RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У вёсцы Ходнева ўсталявалі пліту ў памяць аб 65 байцах Чырвонай арміі, якія загінулі ў 1944 годзе

Памяць у граніце

Імёны герояў увекавечаны

На тэрыторыі Магілёўскага раёна пакінулі свой страшны след шматлікія войны. Але самыя драматычныя падзеі тут разгарнуліся ў гады Вялікай Айчыннай: гераічная абарона Магілёва і вызваленне Магілёўскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, зверствы гітлераўцаў на акупаванай тэрыторыі. Паводле няпоўных даных, ворагі закатавалі і расстралялі 2558 чалавек, сагналі ў Германію звыш 1500 чалавек, спалілі 2358 падворкаў.

У Магілёўскім раёне памятаюць і свята шануюць імёны як чырвонаармейцаў, якія аддалі жыцці за перамогу, так і мірных жыхароў, закатаваных фашысцкімі захопнікамі.

Першасная ветэранская арганізацыя ТАА «Сухары-Агра» выступіла з ініцыятывай устанавіць памятную пліту ў вёсцы Ходнева ў памяць аб 65 байцах Чырвонай арміі, якія загінулі 25–26 чэрвеня 1944 года пры вызваленні вёсак Васілевічы, Супонічы і Ходнева. Гэта воіны 161-га стралковага палка 95-й стралковай дывізіі і 23-й асобнай гвардзейскай танкавай брыгады. Прапанавана ўвекавечыць імёны герояў у граніце.

Старшыня першаснай ветэранскай арганізацыі сельгаспрадпрыемства Мікалай Валюжэніч расказвае:

– У нашай арганізацыі 116 чалавек з 15 вёсак, і спачатку мы хацелі самі збіраць грошы на памятны знак, але знайшоўся спонсар – Алег Каштанаў, былы дырэктар птушкафабрыкі «Раманавічы» (раней называлася Прыдняпроўская), сёння і сам пенсіянер, чалавек актыўны, неабыякавы. Ён цалкам аплаціў памятны знак.

Работы па ўстаноўцы пліты зроблены вялікія: старанна прыбралі абранае месца, падсыпалі пясок, зрабілі падмурак. Мікалай Дзмітрыевіч Валюжэніч гаворыць, што, нягледзячы на ўзрост, вяскоўцы да фізічнай працы звыклыя. А папрацаваць на такім аб’екце – справа святая.

На ўрачыстае адкрыццё памятнага знака сабраліся не толькі прадстаўнікі раённай улады, пошукавікі, жыхары вёскі, школьнікі, але прыехала і дэлегацыя з Расіі.

У ТЭМУ

Алеся Купцова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама, каментуе:

– Жыхары нашага раёна актыўна ўдзельнічаюць у рабоце па ўвекавечанні памяці загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Да прыкладу, жыхары вёскі Туманаўка не толькі ініцыявалі ўстаноўку мемарыяльнай пліты на месцы пахавання 38 мірных жыхароў – ахвяр вайны – у сваёй вёсцы, але і сабралі на помнік грошы. У гэтым годзе дзякуючы зваротам неабыякавых грамадзян на ўлік пастаўлена яшчэ адно воінскае пахаванне, а чатыры пахаванні, якія раней лічыліся грамадзянскімі, цяпер улічаны ў вайсковых спісах.

Але, па словах Алесі Купцовай, працаваць у гэтым кірунку яшчэ ёсць над чым: з 18527 пахаваных на тэрыторыі раёна вядомымі значацца толькі 1757. І, пакуль не будзе ўстаноўлены кожны, гэта дзейнасць працягнецца.

Ирина Менделева, СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая