RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Воінаў загінулай дывізіі перапахаваюць у Бабруйскім раёне

Воінаў загінулай дывізіі перапахаваюць у Бабруйскім раёне. Астанкі салдат будуць упакоены ў адной з брацкіх магіл на тэрыторыі Сычкоўскага сельсавета.

Нагадаем, у пачатку ліпеня пры правядзенні работ па замене кабеля каля вёскі Баяры Сычкоўскага сельсавета былі выяўлены касцяныя астанкі ваеннаслужачых Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Было прынята рашэнне Бабруйскага райвыканкама аб правядзенні тут поўнамаштабных палявых пошукавых работ, у выніку якіх падняты астанкі 8 чалавек і ўстаноўлены асобы чатырох чырвонаармейцаў. Усе яны аказаліся выхадцамі з Украіны, вайскоўцамі 30-й танкавай дывізіі 14-га механізаванага корпуса.

Практычна адразу ж пачаўся актыўны пошук звестак пра сваякоў загінулых абаронцаў Айчыны. Былі накіраваны афіцыйныя лісты па месцы прызыву вайскоўцаў, адпаведная інфармацыя размешчана на інтэрнэт-сайце райвыканкама і ў сацыяльных сетках. У выніку ўжо ўстаноўлены сваякі трох байцоў.

Так, у чырвонаармейца Якава Самсонавіча Яфанава, 1921 года нараджэння, ураджэнца вёскі Добрае Славянасербскага раёна Варашылаўградскай (цяпер Луганскай) вобласці, знайшліся пляменніца Ніна Хахлова з горада Зімагор’е Славянасербскага раёна і ўнучатая пляменніца Ірына Пяткоўская з сяла Добрае Луганскай вобласці. Вялікую дапамогу ва ўстанаўленні сваякоў аказалі журналісты інфармацыйнага агенцтва «Выток» з Луганска. На мясцовым тэлебачанні і сайце агенцтва выйшаў рэпартаж, у якім Ніна Хахлова выказала пажаданне пахаваць астанкі Якава Яфанава на радзіме, побач з маці чырвонаармейца, і паставіць агульны помнік.

У 20-гадовага чырвонаармейца Івана Антонавіча Фешчанкі з вёскі Стрыжаўка Ставішчанскага раёна Кіеўскай вобласці знайшлася стрыечная ўнучка Наталля Ларыкава (заўв.: Фешчанка І. А. – родны брат яе бабулі), якая таксама выказала пажаданне перапахаваць астанкі на радзіме.

Знайшоўся пляменнік і ў загінулага воіна Уладзіміра Панцеляймонавіча Юрыйчука, 1915 года нараджэння, родам з вёскі Траяны Галовінскага раёна Адэскай вобласці (цяпер Кіраваградская вобласць Украіны) – 70-гадовы Віктар Кушнір, які пражывае ў горадзе Ірпень Кіеўскай вобласці.

«Гэта толькі першыя дадзеныя пра сваякоў загінулых чырвонаармейцаў і ў будучыні яны яшчэ могуць быць дапоўнены, – паведаміў в. а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама Дзмітрый Вяроўкін. – Зараз працягваецца вывучэнне архіўных дадзеных з мэтай устанаўлення імені чацвёртага байца Ільенкі (імя невядома) Міхайлавіча з села Семяноўка Сумскай вобласці Украінскай ССР».

Як адзначыў Дзмітрый Вяроўкін, на жаль, хаатычнае размяшчэнне выяўленых астанкаў не дае магчымасці вылучыць каго-небудзь з агульнага пахавання для перадачы сваякам. Таму ўсе загінулыя воіны будуць пахаваны на беларускай зямлі ў адной з брацкіх магіл на тэрыторыі Сычкоўскага сельсавета. Дакладнае месца і дату вызначыць камісія райвыканкама. Ваенным камісарыятам рыхтуецца перадача асабістых апазнавальных медальёнаў сваякам загінулых.

Як загінула танкавая дывізія

Вядома, што 30-я танкавая дывізія была сфарміравана ў красавіку 1941 года ў Брэсцкай вобласці на базе 32-й танкавай брыгады. Дывізія знаходзілася ў складзе 14-га механізаванага корпуса Заходняй Асобай ваеннай акругі. Некаторыя камандзіры, сяржанты і радавыя байцы гэтай дывізіі ўжо мелі вопыт вайны ў Фінляндыі.

Аб трагічнай гібелі 30-й танкавай дывізіі ў першыя дні вайны мы знаходзім звесткі ў кнізе ваеннага гісторыка з Брэста Яўгена Дрыгі «Механізаваныя корпусы РККА ў баі. Гісторыя аўтабранетанкавых войскаў Чырвонай Арміі ў 1940-1941 гадах».

Як піша даследчык, пасля нападзення гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз, з першых гадзін вайны дывізія падвяргалася масіраваным налётам авіяцыі, несла цяжкія страты. Ужо раніцай 22 чэрвеня 1941 года танкісты прынялі першы бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Аднак на наступны дзень, 23 чэрвеня, праціўнік быў у Пружанах, а рэшткі 30-й танкавай дывізіі адышлі на мяжу Куклін, Лінёва.

Да раніцы 27 чэрвеня атрад 30-й танкавай дывізіі з невялікай колькасцю танкаў заняў абарону ў раёне Слуцка.

У баях 28 чэрвеня загінуў камісар корпуса Насоўскі, а сам камандзір палкоўнік Тутарынаў быў цяжка паранены і эвакуяваны ў Магілёў. Камандаванне войскамі ў гэтым раёне прыняў палкоўнік С. І. Багданаў, які вырашыў пачаць адыход на Асіповічы. Да зыходу 28 чэрвеня ў дывізіі заставалася 1 090 чалавек, 2 танкі Т-26, 90 аўтамашын і 3 трактары... 30 чэрвеня дывізія была расфарміравана.

Такім чынам, зыходзячы з агульнай карціны развіцця ваенных падзей тых дзён, можна выказаць здагадку, што воіны 30-й танкавай дывізіі загінулі на дарозе ля вёскі Баяры не раней за 28 чэрвеня 1941 года. Магчыма, гэта адбылося ў выніку авіяналёту праціўніка.

Па матэрыяле раённай газеты «Трыбуна працы»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая