RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У сферу адукацыі ў 2020 годзе плануецца накіраваць больш за трэць бюджэту Магілёўскай вобласці

У сферу адукацыі ў 2020 годзе плануецца накіраваць 31,4% кансалідаванага бюджэту Магілёўскай вобласці. Гэта крыху больш, чым у папярэднім годзе, паведаміў сёння на выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі яго начальнік Андрэй Заблоцкі.

Асноўная маса сродкаў – 94,8% – пойдзе на першачарговыя артыкулы выдаткаў: заработную плату, страхавыя ўзносы, аплату камунальных паслуг і інш. На іншыя выдаткі прадугледжана 5,2% ад агульнага аб’ёму фінансавання, або Br34,6 млн. Таму на першы план выходзіць эканомія бюджэтных сродкаў і планамерная, дзейсная праца па выбудоўванні пазабюджэтнай дзейнасці, даходы ад якой можна накіраваць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і павышэнне заработнай платы (сярэдняя за студзень–снежань 2019 года ў цэлым па галіне склала Br720, або 116,2% да аналагічнага перыяду).

Дарэчы, у 2019 годзе ўстановы адукацыі рэгіёна зарабілі з улікам спонсарскай і гуманітарнай дапамогі больш за Br20 млн. Лідарамі па атрыманні даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці на працягу апошніх гадоў з’яўляюцца Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж і абласны ліцэй № 3. Іх станоўчы вопыт варта вывучаць і распаўсюджваць, падкрэсліў Андрэй Заблоцкі.

Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі, за апошнія гады са сродкаў, выдзеленых на ўтрыманне галіны, на будаўніцтва новых аб’ектаў выдаткавалі больш за Br45 млн., на капітальны і бягучы рамонты ўстаноў адукацыі – Br15, 8 млн.

На рэалізацыю энергазберагальных мерапрыемстваў толькі ў 2019 годзе выкарысталі Br5 млн. 388 тыс., што дазволіла зэканоміць каля 1 тыс. 400 тыс. туп. У сувязі з нездавальняльным станам, вялікай стратай цеплавой энергіі крыху больш за Br1 млн. накіравалі на замену аконных блокаў у дашкольных установах адукацыі Магілёва. І гэту працу маюць намер цалкам завяршыць на працягу 2020 года.

Акрамя таго, за кошт сродкаў раённых бюджэтаў плануецца закупіць 16 школьных аўтобусаў для забеспячэння бесперабойнага падвозу навучэнцаў сельскай мясцовасці.

У цэлым, прыярытэт у бягучым годзе аддадуць умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы на харчаблоках і фізкультурна-спартыўных аб’ектах устаноў адукацыі. Асаблівую ўвагу нададуць павелічэнню долі выдаткаў на рамонт, бо тэрмін падпісання пашпартоў гатоўнасці да 2020/2021 навучальнага года вызначаны да 1 жніўня.

Андрэй Заблоцкі дадаў, што ў 2020 годзе ў Магілёўскай вобласці стартуе пілотны праект па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Ключавы прынцып тут заключаецца ў тым, што «грошы ідуць за вучнем». Аб’ёмы фінансавання, якія накіроўваюцца на навучанне і выхаванне навучэнцаў, устанаўліваюцца ў залежнасці ад іх колькасці, а бюджэтныя сродкі разлічваюцца зыходзячы з базавага нарматыву. Для тых, хто асвойвае змест адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай адукацыі, ён вызначаны ў памеры Br3318,64, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, – Br2838,04. Фінансавыя патокі могуць быць накіраваны на куплю абсталявання, рамонт будынкаў і памяшканняў, аплату камунальных паслуг, рэалізацыю мер па сацыяльнай абароне навучэнцаў і інш.

Працягнецца ў 2020 годзе аптымізацыя. Працэс гэты непазбежны там, дзе ёсць нізкая напаўняльнасць класаў, адзначыў Андрэй Заблоцкі. Сёння ў рэгіёне функцыянуе 13 малакамплектных школ, дзе атрымлівае веды менш за 25 дзяцей і 38 школ з колькасцю да 50 навучэнцаў. У 2019-м закрылі 2 установы адукацыі, 5 – рэарганізавалі. У бягучым запланавана ліквідацыя яшчэ дзвюх і рэарганізацыя трох. «Але аптымізацыю нельга праводзіць стыхійна. Ёй павінна папярэднічаць адпаведная падрыхтоўчая праца: тлумачальныя гутаркі з педагогамі і бацькамі, прадуманы перавод навучэнцаў у іншыя навучальныя ўстановы, арганізацыя якаснага падвозу, – падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі. – Патрабуюць урэгулявання пытанні працаўладкавання настаўнікаў, уцягвання ў гаспадарчае абарачэнне будынкаў і забеспячэння далейшага функцыянавання аб’ектаў спартыўнай інфраструктуры».

Гаворачы аб дашкольнай адукацыі, Андрэй Заблоцкі паведаміў, што ў апошнія гады для яе даступнасці зроблена нямала. Створана дадаткова больш за 2 тыс. месцаў, развіваюцца новыя формы. У прыватнасці, функцыянуе 617 груп кароткачасовага знаходжання, дзе займаецца больш за 5,7 тыс. выхаванцаў. Гэтыя мерапрыемствы дазволілі ахапіць дашкольнай адукацыяй 97,1% дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў, і захаваць гэты стабільны паказчык на працягу шэрагу гадоў. І ўсё ж задача забеспячэння крокавай даступнасці ў мікрараёнах інтэнсіўнай жылой забудовы да канца не вырашана і патрабуе пільнай увагі.

У ліку прыярытэтных задач у арганізацыі агульнай сярэдняй адукацыі – стварэнне роўных умоў для яе атрымання і даступнасць, падтрымка адоранай моладзі. У 2019 годзе ўдзельнікі рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах нашага рэгіёна заваявалі 78 дыпломаў, 9 медалёў – на міжнародных алімпіядах. Атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатой і сярэбранай медалямі атрымала 379 выпускнікоў 11 класаў (5% ад агульнай колькасці), а пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай выдадзены 484 выпускнікам 9 класаў. На тэставанні зафіксавана 23 стабальныя вынікі. Аднак ёсць пытанні, якія патрабуюць прапрацоўкі. Сярод іх – павышэнне выніковасці навучальнага працэсу ва ўстановах адукацыі раённага ўзроўню.

У 2019 годзе ПТВУ і ССНУ Магілёўскай вобласці выпусцілі каля 6,2 тыс. маладых спецыялістаў, што дазволіла забяспечыць заказ галін эканомікі рэгіёна ў адпаведнасці з заключанымі дамовамі і заяўкамі. Пасведчанні аб накіраванні на працу ў арганізацыі ўручылі 99,6% выпускнікам. Толькі 17 чалавек атрымала права на самастойнае працаўладкаванне, як правіла, па медыцынскіх паказчыка.

Штогод у адпаведнасці з патрабаваннямі рынку ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі адкрываюцца новыя спецыяльнасці. Пры фарміраванні плана прыёму аналізуецца структура занятасці і патрэба ў працоўных рэсурсах. Але гэтай працы недастаткова, бо ў некаторых навучальных установах прапанова перавышае попыт. І тут неабходна больш цеснае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі і базавых арганізацый па падрыхтоўцы кадраў, актывізацыя прафесійнай дыягностыкі навучэнцаў старэйшых класаў, лічыць Андрэй Заблоцкі.

Ён дадаў, што ў вобласці створаны ўмовы для эфектыўнай самарэалізацыі і сацыялізацыі дзяцей і моладзі. Па выніках 2019 года па шэрагу кірункаў адзначаецца станоўчая дынаміка. Больш чым у два разы павысілася выніковасць удзелу навучэнцаў і педагогаў у конкурсах міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўняў. Праграма аздараўлення дзяцей і падлеткаў выканана ў сярэднім вышэй, чым па рэспубліцы: абласны паказчык – 41,9%. Дзякуючы кансалідацыі намаганняў суб’ектаў прафілактыкі, на 3% зніжаны ўзровень падлеткавай злачыннасці. Скарацілася на 20% колькасць дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі пасля пазбаўлення бацькоўскіх правоў. На сямейныя формы выхавання ўладкавана 86% дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Адзначаецца станоўчая дынаміка штоквартальнага пакрыцця сродкаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні (на 1 студзеня 2020 года кампенсавана 67,31%). У ліку адмоўных момантаў – захаванне негатыўнай тэндэнцыі гібелі дзяцей ад знешніх прычын, праз якія вобласць губляе ўжо два гады запар па 14 чалавек. Прычыны – асабістая неасцярожнасць дзяцей, нізкі кантроль з боку бацькоў, прапаганда мадэляў рызыкоўных паводзін.

У Магілёве сёння прайшла калегія галоўнага ўпраўлення па адукацыі, на якой абмяркоўваліся вынікі 2019 года і задачы на 2020-ы. У калегіі прымаў удзел намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. Падчас пасяджэння прадставілі прызначаных напярэдадні новых кіраўнікоў. Так, Ігар Лашкевіч цяпер займае пасаду першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. Наталля Колас прызначаная начальнікам аддзела адукацыі Магілёўскага райвыканкама. Бабруйскі дзяржаўны каледж імя А. Я. Ларына ўзначальвае Алена Баркоўская.

  

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая