RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Вопыт «лёгкіх ферм» Бялыніцкага ААТ «Аграсэрвіс»

Новыя адрыны для вырошчвання маладняку ў Бялыніцкім ААТ «Аграсэрвіс» з выгляду прымітыўныя: дашчаныя сцены, пабудовы значна ніжэйшыя за жалезабетонныя аналагі на малочна-таварным комплексе па суседстве. Але ўсё тут па-гаспадарску: сухая падсцілка і ў стойлах, і ў загонах, поўныя кармушкі.

У рад стаяць прафілакторыі для цялятаў (ад нараджэння да 3 месяцаў), затым памяшканне для ўтрымання жывёл да 6 месяцаў, наступны – звыш паўгода і апошні – для цёлак злучнага ўзросту. Будучы дойны статак сабраны ў адным месцы, разбіты на ўзроставыя групы, што значна спрашчае догляд і захаванне тэхналогій, каб маладняк рос здаровым і хутка набіраў вагу.

За сотняй самых маленькіх цялятаў у прафілакторыі прыглядаюць дзве цялятніцы. Лідзія Казлова кажа, што цалкам спраўляецца з напарніцай з гэтым «дзіцячым садам»:

– У гаспадарцы цяпер няма праблем ні з кармамі, ні з саломай. Наша справа – своечасова накарміць, напаіць, памяняць подсціл. Прывагі атрымліваем пад кілаграм – не той, што раней. Адсюль і наша зарплата ў кагосьці 700 рублёў, у кагосьці – 1000. А раней у разы ніжэйшая была. За кожнага цяляці перажываем, каб своечасова заўважыць, што апетыт знік і паведаміць ветэрынару. Ад гэтага наўпрост залежыць наш заробак.

Сёння пытанне, як захаваць маладняк і не дапусціць невытворчае выбыццё жывёлы, актуальнае ва ўсім рэгіёне. У гэтай бялыніцкай гаспадарцы яно стаяла асабліва востра. Прычыну не хаваюць – безгаспадарчасць пры ранейшым кіраўніку, ігнараванне тэхналагічных патрабаванняў. Цяперашні дырэктар Віктар Крыванос, які ўзначаліў сельгаспрадпрыемства ў маі гэтага года, неахвотна расказвае, у якім стане яму дасталіся фермы: гразь, мізэрныя прывагі, падзеж:

– Усюды павінна выконвацца тэхналогія. А якіх прывагаў можна было чакаць, калі ўтрымліваліся цяляты дзе папала: адны побач з каровамі стаялі, ніякай сарціроўкі жывёлы.

Нашай гаспадарцы патрэбны ветэрынар і заатэхнік. Што тычыцца ветэрынара, гарантуем заробак 1500 рублёў, службовую машыну і жыллё. Капітальныя цялятнікі з жалезабетону і цэглы гаспадарка б не пацягнула. Яны абышліся б у разы даражэй, усё б лягло на сабекошт прадукцыі. Каб нават гэтыя, палегчанай канструкцыі, пабудаваць, была аказана фінансавая дапамога з абласнога і раённага бюджэтаў. Трэба было тэрмінова наводзіць парадак.

Кампактныя прафілакторыі для цялятаў гаспадарка пабудавала сама, а вось 3 будынкі для адкорму маладняку – праца Бялыніцкага ПМК-241. Што з сябе ўяўляе канструкцыя: металічныя каркасы, бетонныя падлогі, шыферны дах і ашалёўка сцен з дошкі. Фактычны кошт аб’екта (тэрміны будаўніцтва люты–красавік) – больш за 620 тысяч рублёў. У столькі абышліся 3 пабудовы. Паводле слоў кіраўніка гаспадаркі, адзін капітальны хлеў з бетону і цэглы каштаваў бы 2,5 млн. рублёў. Як гаворыцца, адчуйце розніцу.

Вопыт «лёгкіх ферм» будзе растыражаваны і ў іншых гаспадарках вобласці, – дзеліцца планамі старшыня Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Віктар Віткоўскі:

– Малазатратныя і хуткаўзведзеныя адрыны па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы гасспосабам яшчэ раней былі пабудаваны ў СВК «Калгас “Радзіма”» Мы нацэльваем гаспадаркі на захаванне тэхналогіі, зараз праводзім семінары для заатэхнікаў, ветурачоў, загадчыкаў ферм раёна. Праводзім практычныя заняткі: як выпаіць цяляці малодзівам у першыя гадзіны жыцця пры дапамозе зонда, як захаваць маладняк. Дэфіцыт спецыялістаў зааветслужбы – гэта біч жывёлагадоўчай галіны ў рэгіёне. Забяспечанасць ветслужбай складае 53 %, заатэхнічнай – 72 %. У чым эканоміка тых жа прыбаўленняў? Калі сярэднясутачнае прыбаўленне складае 850 г і вышэй, то палавой сталасці цялушачка дасягае ў 13-15 месяцаў, а калі прыбаўленні мізэрныя 300-400 г, то ў 25-30 месяцаў. Уяўляеце, якія неабгрунтаваныя расходы на кармы, электраэнергію, заробак. Невытворчага выбыцця жывёлы можна пазбегнуць, выконваючы тэхналогію. Такія задачы сёння мы ставім перад усімі сельгасарганізацыямі вобласці.

mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая