RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Рэспубліцы Беларусь Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа

У Беларусі сёння Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. У гэты дзень у краіне ўспамінаюць тых, хто цаной свайго жыцця выканаў абавязак па абароне Радзімы, усіх загінулых, закатаваных у фашысцкай няволі, памерлых у тыле ад голаду і нягод.

На досвітку 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія, парушыўшы Дагавор аб ненападзенні, пачала вайну супраць Савецкага Саюза. Пачалася рэалізацыя плана «Барбароса», згодна з якім нямецкае ваеннае кіраўніцтва разлічвала правесці вокамгненную вайну і адным ударам разграміць СССР.

На тэрыторыю Беларусі наступала самая магутная групоўка нямецкіх войскаў. Варожая авіяцыя бамбіла чыгуначныя вузлы, аэрадромы, а таксама Брэст, Гродна, Ваўкавыск, Баранавічы і іншыя беларускія гарады.

22 чэрвеня першымі рух на савецкай мяжы заўважылі пагранічныя нарады. Лінейныя заставы пагранатрадаў а 4.00 былі падвергнуты моцнаму артылерыйскаму і мінамётна-кулямётнаму абстрэлу. Пасля першых ашаламляльных залпаў, непазбежнай хвіліннай збянтэжанасці пачуліся галасы камандзіраў: «Застава, у ружжо!»

Пад прыкрыццём артылерыі нямецка-фашысцкія войскі пачалі фарсіраваць пагранічныя рэкі. Ад заходняга берага сталі адчальваць лодкі, плыты з пяхотай праціўніка, на ўсходні бераг пачалі выбірацца плаваючыя танкі, якія рушылі на ўсход, выходзячы да асноўных магістраляў і дарог. Для знішчэння пагранічных застаў былі выдзелены спецыяльныя атрады аўтаматчыкаў.

Ужо а 10.45 22 чэрвеня намеснік начальніка Заходняй памежнай акругі камбрыг Курлыкін дакладваў у штаб: «Баі ідуць па ўсім фронце, амаль ва ўсіх атрадах парушана сувязь, пагранічнікі змагаюцца да канца».

Стойкасць пагранічнікаў, іх масавы гераізм парушылі планы германскага камандавання, якое выдзеліла на падаўленне пагранічных застаў 30 хвілін. Гітлераўцы захапілі Брэст і цалкам акружылі крэпасць, аднак яе абаронцы аказалі ўпартае супраціўленне захопнікам. Асобныя групы савецкіх воінаў працягвалі змагацца ў крэпасці да 20-х чыслаў ліпеня 1941 года.

Магутнае супраціўленне сустрэлі нямецкія войскі і на поўдзень ад Брэста, дзе 22 чэрвеня 1941 года савецкая 75-я стралковая дывізія пад камандаваннем генерала Сямёна Іванавіча Нядвігіна сумесна з караблямі Пінскай ваеннай флатыліі ў раёне Маларыты спыніла наступленне 53-га нямецкага армейскага корпуса. Дзякуючы ўмелым дзеянням савецкай групоўкі на гэтым кірунку тры нямецкія дывізіі, у тым ліку танкавая, былі вымушаны 23–27 чэрвеня перайсці да тактыкі вядзення абарончых баёў.

У першыя дні вайны войскі Заходняга фронту вялі цяжкія абарончыя баі ў Беларусі, наносілі контрудары. Байцы Чырвонай Арміі прадэманстравалі бяспрыкладную мужнасць і самаадданасць, што прывяло да поўнага крушэння плана маланкавай вайны.

У гады вайны на франтах Вялікай Айчыннай змагалася больш за 1,3 млн беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Вайсковымі злучэннямі падчас вайны камандавала 217 генералаў і адміралаў-беларусаў. Імёны многіх нашых суайчыннікаў сталі легендарнымі, іх ведалі на ўсіх франтах. У баях пад Масквой вызначыліся Даватар, Лізюкоў, Сычэнка і многія іншыя. У адным з баёў на Курскай дузе лётчык Аляксандр Гаравец збіў дзевяць варожых самалётаў. Зінаіда Тусналобава-Марчанка вынесла з поля бою 128 параненых байцоў.

У гэтай вайне Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара – памяць пра іх будзе жыць вечна.

Усё больш і больш аддаляе нас час ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, але подзвігі загінулых у баях, смутак пра мільёны нявінных ахвяр і трагедыя акупацыі застаюцца ў свядомасці людзей старэйшага пакалення, захоўваюцца ў памяці іх дзяцей, унукаў і праўнукаў.

У Беларусі нямала зроблена для ўшанавання памяці аб загінулых, і гэта праца працягваецца. У 2016 годзе падпісаны указ «Аб ўвекавечанні памяці аб загінулых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах войнаў». У лютым 2021 года пастановай урада зацверджана дзяржаўная праграма «Ушанаванне памяці пра загінулых пры абароне Айчыны» на 2021–2025 гады.

Асноўнымі формамі ўшанавання загінулых падчас войнаў з’яўляюцца дзяржаўны ўлік, уладкаванне і ўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, пахаванняў ахвяр войнаў, унясенне даных у аўтаматызаваны банк даных «Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь», стварэнне музеяў, мемарыяльных комплексаў, устаноўка помнікаў і памятных знакаў, прысвечаных найважнейшым падзеям Вялікай Айчыннай вайны, прысваенне імёнаў загінулых пры абароне Айчыны геаграфічным аб’ектам і арганізацыям.

У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народу пройдзе рэспубліканская патрыятычная акцыя «Хвіліна маўчання» а 12.00.

У Магілёве на Буйніцкім полі адбылася патрыятычная акцыя «Звон смутку» . 

БЕЛТА, відэа ТРК «Магілёў»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая