Прафесія, аб якой можна... спяваць
Сярод пераможцаў конкурсу на званне лепшага маладога спецыяліста года Магілёўскага раёна - ветурач ЗАТ «Сервалюкс Агра» Дзмітрый Ціпцюк
Пасля заканчэння Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Дзмітрый размеркаваўся ў філіял «Вендараж» РУП «Магілёўэнерга». Там пацыентамі маладога ветурача былі каровы, а ў ЗАТ «Сервалюкс Агра» - бройлерныя кураняты. Дзмітрый разважае, якія фактары павінны скласціся на першым працоўным месцы, каб у маладым спецыялісте падтрымаць амбіцыі, а не абламаць крылы:
— Па-першае, задаволены зарплатай. Хоць у горадзе ў мяне кватэра, працу мяняць не думаю. І ў нас вельмі шмат работнікаў прыязджаюць з горада, нават з іншых раёнаў. Аўтобус забірае практычна ад самага дома. Па-другое, атмасфера ў калектыве, стаўленне кіраўніцтва. У акадэміі атрымаў добры запас тэарэтычных ведаў, але практыкі не хапала. Калі прыйшоў на птушкафабрыку, за мной замацавалі дасведчанага ветэрынарнага лекара, і ён дзяліўся досведам.
Птушкафабрыка размешчана ў Мяжысетках, дзе жывуць бацькі Дзмітрыя, тут прайшло яго дзяцінства. Сям'я пераехала ў Беларусь з Казахстана. Трымалі вялікую гаспадарку: авечак, коз, коней, адсюль і любоў да жывёл. Аграгарадок Мяжысеткі камфортны для жыцця - гэта яшчэ адзін аргумент на карысць замацавання маладых спецыялістаў, лічыць Дзмітрый.
На конкурсе маладых спецыялістаў ветэрынар расказваў аб сваёй прафесіі з выдумкай - выканаў песню ўласнага сачынення. Калісьці вучыўся ў музычнай школе па класе акардэона, асвоіў сінтэзатар, граў у школьным ансамблі. Здзівіў Дзмітрый журы яшчэ адным талентам - смачнымі тортамі.
— У групе падтрымкі была мая любімая жонка Кацярына, — расказвае ён. — Пазнаёміліся ў акадэміі. Жонка таксама ветурач, працуем на адным прадпрыемстве. У 2018 годзе ажаніліся, а ў 2020-м у нас нарадзіўся сын Мацвей. Вырашылі прыняць удзел у конкурсе, таму што лічым, што ніхто за цябе не зробіць жыццё цікавым, нянудным. Самарэалізацыя - вынік самаразвіцця. Ніхто нікога не прымушае займацца нялюбай справай. Калі малады чалавек атрымлівае адукацыю дзеля скарыначкі, ён марнуе час. Некаторыя выпускнікі ветэрынарнай акадэміі расчароўваюцца ў прафесіі з-за таго, што першапачаткова не разабраліся: думалі, што гэта «коцікі, сабачкі», а жадання працаваць у сельскай гаспадарцы ў іх ніколі і не было.
Паназіраць за працай ветэрынара на птушкафабрыцы журналісту практычна немагчыма. Вельмі строгія санітарныя патрабаванні - староннім уваход забаронены. Дзмітрый, параўноўваючы працу з буронкамі і куранятамі, кажа, што па птушыным пацыентам хутчэй можна вызначыць хваравіты стан і своечасова пралячыць. У камандзе з ветэрынарам брыгадзір (накшталт заатэхніка на жывёлагадоўчай ферме). У падпарадкаванні - слесары-аператары. І трэба скаардынаваць работу так, каб захаваць пагалоўе і забяспечыць выпуск абсалютна бяспечных для здароўя прадуктаў харчавання.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
16.04.2025 - 09:19
Рашэнне кватэрнага пытання - будаўніцтва арэнднага жылля. Адмысловая ўвага шматдзетным сем'ям
10.04.2025 - 14:48
Сучасны басейн для дзяцей і дарослых з'явіцца ў Слаўгарадзе ў 2025 годзе
10.04.2025 - 11:17