RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг падзяліўся вопытам выратавання самых цяжкіх хворых

Загадчык аддзялення Магілёўскай бальніцы № 1 Валерый Кананкоў: «Дабро заўсёды вяртаецца»

Урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг Магілёўскай бальніцы № 1 Валерый Кананкоў у прафесіі амаль трыццаць гадоў. Родам з Краснаполля, з сям’і медыкаў. З красавіка бальніца, дзе працуе, перапрафілявалася пад прыём пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. У аддзяленне Валерыя Васільевіча прывозілі самых цяжкіх хворых з Магілёва і вобласці. Даволі часта – на мяжы жыцця і смерці. Аднак большасць пацыентаў ужо паправілася і вярнулася дадому. Загадчык аддзялення днямі ўдастоены падзякі Прэзідэнта За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у аказанне медыцынскай дапамогі насельніцтву. Перад нашай размовай урач адразу просіць не перабольшваць сваю ролю: ці эфектыўна спрацаваў калектыў, можна будзе сказаць праз час.

– Не выключана, што ўклад санітаркі, якая гутарыла з хворым і падтрымлівала яго маральна, не менш важны, чым намаганні ўрача, – разважае медык. – Тое ж самае можна сказаць і пра медсясцёр.

Каля ложка кожнага цяжкага хворага ў аддзяленні стіць 6–7 «машынак», дазуе лекі. Для кожнага апарата трэба разлічыць канцэнтрацыю, дозу, хуткасць увядзення, прасачыць, каб уся гэта сістэма працавала. Чым і займаецца доктар. Каля пацыента манітор для кантролю стану чалавека.

– Любыя змены трэба своечасова заўважыць, пры найменшых адхіленнях медсястра павінна паклікаць доктара, – тлумачыць анестэзіёлаг-рэаніматолаг. – Вопытныя медсёстры выразна гавораць, што здарылася, а ўрач прымае рашэнне.

Сваю працу не лічыць выключным гераізмам: маўляў, а чым праца камбайнера ў полі менш ганаровая?

– Усе працавалі на сваіх месцах, ніхто не адмовіўся, не звольніўся і не папрасіўся ў адпачынак, – тлумачыць мне. – А сярод пацыентаў, якія паступаюць да нас, няма стабільных, кожны можа памерці.

Як урачы рыхтаваліся да барацьбы з новай хваробай? Вывучалі ўсю даступную інфармацыю, тактыку і вынікі лячэння ў калег, у тым ліку за мяжой, рабілі высновы. Ужывалі тыя методыкі, якія выкарыстоўваліся ў Кітаі, Расіі, іншых краінах.

– Праца ў нас калегіяльная: мы чыталі ўсю даступную інфармацыю, разам збіраліся, абмяркоўвалі яе і рабілі пэўныя высновы, – успамінае Валерый Васільевіч. – Падобная сітуацыя была са свіным грыпам.

Вядома ж, у медыкаў адпрацаваны базавыя методыкі аказання дапамогі. У той жа час няма «залатой пілюлі», прымальнай да кожнай хваробы. Агульныя рэкамендацыі, выпрацаваныя ў Міністэрстве аховы здароўя, выкарыстоўвалі і пры лячэнні пацыентаў у Магілёве.

Калі ўзяць усю гісторыю барацьбы з COVID-19, то асабліва памятны вопытнаму ўрачу самы пачатак пандэміі. Першых пяць-сем пацыентаў, якія паступілі ў вельмі цяжкім стане, памятае не толькі па імёнах, але і па месцы прапіскі: Горкі, Магілёў, Асіповічы, Крычаў... Яны справіліся з хваробай. Засталіся ў сэрцы анестэзіёлага-рэаніматолага і тыя, хто памёр. Усе медработнікі цяжка перажываюць страты.

Але галоўнае – усё грамадства аб’ядналася, каб справіцца. У самым пачатку пандэміі валанцёры актыўна дапамагалі бальніцы з рэспіратарамі, сродкамі індывідуальнай абароны. Не варта змяншаць і ролю дзяржавы, якая падтрымала ўсім неабходным людзей у белых халатах. Некаторыя ўрачы хварэлі, але не масава, і менавіта дзякуючы сродкам абароны, дадаў суразмоўца. Апошні тэст, які зрабіў сам Валерый Васільевіч, таксама адмоўны, у тым ліку на антыцелы. А значыць, касцюмы, шапачкі, экраны, рэспіратары – усё нездарма.

Улічваючы велізарны вопыт анестэзіёлага-рэаніматолага, не выключаю магчымасці спытаць пра перамены за 27 гадоў яго практыкі.

– Бачыў велізарную колькасць навін, часам процілеглых, – адказвае ён. – Але галоўнае – слухаць пацыента і сябе. Крок – і выразная ацэнка сваіх дзеянняў. Калі зрабіў нейкія намаганні і вынік станоўчы – працягвай. Калі адмоўны – перастань, нават калі ў падручніку напісана па-іншаму. Гэта вельмі складаны працэс.

Акрамя таго, абсталяванне, з якім медык пачынаў у 1993 годзе, ні ў якое параўнанне не ідзе з сучасным. У якасці прыкладу прывёў нырачна-замяшчальны мультыфільтрат-апарат для нізкапаточнай вена-вянознай гемадыяультрафільтрацыі, гэта значыць выдалення вадкасці з арганізма. Зараз у рэанімацыі гэты прыбор замяняе ныркі пацыентам з паліорганнай недастатковасцю і ўжо не рэдкасць.

Напрыканцы пытаюся, як вопытны ўрач адносіцца да каранавіруса?

– Як да любой хваробы, бо захварэць нікому не хочацца, – адказвае Валерый Кананкоў. І раіць не забываць мыць рукі, насіць маску ў грамадскіх месцах, а пажылым людзям – абмежаваць свае перамяшчэнні. Хворых у яго аддзяленні ўжо менш, але яны ёсць. Таму асноўная рэкамендацыя – берагчы сябе і сваіх блізкіх, думаць пра іх. Дабро заўсёды вяртаецца, а зло заахвочваць нельга, інакш вырасце ў тваім агародзе, дзеліцца мудрасцю дасведчаны доктар.

ЛІЧБЫ

У Беларусі на 19 жніўня выздаравелі і выпісаны 67 647 пацыентаў, у якіх раней пацверджаны дыягназ COVID-19, інфармуе Міністэрства аховы здароўя.

Зарэгістраваны 69 801 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Усяго праведзена 1 437 110 тэстаў.

За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 622 пацыенты з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая