RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Удасканаленне кантрольна-нагляднай дзейнасці стала тэмай нарады ў Аляксандра Лукашэнкі

Удасканаленне кантрольна-нагляднай дзейнасці стала тэмай нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі 21 мая.

На нараду быў вынесены праект указа, які прадугледжвае карэкціроўку нарматыўных прававых актаў у гэтай сферы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што да гэтай тэмы з улікам яе важнасці на ўзроўні Прэзідэнта вяртаюцца не ўпершыню. У 2009 годзе на аснове ўказа нумар 510 у краіне сфарміравана цэласная, аптымальная на той момант сістэма кантролю. Праз восем гадоў, у 2017-м, яна была комплексна мадэрнізавана зыходзячы з патрэбнасцей дзяржавы і грамадства, а таксама з улікам пажаданняў асобных, якія «вельмі плачуць» і «перапрацаваліся», каму колькасць праверак здавалася празмернай. Быў перагледжаны пералік кантралюючых органаў, скарочаны дубліруючыя сферы кантролю, узмоцнены патрабаванні да назначэння праверак і работы кантралёраў.

«Як вынік, Камітэт дзяржаўнага кантролю штогод інфармуе аб зніжэнні праверачнай нагрузкі на суб'екты гаспадарання», - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Згодна са справаздачамі КДК, у мінулым годзе ў параўнанні з 2019 годам агульная колькасць праверак скарацілася амаль на 30 працэнтаў (з 8822 у 2019 годзе да 6,5 тыс. у 2023 годзе).

«Аднак трэба прызнаць, што на фоне паляпшэння статыстычных паказчыкаў па-ранейшаму не выкаранены негатыўныя тэндэнцыі ў гэтай сферы, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - У прыватнасці, пад выглядам прафілактычных форм кантролю - розных маніторынгаў і тэхнічных аглядаў - часам праводзяцца паўнацэнныя праверкі. Што такое паўнацэнная праверка, усе добра ведаюць - па змесце і па часе. Часам там сядзяць месяцамі, калі можна ўсё зрабіць за некалькі дзён. У цэлым па краіне вырысоўваецца лічба 300 тыс. такіх мерапрыемстваў у год (нібыта прафілактычных). Згадзіцеся, уражальная лічба».

«І толькі пасля таго, як я ўказаў вам на недапушчальнасць такога падыходу, лічбы знізіліся прыкладна напалову», - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што, на жаль, практыка шматразовых наведванняў аднаго і таго ж прадпрыемства па ідэнтычных пытаннях так і не спынялася. «Кантралёры, прыходзячы адзін за адным, патрабуюць прадастаўляць каласальны аб'ём дакументацыі. Гэта значыць, фактычна займаюцца бюракратычнай валтузнёй і лоўляй блох, як у народзе кажуць», - указаў на недахопы кіраўнік дзяржавы. І прывёў канкрэтныя прыклады.

У перыяд уборкі збожжавых (ліпень - жнівень 2022 года) правяраючыя наведалі ААТ «Аснежыцкае» 49 разоў. Хоць гэту гаспадарку можна лічыць сярэдняй па паказчыках работы ў Пінскім раёне. Праўда, запісы ў кнізе ўліку праверак зрабілі толькі двойчы. «І як мне дакладваюць памочнікі Прэзідэнта і губернатары, такія прыклады, на жаль, не адзінкавыя», - звярнуў увагу Прэзідэнт. З аднаго боку, кіраўнік дзяржавы робіць скідку на тое, што губернатары і кіраўнікі прадпрыемстваў, зразумела, могуць лічыць колькасць праверачных мерапрыемстваў празмернай. «Але дыму без агню не бывае», - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Самае абуральнае тое, што часам правяраюць абсалютна не тыя арганізацыі, якія трэба было б правяраць. Па-іншаму нельга растлумачыць выпадак, калі мне трэба асабіста ўмешвацца, каб навесці парадак, як з тым жа цэнаўтварэннем», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Намаганні правяраючых, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, часта накіраваны менавіта на пошук недахопаў і прымяненне штрафных санкцый, хаця трэба было б - на паляпшэнне вынікаў дзейнасці прадпрыемстваў. «Нам не штрафы патрэбны і пакаранні або нейкія санкцыі, а паляпшэнне работы прадпрыемстваў», - зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы.

Раней Прэзідэнт даваў даручэнне кардынальна разабрацца ў сітуацыі, змяніць стыль і метады работы. У мэтах яго выканання ўрадам падрыхтаваны праект указа па ўдасканаленні кантрольна-нагляднай дзейнасці. Яго распрацоўка вялася больш за два гады. «Адміністрацыя Прэзідэнта і ўрад круцілі яго некалькі разоў, падключаючы ўсе зацікаўленыя ведамствы. У выніку праект змяшчае шэраг навацый. Ад перамяшчэння акцэнтаў у рабоце кантралюючых органаў у бок прафілактыкі да вывядзення пракуратуры з-пад сферы дзеяння ўказа нумар 510», - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

З прычыны значнасці гэтага прававога акта для краіны Прэзідэнт мае намер прыняць канчатковае рашэнне толькі пасля ўсебаковага абмеркавання. Удзельнікам нарады Аляксандр Лукашэнка адрасаваў шэраг пытанняў, у прыватнасці, ці стане работа прадпрыемстваў пасля падпісання гэтага дакумента больш эфектыўнай, ці знізіцца праверачная нагрузка і пры гэтым ці не будзе аслаблены кантроль. «Я цяпер гавару пра тыя сферы, дзе існуе рэальная рызыка прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян», - удакладніў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт спытаў, ці ўсе праблемныя пытанні будуць вырашаны з прыняццем указа, і пацікавіўся меркаваннем Міжведамаснага савета па кантрольна-нагляднай дзейнасці наконт гэтага.

«Яшчэ раз хачу папярэдзіць: ніякага націску на прадпрыемствы, арганізацыі, суб'екты гаспадарання і на людзей быць не павінна. Мы не павінны людзям перашкаджаць працаваць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Але, калі нехта заслугоўвае таго, каб яго праверылі, яго трэба правяраць столькі, колькі патрэбна. Плачы і стогны тут абсалютна не да месца. Кантрольныя, праваахоўныя органы павінны ставіцца да нашых прадпрыемстваў, як да сваіх дзяцей, - яны нас кормяць. Таму нельга ім перашкаджаць працаваць. Сістэма павінна быць выбудавана, і яна павінна працаваць».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая