RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Уся справа ў жаданні працаваць». Першага механізатара-тысячніка ўшаноўвалі ў Магілёўскай вобласці

У Магілёўскім раёне прайшла цырымонія ўшаноўвання механізатара, які ў бягучую ўборачную кампанію першым у рэгіёне перасягнуў рубеж 1 тыс. т намалоту. Ім стаў механізатар ЗАТ «Агракамбінат «Зара» Сяргей Алянкоў.

Віншаванні і падарункі камбайнер атрымаў проста ў поле, не адыходзячы ад свайго камбайна. Павіншаваць перадавіка прыехалі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, кіраўнікі раёна, прадпрыемствы, прафсаюзныя лідэры.

Як расказаў Сяргей Алянкоў, для яго гэта ўжо юбілейны, 25-ты, сезон на ўборцы. Сам родам з Чавускага раёна, разам з жонкай выхоўвае дваіх сыноў і дачку. У «Світанку» механізатар працуе чацвёрты год, а ў сельскай гаспадарцы - колькі сябе памятае.

«Вучыўся ў вучылішчы ў Буйнічах, там вучылі і на камбайнах працаваць, і на трактарах. Пачынаў працаваць у Чавускім раёне, тады быў такі калгас «50 год БССР». Першы камбайн быў «Дон-1500», гэта, напэўна, 1997 год быў. А зараз «Палессе» - камбайну другі год, - распавёў ён. - У мінулым годзе да 4 тыс. т збожжавых не дацягнуў, атрымалася 3, 7 тыс. т збожжа і кукурузы - 4,5 тыс.».

Падзяліўся перадавік і сваім сакрэтам поспеху на ўборачнай. «Уся справа ў жаданні працаваць», - падкрэсліў ён.

Як расказала гендырэктар агракамбіната Кацярына Зароўская, сёлета стаўку ў гаспадарцы зрабілі на азімыя культуры: плошчы азімага ячменю ў гэтым сезоне павялічыліся ў 6 разоў. І, нягледзячы на капрызы надвор'я, аграрыі з гэтай культуры сваё ўзялі. «У нас ужо завяршаецца ўборка азімага ячменю. Ураджайнасць паказвае высокую. Мы вельмі задаволеныя, што мы зрабілі стаўку менавіта на гэтую культуру і сябе збожжам забяспечым 100%», - сказала яна.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка адзначыў, што сёлета віды на ўраджай у рэгіёне добрыя. «На сённяшні дзень 10% па вобласці сабрана, - распавёў ён. - Мы прыбярэм усё, што ёсць. Прыбяром якасна, без страт. Самае галоўнае - гэта нашы людзі, якія гатовы працаваць. Яны ж чакаюць момант, чакаюць кожную хвіліну».

Па словах старшыні Магілёўскага аблвыканкама, азімы ячмень - гэта культура, якая мае шэраг плюсаў. «Для нас азімы ячмень - не толькі ўраджайная культура. Ён дае нам магчымасць раней пачынаць уборку для таго, каб лепш падрыхтавацца да восеньскай пасяўной, - адзначыў ён. - Камбайны гатовы, збожжатакі гатовы, уборка пайшла. Дасць Бог толькі надвор'е, астатняе будзе зроблена».

Акрамя гэтага, у рэгіёне працягваецца ўкос траў. «Мы таксама задзейнічалі тут вялікі арсенал і людзей, і тэхнікі для таго, каб нарыхтаваць кармы ў поўным аб'ёме. Нашыя планы сёлета даволі сур'ёзныя, недзе на 300-400 тыс. т мы плануем атрымаць больш да ўзроўню мінулага года, а для гэтага таксама трэба папрацаваць», - сказаў ён.

Адзначыў Анатоль Ісачанка і настрой аграрыяў. «Я бачу іх настрой, іх жаданне працаваць, жаданне зрабіць больш і лепшым. І гэта радуе», - падсумаваў ён.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая