набываем абсталяванне, – дадаў ён. – У набыцці «цяжкай» тэхнікі – лінейных паскаральнікаў – аказвае дапамогу Міністэрства аховы здароўя.

У анкалагічным дыспансеры функцыянуюць два лінейныя паскаральнікі.

– З’яўленне новага радыелагічнага корпуса дазволіць ліквідаваць ліст чакання, – адзначыў галоўны ўрач.

Па словах Сяргея Батоўскага, агульны кошт новага аб’екта разам з абсталяваннем складае каля 50 мільёнаў рублёў.

Галоўная каштоўнасць – чалавек

У аснове дзяржаўнай палітыкі Беларусі заўсёды быў і застаецца чалавек. Інвестыцыі ў ахову здароўя – пераканаўчае таму пацверджанне. Падмурак будучага медыцынскага корпуса экстранай хірургіі кардыяцэрэбраваскулярнай паталогіі Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ўражвае: плошча – як у футбольнага поля: 50 на 100 метраў. Будынак будзе васьміпавярховым і заменіць старыя корпусы, якія ўжо знеслі. І гаворка ідзе не проста аб новых сценах і самым сучасным начынні.

У ім на высокакваліфікаваным і высокатэхналагічным узроўнях будуць лячыць пацыентаў з інсультамі розных відаў, праводзіць эндаваскулярнае пратэзаванне сардэчных клапанаў, займацца лячэннем парушэння сардэчнага рытму, а прымяненне малаінвазіўных тэхналогій дазволіць выконваць жыццёва важныя аперацыі на больш сучасным узроўні з мінімальнымі наступствамі для пацыента. Кошт новага корпуса складзе больш за 100 мільёнаў рублёў.

А яшчэ нядаўна гарадская бальніца ХМП атрымала статус клінічнай. На яе базе адкрыецца кафедра анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Новы лячэбны корпус пабудуюць і на тэрыторыі дзіцячай абласной бальніцы. Асноўнае яго прызначэнне – рэабілітацыя. Наяўнае аддзяленне рэабілітацыі сёння знаходзіцца ў прыстасаваным памяшканні. Калі планы ажыццявяцца, то дзіцячая абласная бальніца стане сучасным цэнтрам, дзе будуць усе віды лячэння – ад прафілактыкі да рэабілітацыі. У найбліжэйшы час пачнецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі.

 vestnikmogileva.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая