RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Шклоўскім раёне прэзентавалі першыя ўзоры Айчыннай ільноўборачнай тэхнікі

У Шклоўскім раёне прайшоў семінар-дэманстрацыя айчыннага комплексу спецыялізаваных машын для механізацыі працэсаў уборкі лёну. Тэхніка выраблена на беларускіх прадпрыемствах з узроўнем лакалізацыі 80-90%.

Уборка – самы складаны і важны этап у працэсе вырошчвання лёну. Тут важна забяспечыць жорсткае выкананне тэхналогій і ўкласціся ў аптымальныя тэрміны, каб не дапусціць страт, атрымаць якасную льнотрасту, а затым і льновалакно. Для Беларусі льновалакно – стратэгічная і экспартна арыентаваная прадукцыя. У сусветным рэйтынгу рэспубліка на сённяшні дзень займае 3-4 пазіцыю па яго вытворчасці. Ільновалакно запатрабавана, як і вырабы з лёну, на ўнутраным і знешнім рынках. Таму і ўвага да вырошчвання гэтай культуры самая пільная. Не выпадкова навукоўцы НАН Беларусі сумесна з вытворцамі ўзяліся вырашыць праблему забеспячэння льнаводчай галіны айчыннай тэхнікай, каб замяніць дарагую імпартную. І ўжо дасягнуты сур’ёзныя вынікі.

З навінкамі пазнаёмілі прадстаўнікоў вядучых ільнозаводаў Магілёўскай вобласці. Новая тэхніка працавала ў полі на вачах у аграрыяў, якія маглі асабіста пераканацца ў яе тэхнічных характарыстыках і якасці выконваемых работ. У льноўборачны комплекс уваходзяць аднаструменная навясная церабілка лёну (ТЛН-1,9) для агрэгатавання з трактарамі цягавага класа 1,4 («Беларус-820»), абарачальнік стужак лёну (ОЛЛ-1), варашылка-ўспушвальнік стужак лёну (ВВЛ-3) і самаходны прэс-падборшчык (ПЛС-1).

«Гэта тэхніка характарызуецца высокай якасцю работ і добрай прадукцыйнасцю, надзейнасцю ў эксплуатацыі, прастатой у абслугоўванні і даступным коштам, – адзначыў генеральны дырэктар прадпрыемства «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі» Сяргей Якаўчык. – А разліковая эканомія фінансавых сродкаў пры набыцці айчыннага тэхналагічнага комплексу льноўборачных машын на недастатковы аб’ём ад тэхналагічнай патрэбы па краіне складае парадку Вг 69700000, або $ 33890900».

Усе навінкі выпускаюцца ў Беларусі. У гэтым працэсе задзейнічана каля дзесяці прадпрыемстваў рэспублікі, сярод якіх Калінкавіцкі рамонтна-механічны завод, дзяржаўнае прадпрыемства «Эксперыментальны завод», ТДА «ГідраТэхСэрвіс», ААТ «Гомсельмаш», «Бабруйскаграмаш», «Беларусьрызінатэхніка».

Вялікую цікавасць у льнаводаў выклікала навясная церабілка лёну (ТЛН-1,9), выпуск якой асвоіў Эксперыментальны завод. Па сваіх характарыстыках і магутнасці яна практычна нічым не саступае самаходнаму бельгійскаму агрэгату, а кошт яе ў разы ніжэйшы. «Нягледзячы на тое, што гэта яшчэ толькі доследны ўзор і мы праводзім яго палявыя выпрабаванні, на яго ўжо ёсць попыт і пакупнікі, – заўважыў дырэктар Эксперыментальнага завода Аляксандр Блізнюк. – Расійскія партнёры гатовы заключыць з намі кантракт на пастаўку ў наступным годзе васьмі такіх агрэгатаў. У той жа час гэтыя выпрабаванні паказалі некаторыя нязначныя нюансы ў працы церабілкі, якія мы ў найбліжэйшы час выправім, каб наша тэхніка адпавядала ўсім сучасным патрабаванням».

Паводле слоў дырэктара ААТ «Мсціслаўлён» Уладзіміра Піванкова, прадпрыемства на дадзены момант забяспечана ўсёй неабходнай тэхнікай. Але ў найбліжэйшыя год-два наступіць час яе абнаўлення. І плануецца набыць сёе-тое з прадстаўленай сёння тэхнікі. «Для нас, вытворцаў, галоўнае, каб тэхніка была надзейная і простая ў абслугоўванні, забяспечвала якасную і высокапрадукцыйную працу, – растлумачыў ён. – Асабіста мне спадабаўся самаходны прэс-падборшчык (ПЛС-1), які забяспечвае фарміраванне пласта льнотрасты патрабаванай лінейнай шчыльнасці незалежна ад зыходнай лінейнай шчыльнасці стужкі на полі. Вось яго, магчыма, мы і набудзем першым для абнаўлення тэхнічнага парку».

Па выніках дэманстрацыі новай тэхнікі прама ў полі прайшла рабочая нарада вытворцаў і распрацоўшчыкаў, падчас якой абмеркавалі неабходнасць удасканалення навінак па шэрагу параметраў, наладжванне яе масавай вытворчасці, арганізацыю прэзентацыі для іншых ільнаводаў краіны і за мяжой.

У Беларусі працуюць 24 ільнозаводы. Сёлета перад імі пастаўлена задача вырабіць 180 тыс. т ільновалакна для забеспячэння гэтай сыравінай унутранага рынку і экспарту.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая