RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Палацы культуры вобласці прайшло мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю ўтварэння БССР

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, адбылося сёння ў Палацы культуры вобласці. У ім прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Мікалай Кароцін, Герой Сацыялістычнай Працы Аляксандр Байкоў, поўныя кавалеры ордэна Працоўнай Славы Людміла Палевіч, Ніна Пятрэнка, Зінаіда Моршчанка, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, прадстаўнікі гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў і саветаў дэпутатаў, грамадскіх арганізацый, ветэраны працы Магілёўшчыны, моладзь.

Адкрываючы мерапрыемства, Дзмітрый Харытончык падкрэсліў, што ўтварэнне 1 студзеня 1919 года Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі з’явілася пачаткам рэальнага станаўлення беларускай нацыянальнай дзяржавы. Сінявокая ўпершыню здабыла ўсе асноўныя атрыбуты дзяржаўнасці: тэрыторыю з выразнымі межамі, адміністрацыйным дзяленнем, органы ўлады ў цэнтры і на месцах, уласную сістэму заканадаўства, міжнароднае прызнанне.

На працягу дзесяці стагоддзяў беларуская нацыя прайшла доўгі, няпросты, напоўнены мноствам слаўных і трагічных старонак шлях: ад фарміравання беларускага этнасу да свядомасці беларускай дзяржавы, дадаў Дзмітрый Харытончык. І толькі ў пачатку 20 стагоддзя ідэя самаарганізацыі беларускай этнічнай супольнасці ў дзяржаву авалодала дастаткова шырокім колам актыўнай часткі беларусаў. Гэта адбылося дзякуючы стваральнікам і аўтарам газеты «Наша ніва», намаганням выдатных паэтаў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа.

«Выхаду беларускага народа на шлях прагрэсіўнага развіцця спрыяла Кастрычніцкая рэвалюцыя. Па вялікім рахунку яна азначала практычную магчымасць рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці», – сказаў старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў.

Ён заўважыў, што самая важнаядля беларусаў падзея 1917 года – Першы Усебеларускі з’езд. Менавіта на ім была зроблена першая спроба стварэння Беларускай рэспублікі. Аднак па прычыне процідзеяння пэўных сіл яна не ўвянчалася поспехам.

І ўсё ж лідарам беларускай нацыі: Змітру Жылуновічу, Аляксандру Чарвякову, Язэпу Дылу –удалося рэалізаваць ідэю Беларускай Савецкай Рэспублікі. Менавіта пры актыўным удзеле вышэйназваных дзеячаў 30 снежня 1918 года дэлегатыVI Паўночна-Заходняйабласной партыйнай канферэнцыі, якая праходзіла ў Смаленску і абвясціла сябе I з’ездам кампартыі бальшавікоў Беларусі, прынялі рашэнне аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

1 студзеня 1919 года быў абнародаваны Маніфест Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі аб утварэнні тады Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. 3 лютага 1919 года была прынята першая Канстытуцыя ССРБ.

 

«У далейшым пад уплывам ваеннай абстаноўкі Маладая рэспубліка не раз мяняла межы, страчвала і зноў набывала тэрыторыі, але на палітычнай карце яна заставалася самастойным суб’ектам», – падкрэсліў Дзмітрый Харытончык.

У снежні 1922 года Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка стала адной з заснавальніц Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

У наступныя кароткія па гістарычных мерках тры дзясяткі гадоў савецкая дзяржава здолела паслядоўна правесці поўную ліквідацыю непісьменнасці і культурную рэвалюцыю, індустрыялізацыю і калектывізацыю. Яно стварыла баяздольную дзеючую армію, якая разграміла пасля гітлераўскі фашызм. Гэта перамога прынесла свабоду многім народам і дзяржавам.

Беларускі народ набыў павагу ва ўсім свеце гераічным супраціўленнем нямецка-фашысцкім акупантам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Беларуская ССР атрымала міжнароднае прызнанне, стаўшы адным з членаў-заснавальнікаў самага аўтарытэтнага аб’яднання міжнародных супольнасцяў – Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

«Цяжка пераацаніць значэнне падзей тых гадоў для Магілёўшчыны, – канстатаваў Дзмітрый Харытончык. – І сімвалічна, што сённяшняе ўрачыстае мерапрыемства праходзіць у дзень 81-й гадавіны ўтварэння нашай вобласці».
Жыхары Прыдняпроўскага краю з першых дзён заснавання Беларускай дзяржавы ўзяліся за аднаўленне разбуранай Першай сусветнай вайной гаспадаркі. Працоўны энтузіязм многіх рабочых і сялянскіх калектываў быў неверагодна высокі. Савецкія ордэны БССР і РСФСР за нумарам адзін былі ўручаны менавіта на Магілёўшчыне.

«Меліярацыя, калектывізацыя, стварэнне першай у Беларусі вышэйшай сельскагаспадарчай навучальнай установы ў Горках, будаўніцтва аб’ектаў у межах праекта пераносу сталіцы ў Магілёў, трохгадовы перыяд з моманту ўтварэння вобласці і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў адзначаны паскарэннем развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі, узнятым матэрыяльным і культурным узроўнем жыцця насельніцтва Магілёўскай вобласці, – адзначыў Дзмітрый Харытончык. – Але мірнае будаўніцтва абарвала Вялікая Айчынная вайна. Ужо ў першыя яе дні ярка выявілася сіла і мужнасць нашых землякоў. Подзвігі суайчыннікаў назаўсёды застануцца ў нашых сэрцах».

Магілёўская вобласць панесла найцяжэйшыя страты. Загінуў кожны трэці яе жыхар. За подзвігі ў гады Вялікай Айчыннай вайны 114 ураджэнцам рэгіёна прысвоена высокае званне – Герой Савецкага Саюза, а 23 сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы.

Адраджэнне народнай гаспадаркі запатрабавала ад жыхароў Прыдняпроўскага краю напружання ўсіх сіл. Прамысловасць Магілёўшчыны была адноўлена, і да 1951 года выпуск валавай прадукцыі перавысіў даваенны ўзровень на 6%, а ўзровень 1945-га – у 8 разоў.

Найбольш хуткімі тэмпамі развіваліся цяжкая, хімічная, паліўна-энергетычная галіны. Была таксама закладзена база гумовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці. Паступова ўмацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная аснова сельскай гаспадаркі.

1960–1980-я гады для Магілёўскай вобласці сталі часам нараджэння найбуйнейшых, цяпер вядомых прадпрыемстваў, рэканструкцыі і перааснашчэння дзеючых. За кароткі па гістарычных мерках перыяд рэгіён змог стаць высокаразвітым і індустрыяльным.

«Безумоўна, гэтаму ў значнай меры спрыяла самаадданая праца жыхароў Прыдняпроўскага краю, – падкрэсліў Дзмітрый Харытончык. – 113 Герояў Сацыялістычнай Працы выхавала магілёўская зямля. Сотні жыхароў вобласці ўдастоены найвышэйшых дзяржаўных узнагарод за працоўныя дасягненні».

1991 год адкрыў новую старонку ў гісторыі краіны. На карце свету з’явілася суверэнная незалежная дзяржава – Рэспубліка Беларусь. У аснову дзяржаўнай палітыкі быў пастаўлены чалавек з яго надзённымі праблемамі, жаданнем дастойна жыць і будаваць справядлівае грамадства. За гады незалежнасці Сінявокай Магілёўская вобласць выйшла на прынцыпова новыя рубяжы развіцця.

Дзмітрый Харытончык звярнуў увагу, што сучасная Магілёўшчына валодае значным шматгаліновым патэнцыялам. На долю Прыдняпроўскага краю прыпадае прыкладна дзясятая частка аб’ёмаў прамысловай і каля 15% сельскагаспадарчай вытворчасці краіны. Прадукцыя нашых прадпрыемстваў запатрабавана на рынках больш за 110 дзяржаў, развіваецца сацыяльная сфера, штогод уводзяцца ў эксплуатацыю значныя для рэгіёна аб’екты ў сферах аховы здароўя, адукацыі, спорту і культуры.

«Усе поспехі Прыдняпроўскага краю дасягнуты дзякуючы людзям, працавітым і мэтанакіраваным, – сказаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў. – Мы ганарымся поспехамі нашай моладзі, якая імкнецца да ведаў, актыўна ўдзельнічае ў жыцці краіны і рэгіёна, рыхтуецца ўзяць на сябе адказнасць за будучыню дзяржавы».

Дзмітрый Харытончык падзякаваў за добрасумленную працу ўсім, хто сваёй працай стварае аўтарытэт і славу вобласці. Ён пажадаў суверэннай Рэспубліцы Беларусь росквіту, жыхарам Магілёўшчыны моцнага здароўя і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Таксама старшыня абласнога Савета дэпутатаў уручыў заслужаным людзям Прыдняпроўскага краю памятныя юбілейныя медалі за шматгадовую, бездакорную працу, вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна і ў сувязі са святкаваннем 100-годдзя БССР. У ліку ўзнагароджаных Аляксандр Байкоў, Людміла Палевіч, Ніна Пятрэнка, Зінаіда Маршчанка, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Віктар Якімаў, Зінаіда Пянькова, Вера Касценка, Галіна Саўчанка, Георгій Маліноўскі і інш.

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі і шматдзетныя маці, якія, згодна з падпісаным ў канцы 2018 года указам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, удастоены ордэна Маці. Гэта Прадавец Шклоўскага магазіна крамы «Севан» прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «ОДЗУН» Юлія Пась, выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Ірына Лесюкова, медыцынская сястра Магілёўскай бальніцы №1 Ірына Магдалава, санітарка Магілёўскай абласной бальніцы Таццяна Якаўлева, загадчык гаспадаркі дзяржаўнай установы культуры «Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна» Наталля Казянцова.

Пра гісторыю Беларусі за мінулыя 100 гадоў з дня ўтварэння БССР прысутным у зале Палаца культуры вобласці распавёў святочны канцэрт, падмацаваны фота- і кінахронікай.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая