RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Урачысты прыём да 30-годдзя з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана адбыўся ў Магілёўскім аблвыканкаме

Урачыстая сустрэча старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага з кіраўнікамі гарадскіх і раённых арганізацый ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» адбылася сёння ў Доме саветаў. Мерапрыемства было прымеркавана да 30-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з далёкай краіны.

Акрамя ветэранаў і афіцэраў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, у зале прысутнічалі прадстаўнікі ваеннага камісарыята, структурных падраздзяленняў аблвыканкама, кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў, а таксама сваякі загінулых.

2238 дзён працягвалася вайна ў Афганістане. З больш за 600 тыс. удзельнікаў баявых дзеянняў каля 30 тыс. вайскоўцаў былі з Беларускай ССР, у тым ліку 3,5 тыс.ураджэнцаў Магілёўшчыны. 118 нашых хлопцаў так і не вярнуліся дадому. 585 узнагароджаны ордэнамі, 186-медалямі «За адвагу», з іх 68 – двойчы. Асобным радком у гісторыю афганскай вайны пасмяротна ўпісана імя магілёўца, Героя Савецкага Саюза Андрэя Мельнікава, які служыў у той самай 9-й роце, фільм пра якую зняў вядомы рэжысёр Фёдар Бандарчук.

«Можна па-рознаму ставіцца да падзей тых дзён і рашэння, прынятага калісьці кіраўніцтвам вялікай краіны, – падкрэсліў Уладзімір Даманеўскі. – Але самае важнае не гэта, а подзвіг воінаў, якія ўдзельнічалі ў афганскай вайне, які застанецца прыкладам патрыятызму, служэння Радзіме, абароны Айчыны для моладзі».

Кіраўнік рэгіёна адзначыў, што ў Магілёўскай вобласці і нашай дзяржаве сёння нямала робіцца, каб не забыць тыя падзеі, захаваць памяць аб гераізме землякоў, надаць увагу кожнаму ветэрану вайны ў Афганістане і сем’ям загінулых воінаў-інтэрнацыяналістаў. Важную ролю ў гэтым адыгрываюць абласная і раённыя арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, якія праводзяць вялікую працу, у тым ліку ў справе патрыятычнага выхавання маладога пакалення.

Падчас сустрэчы абмяркоўваўся шэраг актуальных пытанняў, якія датычыліся працаўладкавання ветэранаў вайны ў Афганістане, удасканалення працоўных адносін і медыцынскага абслугоўвання воінаў-інтэрнацыяналістаў, больш актыўнага асвятлення ў мясцовых СМІ іх дзейнасці.

Асабліва сімвалічнай у год юбілею стала тэма капітальнага рамонту помніка воінам-інтэрнацыяналістам у Магілёве, які быў адкрыты на беразе Дняпра ў 2002 годзе. Старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў запэўніў: да свята горада будзе абноўлена не толькі капліца, але і праведзена добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, усталявана сучаснае падсвятленне.

У сваю чаргу Уладзімір Даманеўскі прапанаваў прыцягнуць да рэалізацыі гэтага праекта прадпрыемствы і арганізацыі вобласці, жыхароў рэгіёна. «Гэта справа павінна стаць усенароднай, бо мемарыял з’яўляецца сімвалам гераізму і мужнасці нашых суайчыннікаў, данінай памяці пра тых, хто склаў галовы, выконваючы свой грамадзянскі і воінскі абавязак», – сказаў ён.

Вайна ў Афганістане скончылася 15 лютага 1989 года. Гэты дзень стаў днём-сімвалам, днём памяці ўсіх воінаў-інтэрнацыяналістаў. І былыя воіны, якія прыйшлі на ўрачысты прыём у аблвыканкам, у гонар свята надзелі кіцелі з ордэнамі і медалямі, ордэнскімі нашыўкамі. Цяпер да іх узнагародаў дадалася яшчэ адна. Уладзімір Даманеўскі ўручыў воінам-інтэрнацыяналістам медалі «30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана». Яны таксама атрымалі памятны падарунак – кнігу «Афганістан. Старонкі мужнасці», падрыхтаваную да юбілейнай даты інфармацыйным агенцтвам «Магілёўскія ведамасці».

Старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Уладзімір Васіленка ўручыў юбілейны медаль і старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая