RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Вернем імёны герояў». Пра лётчыкаў, якія загінулі ў баі за Шклоў

26 чэрвеня 1944 года немцы адступалі перад імклівым надыходам савецкіх войскаў. Няўхільнай адплатай па ўсёй беларускай зямлі, змятаючы ворага, праходзіла аперацыя «Баграціён». Бясконцыя калоны войскаў і тэхнікі адступалі па ўсіх відах дарог.

На станцыі Шклоў стаялі пад парамі два нямецкія эшалоны, рыхтуючыся ісці на захад. Шмат працы было ў гэтыя дні ў нашых лётчыкаў. Цяжкія штурмавікі ІЛ-2, якія неслі бомбы на немцаў, суправаджаліся знішчальнікамі. Над дарогамі, па якіх адступаў вораг, працавалі самалёты 233-й штурмавой авіяцыйнай дывізіі. 26 чэрвеня Шклоў быў яшчэ ў распараджэнні ворага. І баявое заданне –разбамбіць варожыя эшалоны на станцыі Шклоў –атрымала група штурмавікоў менавіта гэтай дывізіі. Вось як гэта было.

З часопіса баявых дзеянняў 233-й ШАД.

«Група ў складзе дванаццаці ілаў 2312-га штурмавога авіяцыйнага палка, вядучы групы маёр Зыранаў пад прыкрыццём васьмі самалётаў ЛА-5, у 20.25–20.40 з вышыні 800 м і пікіраваннем з 200 м да брыючага палёту двума заходамі атакавала два варожыя эшалоны на ст. Шклоў. Эшалоны стаялі на месцы з паравозамі. Нягледзячы на моцны зенітна-артылерысцкі агонь, задачу група выканала. У выніку атакі былі ўзарваныя абодва эшалоны з боепрыпасамі, выбухі якіх экіпажы назіралі пасля адыходу ад цэлі на адлегласці 15–20 км.

У выніку процідзеяння група мела адну страту самалёта ІЛ-2 і лётчыка малодшага лейтэнанта Ерастава з паветраным стралком радавым Давыдавым. Прычына страты самалёта і экіпажа: пры бомбакіданні на брыючым палёце да 200 м выбухной хваляй перавярнула самалёт, і ён упаў на ўзарваныя эшалоны з боепрыпасамі».

Успаміны жыхара Шклова Леаніда Яфімавіча Аўчыннікава прадаставіў краязнаўца Аляксандр Грудзіна: «26 чэрвеня 1944 года пад вечар над Шкловам з’явіліся савецкія самалёты, якія вельмі моцна пачалі бамбіць варожыя аб’екты, асабліва станцыю Шклоў. У гэты дзень быў разбураны чыгуначны мост праз раку Серабранка. Адзін з савецкіх самалётаў немцы збілі, і ён упаў каля станцыі. Двух лётчыкаў з гэтага самалёта потым пахавалі непадалёк ад чыгуначнай воданапорнай вежы. На магіле быў невялікі драўляны слуп з чырвонай зоркай».

Лётчыкаў пахавалі за 200 м на поўнач ад станцыі ў завулку Базны. Вядома, прозвішчаў на маленькім абеліску не было. Хто загінуў, ведалі толькі ў штурмавой дывізіі, але наступленнепрацягвалася, і такіх магіл, і такіх смерцяў было шмат.

У 50-х гадах усіх загінулых у Шкловесалдат перапахавалі ў адну брацкую магілу, зараз гэта мемарыяльны комплекс «Памяць». Магчыма, туды і перапахавалі гэтых лётчыкаў як невядомых. Другі варыянт: лётчыкаў перапахавалі службы авіяцыйнай часці, дзе яны служылі. Але праблема ў тым, што прозвішчаў загінулага экіпажа няма нідзе.

Два экіпажы самалётаў 233-й штурмавой авіяцыйнай дывізіі, якія ўпалі і загінулі на тэрыторыі Шклоўскага раёна ў гэты дзень, пахаваныя ў брацкай магіле на грамадзянскіх могілках вёскі Пронцаўка. З дваццаці пахаваныхчалавек вядома толькі пяць. Магчыма, што і экіпаж самалёта, які загінуў на станцыі Шклоў, перапахавалі сюды службы іх авіяцыйнай часці. Пакуль дакладна пра гэта сказаць нельга. Але наш святы абавязак –увекавечыць імёны зусім яшчэ юных хлопчыкаў, якія загінулі ў канцы вайны за перамогу. Было б правільна напісаць іх прозвішчы на мемарыяльнай дошцы на будынку станцыі Шклоў: камандзір экіпажа ІЛ-2 лётчык Анатоль Яфімавіч Ерастаў, 1923 года нараджэння (Новасібірск), малодшы лейтэнант, 21 год; паветраны стралок Міхаіл Іванавіч Давыдаў, 1925 года нараджэння (Краснаярскі край, Піраўскі раён, сяло Піраўскае), 19 гадоў.

Шклоўскі краязнаўца Вольга Якаўлева просіць усіх, хто памятае з апавяданняў сваіх сваякоў пра магілу з невялікім помнікам з зоркай у завулку Базны, патэлефанаваць па тэлефоне 74-779. Нават маленькая інфармацыя аб пахаванні будзе неацэнная.

shklovinfo.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая