RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У сельгаспрадпрыемствы Магілёўскай вобласці ў гэтым годзе прыйшлі 98 ветэрынараў і заатэхнікаў

У сельгаспрадпрыемствы Магілёўскай вобласці сёлета прыйшлі 98 ветэрынараў і заатэхнікаў пры запыце ў 250 маладых спецыялістаў такога профілю. І гэта яшчэ не канчатковая арыфметыка: мінус тыя, хто пасля абавязковай адпрацоўкі не застанецца ў прафесіі. Ветэрынары з 30‑гадовым стажам і маладыя спецыялісты падзяліліся сваім бачаннем шляхоў вырашэння кадравай праблемы.

Галоўны ветурач Дрыбінскага раёна Яўген Рабкавец – малады спецыяліст. Тры гады таму выпускнік Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны прыступіў да працы ў ААТ «Трылесіна-Агра» па мэтавым накіраванні, а год таму пайшоў на павышэнне. Амбіцыйны малады кіраўнік разважае аб сваіх задачах і прафесійных праблемах:

– Ветурачоў у раёне не хапае: на гэты год давалі заяўку на пяць спецыялістаў, на наступны – яшчэ на тры, але пакуль ніхто не прыехаў.

Яўген Рабкавец пералічвае фактары, якія, на яго погляд, уплываюць на непапулярнасць сярод моладзі прафесіі ветурача:

– Усім хочацца 8-гадзіннага працоўнага дня з перапынкам на абед. Але па факце гэта немагчыма: жывёлы хварэюць незалежна ад працоўнага графіка і выхадных. Да прыкладу, мае аднакурснікі працуюць удваіх у Гродзенскай гаспадарцы і маюць магчымасць змяняць адзін аднаго. Рашэнне праблемы камфортнага графіка працы – ва ўкамплектаванасці кадрамі. Вядома, вырашальны матыватар – зарплата. Маладому ветурачу ў нашых сельгаспрадпрыемствах могуць прапанаваць каля тысячы рублёў.

Жонка Яўгена таксама ветурач, цяпер у дэкрэтным. Яна атрымлівала адукацыю на платнай аснове, таму можа выбіраць сферу дзейнасці. Яўген Рабкавец лічыць, што ветурач – мужчынская прафесія:

– Гэта цяжкая праца, патрэбна фізічная сіла: паспрабуй утрымай тую карову. Напярэдадні ўступнай кампаніі з прадстаўніком ветэрынарнай акадэміі аб’язджалі школы, агітавалі выбраць гэтую прафесію. Дзеці па сваіх бацьках ведаюць, што праца ў сельскай гаспадарцы нялёгкая, усе імкнуцца ў горад. Таму неабходная матывацыя. Я чуў, што ў Віцебскай вобласці для маладых ветэрынараў і заатэхнікаў прадугледжаны важкія даплаты. З улікам недахопу і важнасці такіх кадраў трэба вырашаць кватэрнае пытанне, каб прапанова выглядала прывабнай. Уявіце, чалавек, які пяць гадоў жыў у інтэрнаце ў статусе студэнта, зноў атрымлівае ложка-месца.

Задача-мінімум для маладога галоўнага ветурача раёна – скарачэнне колькасці невытворчага выбыцця жывёлы. Станоўчая дынаміка ёсць. А задача-максімум – нарошчваць вытворчасць малака і мяса.

ДАВЕДКА

Даплаты маладым спецыялістам зааветслужбы ў Віцебскай вобласці, пра якія згадваў Яўген Рабкавец, дзейнічаюць з 1 сакавіка мінулага года. Ініцыяваная аблвыканкамам штомесячная бюджэтная выплата ў тысячу рублёў замацавана рашэннем абласнога Савета дэпутатаў. Як растлумачылі ў аддзеле кадраў камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама, для атрымання такога дадатку да зарплаты ёсць шэраг умоў для маладога спецыяліста: дыплом ветурача або заатэхніка (вышэйшая або сярэдняя спецыяльная адукацыя), заключэнне кантракта з наймальнікам тэрмінам на 5 гадоў, фактычная выплата за фактычна адпрацаваны час, захаванне працоўнай дысцыпліны, працаўладкаванне ў сельгаспрадпрыемствах, якія ўваходзяць у аграпрамысловыя аб’яднанні вобласці і фінансавае становішча якіх было не самым простым. Задача ствараць умовы для замацавання спецыялістаў ставілася і ва Указе № 70 «Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці».

На сённяшні дзень такіх «тысячнікаў» у банку даных Віцебскай вобласці (лічбы за жнівень гэтага года) – 69 чалавек, даплату па выніках вышэйназванага месяца атрымалі 50. Астатнія былі ў адпачынку, на службе ў рэзерве, на бальнічным або парушылі працоўную дысцыпліну, гэта значыць, вяртаючыся да ўмоў, выплата за фактычна адпрацаваны час.

Сяргей Лісаў – галоўны ветурач у ААТ «Трылесіна-Агра» (на першым працоўным месцы Яўгена). Яго стаж – звыш 30 гадоў. Дарэчы, у аддзеле ветэрынарыі аблсельгасхарча яго ахарактарызавалі як аднаго з самых вопытных і добрасумленных спецыялістаў у сваёй сферы на Магілёўшчыне. Размова пра тое, як вярнуць прэстыж прафесіі, адбываецца ў мабільным кабінеце – службовым аўтамабілі:

– Без транспарту наогул нічога не паспею. Мая зона адказнасці – два комплексы, шэсць малочна-таварных ферм, пагалоўе – 5600. Летам яшчэ аб’язджаў кароў на пашы. У мяне толькі памочнік, які дапамагае з вакцынацыяй.

Сяргей Лісаў успамінае:

– На выбар прафесіі паўплывала любоў да коней, ды і мама працавала ветфельдшэрам. Прыйшоў пасля 3-га курса Віцебскай ветакадэміі – і адразу паставілі ветурачом. На мой погляд, каб нават любімую працу чалавек лічыў прэстыжнай, ён павінен мець магчымасць прадэманстраваць вынік свайго прафесіяналізму. Часта лячыць даводзіцца нядбалыя адносіны да абавязкаў тых, хто не тым накарміў, не так падаіў, парушыў тэхналогію. Гадоў 10–15 таму ў нас было больш добрых даярак, цялятніц, у той час і прафесія ветурача была прэстыжнай, таму што гэта камандная праца.

Сяргей Лісаў спадзяецца, што ў іх гаспадарку прыйдзе малады спецыяліст і вырашыць застацца:

– Я яму саступлю сваю пасаду і аддам службовую машыну – толькі працуй. Жыллё ў нас ёсць, у аграгарадку крама, школа, басейн – для работнікаў наведванне бясплатна. Я лічу, што, акрамя мер па падтрымцы маладых спецыялістаў, каб яны замацоўваліся, патрэбна матывіровачная сістэма аплаты для ўсіх ветэрынараў. Скажам, асеменатары атрымліваюць зарплату ў залежнасці ад колькасці ацёлаў. І калі ў сельгаспрадпрыемстве зніжаецца невытворчае выбыццё жывёлы, эфектыўна праводзіцца прафілактычная вакцынацыя жывёл і гэтак далей, то ветурач павінен разумець: ад гэтага наўпрост залежыць яго зарплата.

Для дыскусіі на тэму прэстыжнасці дэфіцытнай спецыяльнасці ў абласным упраўленні ветэрынарыі парэкамендавалі пагутарыць з яшчэ адным прафесіяналам сваёй справы – галоўным ветурачом Кіраўскага раёна Мікалаем Маславым. Яго працоўны стаж – 33 гады. Кіраўскі раён, дарэчы, лідар у вобласці па малочнай жывёлагадоўлі, але праблемы з замацаваннем маладых спецыялістаў ёсць і тут. Мікалай Маслаў разам з пасадай галоўнага ветурача раёна ўзначальвае Кіраўскую раённую ветэрынарную станцыю. За апошнія пару гадоў у ветстанцыю прыйшлі чатыры маладыя спецыялісты, а замацавалася толькі адна дзяўчына. На думку Мікалая Маслава, адна з прычын – гендарная:

– У мой час у ветэрынарную акадэмію паступалі ў асноўным мужчыны, цяпер з дакладнасцю да наадварот. А потым хто ў дэкрэтны, хто замуж і з’язджае і бярэ адмацаванне. Раней ветурач быў вельмі паважаным спецыялістам, бо кожны ў вёсцы трымаў жывёлу. Калі паступаў на ветэрынара, прахадны бал быў вельмі высокім. Сёння праводзіш прафарыентацыю ў вядучай гаспадарцы, а там у школе пяць выпускнікоў, працаваць у вёсцы жадаючых няшмат. І заробкі годныя, а цялятніцу добрую не знайсці на месца той, што сыдзе на пенсію. Які выхад? Інвеставаць у маладых спецыялістаў, ствараць умовы, прывабліваць камфортным жыллём, арганізоўваць вольны час у малых населеных пунктах.

На асаблівым кантролі ветслужбы цяпер сітуацыя з падзяжом жывёлы, прыняцце мер па спыненні безгаспадарчасці. У Кіраўскім раёне невытворчае выбыццё жывёлы знізілася за апошні год, але сельгаспрадпрыемствы сутыкаюцца з праблемамі праз адсутнасць у райцэнтры ўласнага забойнага цэха.

Мікалай Маслаў лічыць, што неабходна ўдасканальваць і прэміяльную сістэму ацэнкі работы ветурачоў з улікам нагрузкі, захаванасці статка і іншых паказчыкаў. На бачным месцы ў яго кабінеце – дыпломы, падзякі, памятныя падарункі. Бо маральнае заахвочванне за працу не менш важна: у чалавека існуе патрэба і ў эмацыйным задавальненні, тады ён імкнецца апраўдаць давер. Хлебаробаў ушаноўваюць на «Дажынках» і прысвячаюць ім песні, узяць хоць новы хіт «За агранома». У беларускіх ветэрынараў таксама неўзабаве з’явіцца сваё прафесійнае свята. Бо прэстыж – гэта і ёсць грамадская ацэнка значнасці спецыяліста.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая