RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Унікальны рухомы музей «Цягнік Перамогі» прыбудзе ў Магілёўскую вобласць 14 чэрвеня

Унікальны рухомы музей «Цягнік Перамогі» будзе курсіраваць па Магілёўскай вобласці. Пра гэта паведамляецца на сайце Беларускай чыгункі.

Цягнік будзе курсіраваць па Беларускай чыгунцы з 10 чэрвеня па 4 ліпеня. Яго геаграфія істотна пашырана: рухомы музей зробіць прыпынкі ў 17 гарадах, сярод якіх Крычаў – 14 чэрвеня, Асіповічы – 16 чэрвеня, Магілёў – 28 чэрвеня, Бабруйск – 30 чэрвеня.

Графік руху цягніка складзены з улікам дзяржаўных святаў і памятных дат. У Магілёве экспазіцыя будзе знаходзіцца 28 чэрвеня, у Дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а завершыцца тур па Беларусі ў Мінску – у дні святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Наведвальнікаў рухомага музея чакае ўнікальнае падарожжа з поўным акунаннем у падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якое створана з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. У складзе «Цягніка Перамогі» 9 экспазіцыйных вагонаў, адзін з якіх прысвечаны подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці – удзельнікам гераічнай абароны, салдатам і камандзірам Чырвонай Арміі.

У аснове экспазіцыі – трохмерныя панарамы, макеты ў натуральную велічыню і шмат прадметнага плана на адлегласці выцягнутай рукі. Агляд «Цягніка Перамогі» задуманы як пераход ад аднаго эпізода да наступнага: Перадваенныя гады – Вялікая Айчынная вайна – Перамога.

Выстава ўнікальная і сваім мультымедыйным суправаджэннем. У ёй выкарыстоўваецца аб’ёмны гук, тэатральнае асвятленне, механічныя спецэфекты, датчыкі прысутнасці, галаграмы, панарамы баёў у віртуальнай рэальнасці, кіназдымка гістарычных рэканструкцый, трохмерная камп’ютарная графіка з мадэлямі ваеннай тэхнікі. Для кожнай зоны экспазіцыі спецыяльна напісана свая музыка.

Праект «Цягнік Перамогі» з’яўляецца сацыяльным як у Расійскай Федэрацыі, так і ў Рэспубліцы Беларусь. Час працы экспазіцыі з 10:00 да 20:00, перапынак з 14:00 да 15:00. Экспазіцыя рэкамендавана да наведвання дарослымі і дзецьмі, старэйшымі за 12 гадоў.

Па матэрыялах сайта Беларускай чыгункі, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая