RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Вольга Чупрыс аб выхаванцах ВК №2 у Бабруйску: нават тут дзеці не павінны губляць сувязь з сям'ёй

Нават знаходзячыся ў папраўчай установе, дзеці не павінны губляць сувязь са сваёй сям'ёй. Такой думкай з журналістамі падзялілася намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Вольга Чупрыс пры наведванні выхаваўчай калоніі №2 у Бабруйску.
 
«Прэзідэнт заўсёды кажа: трэба ва ўсім бачыць чалавека, - падкрэсліла Вольга Чупрыс. - Трэба быць неабыякавым, да ўсяго мець індывідуальны падыход. І ў сістэме выканання пакаранняў гэты падыход рэалізуецца: тут насамрэч бачаць чалавека. Прэзідэнт паставіў задачу паглядзець з пункту гледжання індывідуальнага падыходу і справядлівасці назначэнне пакарання, унесці прапановы. Яны павінны выцякаць з таго, што мы сёньня ўбачым. У пытанні перавыхавання маладых людзей, юнакоў, мы звярнулі ўвагу на тое, што тут сапраўды кожнае дзіця знойдзе сябе. Яму ствараюць умовы для таго, каб ён не пагрузіўся ў сябе, а наадварот - раскрыўся, навучыўся, калі недзе гэтага не паспеў. І дзеці гэта пацвердзілі. Калі дзіця хоча гуляць у хакей і некалі мела такую мару, то тут яму абавязкова створаць умовы. Ён будзе ездзіць на лыжах, альбо, калі хоча, маляваць, займацца замежнай мовай - створаны такія магчымасці».

Акрамя таго, адміністрацыя ўстаноў выканання пакаранняў працуе таксама ў тым напрамку, каб непаўналетнія не страчвалі сацыяльныя сувязі. «Як гаворыць Прэзідэнт, сям'я - гэта крэпасць нашай краіны, - прадоўжыла Вольга Чупрыс. - Нягледзячы на тое, што дзеці знаходзяцца тут, яны павінны адчуваць сувязь з сям'ёй. Зыходзячы з гэтага, змяніліся падыходы да таго, як арганізоўваць кароткатэрміновыя спатканні. Я сёння гэта бачыла на свае вочы: прыехалі сваякі да дзіцяці, бабуля і мама. Яны размаўляюць з дзіцем, сядзяць за сталом, прывезлі яму нейкія прадукты харчавання, размаўляюць, могуць яго абняць. Увогуле гэтыя сувязі захоўваюцца, і для дзяржавы гэта вельмі важна».

На думку Вольгі Чупрыс, такі падыход садзейнічае таму, што потым дзіця вяртаецца ў нармальнае жыццё, і не толькі не страчвае сацыяльныя сувязі, а нават набывае новыя. Так, адміністрацыя дапамагае выхаванцы ў далейшым працаўладкавацца, псіхалагічна пераадолець пэўныя рубяжы. І гэтыя кантакты трэба захоўваць, бо калі ў дзіцяці нешта адбудзецца зноў, можна будзе падключыцца ў тым ліку праз сістэму органаў унутраных спраў або сацыяльныя службы. «Павінна быць такая інтэграванасць», - падкрэсліла яна.

Яна таксама адзначыла, што пасля наведвання папраўчых устаноў і азнаямлення з іх базай будзе сфармулявана пэўнае бачанне, на аснове якога будуць уносіцца прапановы ў Закон аб амністыі.

Папраўчая ўстанова «Выхаваўчая калонія №2» упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Магілёўскай вобласці - адзіная ў сваім родзе. Сюды трапляюць непаўналетнія з усёй краіны ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў за розныя злачынствы, тут таксама адбываюць пакаранне выхаванцы больш старэйшага ўзросту. Больш за палову з іх асуджаныя за незаконныя распаўсюджванне, збыт і спажыванне наркатычных сродкаў. Калі ў папраўчай установе выхаванец зарэкамендуе сябе станоўча, у яго ёсць перспектыва вызваліцца датэрмінова.

У самой калоніі створаны ўмовы для таго, каб хлопцы змаглі скончыць агульную сярэднюю адукацыю з 8 па 11 класы (філіял ДУА «Сярэдняя школа №32 г. Бабруйска»), атрымаць працоўную прафесію столяра або слесара-рамонтніка (філіял №2 установы адукацыі «Бабруйскі» дзяржаўны індустрыяльна-будаўнічы каледж») і нават дыстанцыйна адвучыцца ў ВНУ (Маскоўскі інстытут эканомікі, палітыкі і правы). Напрыклад, у цяперашні час сем падлеткаў атрымліваюць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцях «менеджмент», «эканоміка» і «псіхалогія». Цяпер яны вучацца на першым і другім курсах, але нават пасля вызвалення змогуць прадоўжыць адукацыю. Выхаванцы развіваюцца не толькі інтэлектуальна, але таксама творча і фізічна. Для гэтага створаны розныя гурткі і секцыі па інтарэсах, абсталявана спартыўная і трэнажорная залы, арганізуюцца розныя мерапрыемствы. У якасці заахвочвання - нават выезд у горад у боўлінг, басейн ці аквапарк.

18-гадовы Дзмітрый Казусёнак патрапіў у выхаваўчую калонію два гады таму. «Усё пачалося ў школьным узросце, - успамінае ён. - Мне было 15 гадоў, я быў звычайным хлопцам са звычайнай сям'і, прычым поўнай - ёсць маці, бацька, сястра. Я родам з Украіны, праз канфлікт у 2014 годзе нам давялося пераехаць у Беларусь. Спачатку нам як бежанцам выдзелілі жыллё ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна. Пасля таго, як у фінансавым плане сям'я больш-менш устала на ногі, пераехалі ў Бабруйск, дзе зараз і жывем».

Зміцер адзначае, што жылі нядрэнна - грошай хапала, быў сыты і апрануты. «На кішэнныя выдаткі мне таксама давалі, аднак у нейкі момант мне захацелася больш, - працягнуў ён сваё апавяданне. - У родных увесь час прасіць грошы было сорамна і няёмка, я пачаў шукаць спосаб заробку. Спачатку расклейваў улёткі. Праца дастаткова цяжкая, а грошай мала. Потым знаёмы прапанаваў лёгкі заробак. Па ягонай радзе я пачаў працаваць закладчыкам. Мне патлумачылі, што ўсё будзе бясьпечна і канфідэнцыйна, ды і грошы абяцалі добрыя. Ужо на наступны дзень я атрымаў каардынаты, па якіх паехаў на заданьне».

Далей усё адбывалася як у сне - хлопец успамінае, што проста падняў з зямлі абматаны ізастужкай скрутак, прайшоў метраў дзесяць і яго затрымалі. «Усё адбылося як па пстрычцы пальцаў, хаця да гэтага нават не задумваўся, што гэта можа адбыцца, - кажа Зміцер. - Я быў проста падлеткам і жыў толькі адным днём, бесклапотна. Усё пачаў усведамляць ужо ў СІЗА, калі ў адно імгненне пазбавіўся хатняй утульнасці, любячых мамы і таты, сяброў. Тады я зразумеў, што страціў і што нарабіў. Калі на судзе пачуў «шэсць гадоў», убачыў маці ў слязах, які адвярнуўся і прыкрыў рукой твар бацькі, і мне стала сорамна перад імі».

Зміцер удзячны бацькам за тое, што тыя не адвярнуліся: кажа, падтрымліваюць і рэгулярна прыязджаюць - працяглыя і кароткія спатканні, званкі, лісты. Тым не менш зносін з блізкімі ўсё роўна не хапае, і гэта вельмі складана. Таму ён просіць сваіх аднагодкаў сур'ёзна задумацца над тым, як можна ў адно імгненне зламаць сваё жыццё і ўсё страціць.

«Як бы маляўніча не казалі, што гэта бяспечна і канфідэнцыйна, - гэта проста хлусня! Як бы ты не перастрахоўваўся, як бы не хаваўся, усё роўна адбудзецца правасуддзе, - упэўнены малады чалавек. - Ад гэтага нікуды не схавацца. Не думайце, што вы самыя хітрыя на свеце, лепш задумайцеся аб наступствах і аб тым, што можаце страціць».

Зміцер вельмі спадзяецца на амністыю: зараз ён разумее, якое гэта шчасце - проста апынуцца дома. «І за гэтую магчымасць я вельмі ўдзячны дзяржаве, - хвалюецца ён. - Я змагу ісці ў будучыню, атрымаць поўную адукацыю, стаць тым, кім я хачу і здзейсніць сваю мару. Буду паўнавартасна працаваць на карысць грамадства, ствару сваю сям'ю, буду законапаслухмяным. Дзяўчыны ў мяне няма, але я мару стаць лекарам-дантыстам, дапамагаць людзям».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая