RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Унікальныя вырабы з воўны ў Дрыбінскім раёне вырабляюць з XVIII стагоддзя

Не толькі валёнкі валяць

Па паданні, вандроўныя шапавалы, ці, як іх яшчэ завуць, катрушнікі, з'явіліся на Дрыбіншчыне ў 1700-х гадах. Уладальнік мясцовага маёнтка зацікавіўся прыбытковым промыслам і запрасіў іх застацца. Зрэшты, звычку падарожнічаць майстры і іх нашчадкі не гублялі яшчэ доўгі час. Землі тут пясчаныя, адной сельскай гаспадаркай на жыццё не заробіш. Таму ў сярэдзіне верасня, калі з палёў убіралі хлеб, шапавалы адпраўляліся па гарадах і сёлах на заробкі.

Ніякіх асаблівых умоў для арганізацыі працоўнага месца не патрабавалася. Не выпадкова гавораць: дзе шапавал устаў, там і яго табар. Па-першае, самі прылады не асоба складаныя: брында (прыстасаванне для рыхлення, якое складаецца з рашоткі і струны з авечай кішкі), шчоткі для расчэсвання. І хоць для поўнага цыклу стварэння тых жа валёнак патрабуецца прарабіць да 40 розных аперацый, тут, хутчэй, важны нават не тэхнічны складнік, а прафесійныя веды і набітая рука. Па-другое, для працы на чужым двары не трэба спецыяльна закупляць авечую поўсць - матэрыял падаюць гаспадары, майстар толькі выконвае сваю працу. А улічваючы, што выраб абутку ці галаўных убораў (шапавальства - гэта не толькі пра валёнкі) на ўсю сям'ю займае як мінімум тыдзень, катрушнік увесь гэты час жыў і еў тут. Як ні круці, эканомія, прычым самавітая. Таму такі спосаб працы (яго называлі адыходнікам) быў вельмі распаўсюджаным. Аж да пачатку XX стагоддзя, пакуль вырабы з валянай воўны былі запатрабаваны, дрыбінскія шапавалы зыходзілі ўсю Беларусь і суседнія тэрыторыі, а адзін, гавораць, дабраўся нават да Амерыкі.

Цэнтрам шапавальства на Дрыбіншчыне здаўна лічылася вёска Пакуцце. Калісці поўсць валялі тут літаральна ў кожным двары. Дарэчы, гэты промысел і зараз не страчаны — яго аднаўленнем, вывучэннем, развіццём і папулярызацыяй займаюцца спецыялісты Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея. Тут створана аматарскае аб'яднанне «Шапавал» і арганізаваны дзіцячы калектыў «Катрушнік». Можна на свае вочы ўбачыць працэс працы ад пачатку і да канца, пагутарыць з майстрамі і нават паспрабаваць самому даведацца, ці настолькі простая гэтая справа - валёнкі валяць. Дарэчы, нягледзячы на тое, што сучасныя людзі аддаюць перавагу скураному і тэкстыльнаму абутку, дрыбінскія валёнкі не губляюць пазіцый — іх носяць нават у Вялікабрытаніі, Італіі і Аўстраліі. Як кажуць, і там ведаюць нашых!

У 2009 годзе творчасць майстроў-шапавалаў Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці атрымала статус аб'екта Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Унікальныя вырабы з воўны тут вырабляюць з XVIII стагоддзя.

Каб ніхто не здагадаўся

Дрыбінскія шапавалы прыдумалі сваю таемную мову — катрушніцкі лемезень. Гэты прафесійны слэнг, які налічвае каля 3 тысяч слоў, актыўна выкарыстоўваўся і захоўваўся доўгі час. Нават зараз мясцовыя жыхары не-не, ды і ўкруцяць у размову якую-небудзь незразумелую прыезджым фразачку. Што да прычын, па якіх яна была створана, то галоўная з іх — бяспека: таемная мова дапамагала захоўваць прафесійныя сакрэты і пазбягаць небяспек, у тым ліку і з боку рабаўнікоў, якія былі не супраць пажывіцца за кошт заможных майстроў. Не будзем забываць, што праца шапавала каштавала нятанна. Лемезень лічыўся выключна мужчынскім спосабам зносін, і хлопчыкаў яму навучалі з маленства.

 СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая