RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Шклове ўсталююць помнік заснавальніку мясцовага ўчастка чыгункі

У Шклове ўстановяць помнік заснавальніку гарадскога ўчастка чыгункі Апалону Крывашэіну. Новы аб’ект размесціцца на чыгуначнай станцыі, пра што расказала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Шклоўскага райвыканкама Аксана Кудзянкова.

«Урачыстае адкрыццё помніка адбудзецца 16 снежня, у знамянальны для ўсяго раёна дзень, калі ў нашым горадзе адкрылася чыгуначная ветка Магілёў – Шклоў – Орша», – адзначыла Аксана Кудзянкова. Паводле яе слоў, гэта цалкам заслуга Апалона Крывашэіна, пры якім у Шклове быў пабудаваны шэраг значных сацыяльных і прамысловых аб’ектаў. «Сёння без іх немагчыма ўявіць наш любімы горад. Апалон Канстанцінавіч пражыў тут усяго 7 гадоў, а вынікі яго дзейнасці да гэтага часу служаць на карысць усяго раёна», – сказала намеснік начальніка.

Апалон Крывашэін – рускі дзяржаўны дзеяч і ўплывовы чыноўнік, які на мяжы XX стагоддзя валодаў Шклоўскім маёнткам. Гэту нерухомасць ён набыў пасля адстаўкі з паста міністра шляхоў зносін Расійскай імперыі. Карыстаючыся сваімі сувязямі, ён дамогся будаўніцтва праз Шклоў чыгуначнай веткі, у 1902 годзе ўзвёў будынак вакзала, які захаваўся і дагэтуль. Дарэчы, чыгуначны транспарт і ў наш час застаецца найважнейшым спосабам перамяшчэння для жыхароў раёна. У спадчыну гараджанам Крывашэін таксама пакінуў картонную фабрыку (цяпер папяровая фабрыка «Спартак»), якая на доўгія гады стала галоўным прадпрыемствам у горадзе. У пачатку XX стагоддзя яна займала лідзіруючыя пазіцыі сярод пісчапапяровых вытворчасцей Расіі і выпускала розныя гатункі паперы – ад папяроснай і абгортачнай да газетнай.

Яшчэ адным выдатным пачынаннем Апалона Крывашэіна стала закладка гарадскога парку, асаблівасць кампазіцыйнай пабудовы якога заключаецца ў вялікай колькасці алей – дубовых, каштанавых, таполевых, кляновых. Сёння гэты аб’ект – помнік садова-паркавага мастацтва пейзажнага тыпу, а таксама ўпадабанае месца адпачынку шклаўчан і гасцей горада.

Да адкрыцця помніка адбудзецца сустрэча з Дзмітрыем Андрэевым – прафесарам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава. Удзельнікі гэтай сустрэчы абмяркуюць значэнне асобы Апалона Крывашэіна, а таксама даведаюцца цікавыя факты з гісторыі Шклова.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая