Прадстаўнікі мясцовай улады, БРСМ, грамадскага аб’яднання «Белая Русь», вучні Вендаражскай сярэдняй школы, неабыякавыя вяскоўцы аддалі даніну памяці землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на гэтай зямлі. Вось так, талакой, навялі парадак на месцы, дзе ў лютым 1943 года былі спалены іх землякі. Напамін пра трагедыю ў Дубінцы, у якой загінула 186 мірных жыхароў, – Курган Славы з зямлёй з усіх спаленых вёсак Магілёўскага раёна. Сёння тут прайшла акцыя па добраўпарадкаванні комплексу.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама Алеся Купцова адзначыла, што гэта кропка на карце для раёна асаблівая:
– Яна нагадвае нашчадкам пра трагедыю, якая здарылася тут у гады вайны. Курган смутку і памяці, які адкрыты 3 ліпеня 1966 года, – стэла з выявай маці з дзіцем як сімвал міру і святла – тое месца, куды не зарастае народная сцежка. Тут рэгулярна праходзяць мітынгі і акцыі, у якіх удзельнічаюць школьнікі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, неабыякавыя да гісторыі мясцовыя жыхары. Важна, што людзі не забываюць пра падзеі тых страшных дзён, бо памяць не спаліш. Для сучаснага пакалення гэта ўрокі мужнасці і доблесці, якія можна вынесці з нашай гісторыі. Такая акцыя па добраўпарадкаванні такіх месцаў яшчэ раз паказвае: свой уклад і пасільную дапамогу ў захаванне памяці можа ўнесці кожны.
Толькі ў Магілёўскім раёне немцамі былі закатаваныя і расстраляныя амаль 3 тысячы чалавек, больш за 1,5 тысячы – вывезеныя ў Германію. Акупанты спалілі сем вёсак, якія раздзялілі лёс Хатыні. Зараз там памятныя знакі, воінскія пахаванні. Мемарыял у Дубінцы не забывае базавая гаспадарка ААТ «Цішоўка» Магілёўскага раёна. Па словах дырэктара Віталя Фомкіна, сельгаспрадпрыемства сочыць за парадкам на тэрыторыі: прыбірае комплекс, абкошвае траву, калі трэба, аказвае фінансавую падтрымку.
Яшчэ адны шэфы – Вендараджская школа, якая таксама падтрымала акцыю па добраўпарадкаванні. Зрэшты, вучні цікавяцца комплексам у Дубінцы не толькі ў юбілейныя і знакавыя даты. Яны вывучаюць ваенную гісторыю свайго краю. У 2019 годзе ў школе з’явілася «Сцяна памяці», на якой 80 партрэтаў землякоў – жыхароў Вендаражскага сельсавета, удзельнікаў і сведак вайны. Тэматычную зону мужнасці вучэбна-педагагічнага комплексу дапаўняе выкладзеная з плітак пяціканцовая зорка.
– Працягам працы па патрыятычным выхаванні моладзі стала музейная экспазіцыя сямейнай рэліквіі і гісторыі, якая адкрылася ў нас у мінулым годзе, – адзначыў дырэктар СШ Вячаслаў Арлоўскі. – У гады Вялікай Айчыннай вайны гэты край быў партызанскім – многія жыхары нашага сельсавета былі ў партызанскіх атрадах, праводзілі падпольную працу, ваявалі на фронце. У памяць пра іх і іх подзвігі было прынята рашэнне стварыць музейную экспазіцыю. Нашым дзецям цікавая гісторыя, гэта важна, бо ў школе не толькі вучым, але і выхоўваем патрыётаў.
Дарэчы, падобныя акцыі па добраўпарадкаванні памятных месцаў сёння праходзяць у мемарыяльным комплексе Стэфанава Бялыніцкага раёна, у аграгарадку Доўгі Клічаўскага раёна, у пасёлку Яловікі Бабруйскага раёна і самім Бабруйску на брацкай магіле савецкіх воінаў.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
23.04.2025 - 09:25
Магілёўская вобласць па выніках работы за 2024 год будзе занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару
22.04.2025 - 16:35
18.04.2025 - 20:26
18.04.2025 - 09:11