Садзейнічанне ў працаўладкаванні і афармленні спадчыны, зямельныя спрэчкі, падтапленне ўчастка ў прыватным сектары. Вось асноўныя пытанні, з якімі звярталіся падчас адзінага дня прыёму грамадзян жыхары Магілёўскай вобласці да старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леаніда Зайца. На асабісты прыём, які Леанід Канстанцінавіч правёў сёння, 24 кастрычніка, у Бялыніцкім райвыканкаме, прыехалі не толькі жыхары райцэнтра і наваколля, але і Магілёўскага, Быхаўскага раёнаў.
Першы наведвальнік - 64-гадовы Анатоль Козыраў доўгі час працаваў вадзіцелем у раённай бальніцы. А ў сярэдзіне кастрычніка даведаўся, што кантракт з ім не працягнулі. Чалавеку крыўдна, бо ён, як запэўнівае, ніколі не меў ніякіх парушэнняў.
І. а. галоўнага ўрача Бялыніцкай ЦРБ Алена Храпко тлумачыць: з пенсіянерам Козыравым яны заключалі кантракт на год. За месяц да яго заканчэння, як належыць, паведамілі, што працягваць не будуць - пад роспіс. Ён аб тым, што не згодзен з рашэннем тады прамаўчаў, на яго месца ўжо ўзялі іншага вадзіцеля.
Па законе - праўда на баку працадаўцы, але, як адзначыў Леанід Заяц, другі бок таксама можна зразумець:
- Калі ў чалавека ёсць сілы і жаданне працаваць - трэба аказаць садзейнічанне ў працаўладкаванні.
Старшыня Бялыніцкага райвыканкама Вольга Прыстромская абяцае: «Прапануем яму варыянты па спецыяльнасці - у межах рэгіёну».
Жыхарка аграгарадка Тэхцін Бялыніцкага раёна Ала Марозава наракае, што падчас моцных дажджоў і адліг вада з дарогі патокам сцякае да яе ў двор (участак мае ўхіл). У выніку падмурак хаты амаль сышоў у зямлю, усярэдзіне будынка - волкасць, пах цвілі. Заяўніца, якая прынесла з сабой цэлы пакет дакументаў, сёння просіць аб адным: каб, нарэшце, было прынятае тэхнічна пісьменнае рашэнне, што спыніць яе паходы па інстанцыях.
Выслухаўшы прадстаўнікоў райвыканкама, Леанід Заяц даў даручэнне стварыць рабочую групу, на працягу месяца старанна вывучыць пытанне, і, нарэшце, знайсці шляхі вырашэння праблемы.
Сяргей Шпакоў з вёскі Дубінка Магілёўскага раёна не можа падзяліць зямельны надзел з фермерам. Пустуючая зямля была выдзелена яму па рашэнні сельвыканкама для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. А калі ён прывёў яе ў парадак, на падставе скаргі суседа, гэтае рашэнне адмянілі.
- Дамо даручэнні адпаведным службам, разбярэмся, - абяцае Леанід Заяц. - Галоўнае, каб усё было па законе.
Жыхарка вёскі Ямнае Быхаўскага раёна - індывідуальны прадпрымальнік Анастасія Мянькова, хоча, але не можа ўзяць у арэнду вадаём: разводзіць рыбу, заняцца рыбалоўствам у рэкрэацыйных мэтах. У просьбе на мясцовым узроўні ёй было адмоўлена, але на той падставе, што паводле дакументаў вадаёма не існуе. На справе так можа і здарыцца, калі не пачаць прыводзіць яго, які зараз зарастае, нікому непатрэбны, у парадак. Гэтым Настасся і плануе заняцца. Чалавек яна надзейны, актывістка БСЖ, дапамагае інвалідам, шматдзетным сем'ям.
- У Беларусі кожны кавалачак зямлі павінен быць дагледжаным. Калі ў маладой прадпрымальнай дзяўчыны ёсць жаданне заняцца рыбаводствам, няхай яго рэалізуе. Практыка сустрэч з людзьмі ў рэгіёнах заўсёды дае штуршок, каб адрэгуляваць праблему: бягучага характару або застарэлую, напрыклад, якая тычыцца добраўпарадкавання дарог, двароў. Мясцовыя ўлады не павінны адмахвацца ад такіх зваротаў. Усё, што ў інтарэсах нашай краіны, нашых людзей - павінна падтрымлівацца, - рэзюмаваў Леанід Заяц.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
23.04.2025 - 11:57
Мастер-классы и спортивный драйв: Белыничи станут площадкой молодежного регионального проекта
21.04.2025 - 10:54
Абноўленая плошча Перамогі ў Бабруйску. Рэканструкцыя да 80-годдзя Вялікай Перамогі
21.04.2025 - 10:06
Сяўба лёну на Магілёўшчыне: як аграрыі Шклоўскага раёна б'юць рэкорды па пасяўных плошчах
18.04.2025 - 10:31
16.04.2025 - 09:19
Рашэнне кватэрнага пытання - будаўніцтва арэнднага жылля. Адмысловая ўвага шматдзетным сем'ям
10.04.2025 - 14:48
Сучасны басейн для дзяцей і дарослых з'явіцца ў Слаўгарадзе ў 2025 годзе