RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Ялізава запусцілі серыйную вытворчасць палегчанай шклатары

Першую ў Беларусі серыйную вытворчасць палегчанай шклатары метадам NNPB запусцілі ў філіяле ААТ «Гродзенскі шклозавод»–«Ялізава» (Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці). Пра гэта паведаміў дырэктар філіяла Дзяніс Юрчанка.

«У жніўні мінулага года мы завяршылі мадэрнізацыю другога цэха і адной з дзвюх дзеючых на прадпрыемстве шклаварных печаў. Тады мы заявілі, што гатовыя на абноўленым абсталяванні асвоіць вытворчасць палегчанай шклатары. Для гэтага была праведзена сур’ёзная падрыхтоўчая праца, навучанне персаналу, ажыццяўляліся эксперыментальныя запускі. І вось у ліпені гэтага года дадзены старт серыйнай вытворчасці палегчанай шкляной тары метадам фармавання-NNPB (Narrow Neck Press and Blow), што ў перакладзе азначае вузкагорлае прэса-выдзіманне», – адзначыў кіраўнік прадпрыемства.

У цяперашні час ялізаўскі шклозавод выпускае палегчаную тару толькі для аднаго са сваіх асноўных заказчыкаў–холдынгу «Мінск Крышталь Груп». «Мы ўжо адгрузілі першую партыю нашаму заказчыку. Мяркую, у найбліжэйшы час ён пачне разліў сваёй прадукцыі менавіта ў нашы палегчаныя бутэлькі і, магчыма, з жніўня на прылаўках магазінаў з’явіцца прадукцыя «Мінск Крышталь Груп» у палегчаным варыянце і новым дызайне», – адзначыў Дзяніс Юрчанка.

«Мы, як адзінае прадпрыемства ў Беларусі, якое асвоіла выпуск палегчанай прадукцыі метадам NNPB, будзем у першую чаргу вырабляць яе для айчынных заказчыкаў, але экспартныя пастаўкі намі таксама разглядаюцца, бо такая тара запатрабаваная як унутры краіны, так і за мяжой», – адзначыў дырэктар завода.

Паводле яго слоў, аблегчаная тара да 20% лягчэйшая, чым стандартны варыянт бутэлькі. Аднак вырабляць яе мэтазгодна ў вялікіх аб’ёмах, тады можна атрымаць адчувальную выгаду. Для«Мінск Крышталь Груп» у сярэднім мы плануем выпускаць да 20 млн гэтага віду бутэлек на год. Пры максімальнай загрузцы мадэрнізаванай печы можам вырабляць каля 3–4 млн бутэлек у месяц, але фактычныя аб’ёмы вытворчасці будуць залежаць ад патрэб заказчыкаў. Тым больш што на гэтай печы мы вырабляем не толькі бутэлькі, але і банкі. А паколькі цяпер сезон нарыхтовак, наша першачарговая задача–забяспечыць айчынныя сельгаспрадпрыемствы, якія займаюцца перапрацоўкай сыравіны», – расказаў Дзяніс Юрчанка.

Завод у пасёлку Ялізава заснаваны ў 1913 годзе. Ён адносіцца да групы шматфункцыянальных шкляных кампаній, з’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў бясколернай шкляной тары на тэрыторыі краіны. У 2018 годзе маёмасны комплекс прадпрыемства быў выкуплены Гродзенскім шклозаводам.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая