RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«У стане лёгкай інфармацыйнай вайны мы будзем існаваць ужо заўсёды» – Ігар Тур

У стане лёгкай інфармацыйнай вайны мы будзем існаваць ужо заўсёды. На гэта звярнуў увагу, каментуючы вынікі інфармацыйнай сустрэчы ў Магілёўскім аблвыканкаме, палітычны аглядальнік АНТ, вядомы журналіст Ігар Тур.

Паводле яго слоў, у мінулым годзе некаторым журналістам прыйшлося экстрана асвойваць новыя прафесіі, набываць новыя навыкі і веды ў вельмі абмежаваны прамежак часу, таму што многія да гэтага працавалі ў класічных формах – рэпартажы, навіны. Але стан інфармацыйнай вайны патрабаваў працы па-новаму. І інтэнсіўнасць навучання прывяла да таго, што вопыт за год назапасіўся каласальны. «Было б выдатна, каб да гэтага мы ішлі не рэвалюцыйна, а эвалюцыйна, – лічыць Ігар Тур. – Але, на жаль, здарылася інакш. І людзі, якія за год пражылі вельмі многа, набыўшы бясцэнныя веды, цяпер імкнуцца імі падзяліцца з іншымі, удзельнічаючы ў такіх сустрэчах, паколькі да строгага інфармавання, класічных навін мы ўжо не вернемся».

Сённяшні дыялог з ідэалагічнай вертыкаллю для журналіста не першы. Апошнім часам такія сустрэчы сталі нярэдкімі ў практыцы, адзначыў госць. Але ў кожнай аўдыторыі пытанні, якія задаюцца і прапануюцца для абмеркавання, падобныя. «Усе мы перажылі вельмі падобны жнівень 2020 года, наступныя падзеі. У прадстаўнікоў СМІ ёсць што сказаць ідэолагам, прадстаўнікам сілавых структур. Такіх сустрэч у нас многа, – адзначыў Ігар Тур. – І для нас важна пачуць меркаванне ў адказ, каб прыйсці да кампрамісу, разумення таго, як зрабіць, каб у будучыні гэтага больш не здаралася».

Журналіст падкрэсліў актыўнасць магілёўскай аўдыторыі. «Рады, што прагучалі спецыфічныя пытанні, якія тычацца непасрэдна вобласці, – сказаў ён. – Можа, нам дзесьці з Мінска праблемы асобна ўзятых рэгіёнаў не заўсёды зразумелыя падчас камандзіровак, не заўсёды можам нейкія нюансы падлавіць. Таму ўдзячныя, што абмеркавалі ў ліку іншых рэгіянальныя асаблівасці. У цэлым, мы ўсё не хочам, каб паўтарыліся падзеі мінулага года. Многія гатовы аддаваць дзеля гэтага ўсе сілы. Пытанне, як іх аддаваць, каб усе вырашалі свае задачы, не перашкаджаючы пры гэтым вырашаць задачы іншым ведамствам, у тым ліку сістэме СМІ. Таму такія размовы вельмі важныя для пошуку кампрамісу, таго, як разумна разам працаваць у сістэме вертыкалі ўлады».

У цэлым, атрымліваць новыя веды трэба ўсім, не толькі СМІ, упэўнены Ігар Тур. Пры гэтым не трэба саромецца пераймаць нейкі інструментар у апанентаў. «Мінулы год паказаў: нам у іх на той час было чаму павучыцца, – канстатаваў ён. – І мы стараліся завочна асвойваць тое, што яны ўмелі рабіць добра, але ў пазітыўным рэчышчы. Пасля, як мне здаецца, мы гэтыя інструменты давялі да дасканаласці, сталі карыстацца імі лепш. Але спыняцца нельга, трэба працягваць азірацца і глядзець вакол, вывучаючы, як змяняецца навінавы парадак, якія новыя формы і метады з’яўляюцца ў працы з аўдыторыяй, асноўныя трэнды сацсетак. Усім гэтым павінен займацца журналіст. Яго праца не заканчваецца, калі выключаецца камера або закрываецца нататнік».

Сёння ў Магілёве адбылася сустрэча Ігара Тура з кіраўнікамі структурных падраздзяленняў аблвыканкама, членамі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, намеснікамі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце буйных прадпрыемстваў, кіраўнікамі грамадскіх арганізацый, СМІ рэгіёна. Галоўнай тэмай абмеркаванняў стала інфармацыйная бяспека. Удзельнікі палілога змаглі задаць госцю пытанні.

Вольга Емельянава

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая