RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Вялікая перамога здабыта дзякуючы стойкасці і адзінству ўсіх савецкіх людзей – Леанід Заяц

Вялікая перамога здабыта дзякуючы стойкасці і адзінству ўсіх савецкіх людзей, але дасталася цаной велізарных ахвяр. Такое меркаванне выказаў сёння падчас акцыі «Звон смутку» на Буйніцкім полі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.

«Гэта страшная вайна закранула кожную беларускую сям’ю, – падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. – Таму 22 чэрвеня – дзень нашага агульнанацыянальнага смутку. Сёння мы ўспамінаем усіх, хто, аддаўшы сваё жыццё ў імя міру, выканаў абавязак па абароне радзімы, успамінаем загінулых, закатаваных у фашысцкай няволі, памерлых у тыле ад голаду і нягод. Ніхто не забыты, нішто не забыта».

79 гадоў таму стальныя фразы Юрыя Левітана, якія апавясцілі аб пачатку вайны, падзялілі жыцці мільёнаў савецкіх грамадзян на «да» і «пасля». Для многіх, хто пасля не вярнуўся з фронту, быў закатаваны ў канцлагерах і турмах, занесены ў спісы зніклых без вестак, яны аказаліся пачаткам шляху ў неўміручасць.

Стаў несмяротным і подзвіг абаронцаў Магілёва, якія летам 1941 года больш чым на тры тыдні скавалі пераўзыходныя сілы ворага, адзначыў Леанід Заяц. Сярод іх былі не толькі салдаты рэгулярных часцей Чырвонай Арміі, але і байцы народнага апалчэння, простыя мірныя жыхары. Менавіта яны будавалі дваццацікіламетровы вал, які акружыў горад. Дзякуючы яму абаронцы Дняпроўскай мяжы змаглі самааддана трымаць абарону 23 дні і ночы, што дало магчымасць выйграць час для мабілізацыі сіл на адпор ворагу. Толькі на працягу адных сутак на Буйніцкім полі нашы войскі знішчылі 39 адзінак варожай тэхнікі, 350 фашыстаў. Пад уражаннем ад перажытага ваенны карэспандэнт Канстанцін Сіманаў напісаў: «У гэтым баі я ўбачыў перамогу мая 1945».

Кіраўнік рэгіёна выказаў падзяку ўсім, хто палічыў важным і патрэбным раніцай прыйсці на святое месца, каб пакланіцца памяці ахвяраў страшнай трагедыі. «Мы ганарымся тым, што Беларусь адбылася як незалежная дзяржава, якая праводзіць міралюбную шматвектарную знешнюю палітыку. Упэўнены, што беларускі народ захавае мір і спакой на сваёй роднай зямлі», – сказаў ён.

У сваю чаргу першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ», член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Дзмітрый Варанюк звярнуў увагу: мірнае неба над галавой – падарунак, атрыманы коштам неверагодных чалавечых ахвяр, мужнасці і гераізму. «І гэта акцыя, якая штогод у 4 гадзіны раніцы праводзіцца на святым месцы, – пасланне ўсім гарадам Сінявокай і свету аб тым, што Магілёўшчына – памятае, Беларусь – памятае», – канстатаваў ён.

Сімвалічна, што менавіта 22 чэрвеня на Буйніцкім полі пачнецца экспедыцыя па пошуку астанкаў савецкіх салдат, якія загінулі падчас абароны Магілёва ў 1941 годзе. У ёй прымуць удзел прадстаўнікі клуба «Віккру» і 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Мінабароны. «Нягледзячы на тое, што вайна даўно скончылася, многія загінулыя ў ваколіцах Буйніч і Цішоўкі салдаты і камандзіры ўсё яшчэ ляжаць у акопах і варонках, – расказаў камандзір пошукавай групы клуба «Віккру» Антон Пракапнёў. – Спадзяёмся: спіс тых, хто варты вечнай памяці і павагі, неўзабаве папоўніцца новымі імёнамі».

Традыцыйная акцыя «Звон смутку» адбылася сёння ў 4 гадзіны раніцы на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле». Пачалося мерапрыемства з ускладання кветак да капліцы, мітынгу-рэквіема, у якім прыняло ўдзел каля 300 чалавек – прадстаўнікі выканаўчай улады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, актыў БРСМ, навучэнцы і студэнты. Яны ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых на палях бітваў салдат, закатаваных у няволі вязняў фашысцкіх канцлагераў, старых, жанчын і дзяцей, якія назаўсёды засталіся ў ваенным ліхалецці нямецкай акупацыі.

Падчас акцыі была арганізавана работа палявой кухні, дзе частавалі гарачай гарбатай. Дабрацца да месца правядзення «Звону смутку» можна было на спецыяльна арганізаваных аўтобусах.

Арганізатарамі акцыі «Звон смутку» выступілі Магілёўскі абласны камітэт ГА «БРСМ», Магілёўскі абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, Магілёўскі абласны савет ветэранаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая