30 чэрвеня недалёка ад в. Шчаткава Бабруйскага раёна пройдзе ваенна-гістарычная рэканструкцыя «Бабруйскі кацёл». Па словах арганізатараў, на сённяшні дзень заяўлена больш за 400 удзельнікаў з 65 ваенна-патрыятычных клубаў, таксама плануецца задзейнічаць некалькі дзясяткаў узораў ваеннай тэхнікі.
Нагадаем, кровапралітныя баі на пераправе каля в. Шчаткава прайшлі 28-29 чэрвеня 1944 года і адыгралі вызначальную ролю ў вызваленні Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Завяршальным этапам пераможнай Бабруйскай наступальнай аперацыі стала бітва за шчаткаўскі мост. Менавіта гэты пераломны гістарычны момант унёс вялікі ўклад у далейшы поспех аперацыі «Баграціён». На месцы бітвы ўстаноўлены памятны знак у гонар воінаў-вызваліцеляў і паспяховай пераправы чырвонаармейцаў цераз Бярэзіну — мемарыяльная пліта са схемай вызвалення Бабруйшчыны, а таксама фігура савецкага воіна са сцягам у руках.
Як распавёў начальнік ваенна-гістарычнай установы «Клуб баявой славы» Аляксей Шульга, у мерапрыемстве гэтага года будуць задзейнічаны рэканструктары з Беларусі і Расіі, таксама прыедуць госці з краін Балтыі і Ізраіля. Плануецца ўзмацніць відовішчнасць падзей, якія аднаўляюцца, павялічанай у параўнанні з мінулымі гадамі колькасцю авіяцыі. Акрамя таго, гледачоў будуць здзіўляць такімі легендарнымі ўзорамі тэхнікі ваенных гадоў, як БМ-8-24 - мадыфікацыя гвардзейскіх рэактыўных мінамётаў тыпу «Кацюша». Таксама ў рэканструкцыі плануецца ўдзел браніраванай, грузавой тэхнікі, артылерыі, гармат і інш.
«Рэканструкцыя - гэта не толькі зачаравальнае відовішча, але і выдатная магчымасць акунуцца ў атмасферу 1944 года, зразумець, што ў той час перажылі нашы гераічныя продкі, - адзначыў Аляксей Шульга. - Акрамя таго, тут усё ўзнаўляецца да драбнюткіх падрабязнасцяў. Мы звяртаем пільную ўвагу на дэталі, нічога не прыхарошваем, не прыдумляем, як гэта магло быць: у маючай адбыцца рэканструкцыі мінімум здагадак і максімум дакументальнасці. Аж да таго, што вы не ўбачыце тэхнікі, якая не ўдзельнічала ў гэтай бітве, усе мадэлі баявых машын сапраўды шмат гадоў таму выкарыстоўваліся падчас Бабруйскай наступальнай аперацыі. Нават палявая кухня-аўтапрычэп КП-41, якая будзе задзейнічана ўдзельнікамі рэканструкцыі для гатавання ежы — аўтэнтычная і, дарэчы, адзіная ў Беларусі, і гэта таксама частка гісторыі Вялікай Айчыннай вайны».
Ваенна-гістарычная рэканструкцыя, прысвечаная 80-м угодкам вызвалення Бабруйскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачнецца ў 14.00.
Рэканструкцыя баёў у раёне в. Шчаткава пройдзе пры падтрымцы Мінабароны Беларусі і стане часткай ваенна-патрыятычнага злёту «Бабруйскі кацёл». У ліку арганізатараў - Бабруйскі раённы выканаўчы камітэт і «Клуб баявой славы». Мерапрыемства не абмяжуецца толькі відовішчнай пастаноўкай, на працягу дня тут будуць працаваць выязны гандаль і інтэрактыўныя зоны, падрыхтавана канцэртная праграма. Уваход для ўсіх жадаючых вольны, а для гасцей на асабістым аўтатранспарце будуць арганізаваны парковачныя месцы.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
25.04.2025 - 15:07
23.04.2025 - 11:57
Мастер-классы и спортивный драйв: Белыничи станут площадкой молодежного регионального проекта
21.04.2025 - 10:54
Абноўленая плошча Перамогі ў Бабруйску. Рэканструкцыя да 80-годдзя Вялікай Перамогі