RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Удзельнікаў інтэрнацыянальнага «Зорнага паходу» прымае Асіповіцкі раён

Удзельнікаў інтэрнацыянальнага «Зорнага паходу», прысвечанага 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, прымае Асіповіцкі раён. Зводны атрад Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка ўжо прыбыў у наш рэгіён.

Для гасцей падрыхтавана шырокая чатырохдзённая праграма. Сёння студэнты і выкладчыкі сталічнай ВНУ прымуць удзел у мітынгу на Алеі Герояў у Асіповічах. Праграмай таксама запланаваная сустрэча з воінамі-інтэрнацыяналістамі ў СШ № 1 Імя Б. М. Дзмітрыева і наведванне раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

У мясцовай гімназіі 29 студзеня студэнты БДПУ імя Максіма Танка правядуць майстар-класы па спартыўнай рэжысуры і сучасных танцах, пабываюць у комплексна-краязнаўчым музеі Дараганаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа. Для выхаванцаў установы адукацыі госці арганізуюць танцавальны трэнінг па развіцці творчых здольнасцей. Далей адбудзецца экскурсія па турыстычным маршруце «Сцяжынкамі Дараганава» і мітынг ля брацкай магілы.

Асіповіцкія школы зводны атрад наведае 30 студзеня. Для навучэнцаў СШ № 3 падрыхтавана прафарыентацыйная праграма «Стань часткай дружнай сям’і БДПУ» і майстар-класы. Тут жа пройдзе музычна-забаўляльная праграма «Сустрэча сяброў». У СШ № 2 студэнты падзеляцца вопытам творчай дзейнасці ў КВЗ. Завершыцца дзень таварыскай сустрэчай па валейболе ў АРДЮСШ. З работай СШ № 4 госці азнаёмяцца 31 студзеня.

Інтэрнацыянальны 55-ы «Зорны паход» стартаваў 27 студзеня ў Мінску. У акцыі прымае ўдзел каля 300 чалавек. Гэта студэнты і выкладчыкі з БДПУ імя Максіма Танка, Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л. М. Гумілёва (Казахстан), Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта, Новасібірскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, Расійскага дзяржаўнага прафесійна-педагагічнага ўніверсітэта, Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Нізамі (Узбекістан). Удзельнікі да 31 студзеня наведаюць Барысаўскі, Вілейскі, Пухавіцкі, Слуцкі, Салігорскі, Пінскі, Аршанскі, Смаргонскі раёны. Падчас паходу студэнты і выкладчыкі сустрэнуцца з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, акажуць ім шэфскую дапамогу, правядуць мітынгі і ўскладуць кветкі да брацкіх магіл воінаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады вайны, выступяць з канцэртнымі праграмамі ў школах рэгіёнаў, правядуць прафарыентацыйныя сустрэчы са старшакласнікамі, арганізуюць майстар-класы і спартыўныя спаборніцтвы.

Арганізатарам мерапрыемства выступае БДПУ. «Зорны паход» праходзіць з 1966 года, яго мэта – грамадзянска-патрыятычнае выхаванне студэнцкай моладзі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая