RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Выхаванцаў спецшколы-інтэрната ў межах акцыі «Нашы дзеці» павіншаваў віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак

Самыя шчырыя ўсмешкі, самыя моцныя абдымкі і самую непадробную радасць дораць нам дзеці. Яны дапамагаюць глядзець на свет добрымі вачыма, дораць веру ў тое, што няма нічога немагчымага і заўсёды робяць свет вакол сябе крыху ярчэйшым і шчаслівейшым. А яшчэ менавіта дзеці па-асабліваму чакаюць навагодняга чараўніцтва і ўсяляюць надзею ў тое, што чараўніком, які ўмее выконваць жаданні, можа быць кожны з нас. У рэспубліцы працягваецца традыцыйная штогадовая акцыя «Нашы дзеці». Падарыць усмешку тым, хто асабліва мае патрэбу ў дапамозе і падтрымцы, на Шклоўшчыну прыехаў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак. Ён павіншаваў з надыходзячым Новым годам выхаванцаў спецшколы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку.

У Шклоўскай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай спецшколе-інтэрнаце навучанне праходзяць 74 вучні. Напярэдадні навагодніх святаў ні адзін з іх не застаецца без увагі. І кожны дакладна ведае: ён важны і патрэбны сваёй краіне.

«У краіне праходзіць акцыя «Нашы дзеці». Яна дае магчымасць такім чыноўнікам, як я, адцягнуць увагу ад папер, кабінетаў, ад лічбаў і адчуць наша жыццё і радасць, пачуць дзіцячы смех... Новы год – насамрэч дзіцячае свята. І ўсе дарослыя, у тым ліку і я, успамінаюць свае дзіцячыя навагоднія святы, калі ёлка, можа быць, адрознівалася тым, што на ёй было менш цацак, а замест іх былі цукеркі, якія не заканчваліся. Няхай у вас будзе радасных момантаў больш у жыцці, няхай усмешкі будуць з вамі і вы нас імі будзеце радаваць. Няхай дарослыя робяць усё, каб ваша будучыня была выдатнай, прыгожай. І каб мары спраўдзіліся», – звярнуўся да маленькіх удзельнікаў свята Анатоль Сівак. Ганаровы госць азнаёміўся з тэхнічнай базай, абсталяваннем, і магчымасцямі, якія прадастаўляе ўстанова адукацыі.

Тое, што радасць і ўсмешкі дзяцей літаральна зараджаюць станоўчымі эмоцыямі, – ісціна вядомая. А бачыць шчасце на тварах тых, хто ў большасці сваёй адчувае свет толькі навобмацак, – прыемней удвая. Выхаванцы і самі чакалі гасцей, каб падарыць ім тое самае важнае, што можна вымераць толькі эмоцыямі. Сцэнічнае прадстаўленне і казка, у якой дабро заўсёды перамагае, карагоды вакол ёлкі і захапленне маленькіх удзельнікаў – усё знаходзіла водгук у гледачоў свята, сярод якіх былі старшыня райвыканкама Андрэй Камко, які прэзентаваў спецшколе-інтэрнату тэлевізар, а таксама старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі «Магілёўліфтмаш» Станіслаў Лагун, які ўручыў сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і запрасіў выхаванцаў і на экскурсію па прадпрыемстве.

Дырэктар установы адукацыі Інга Аляксандрава падзякавала ад імя педагогаў, выхаванцаў і іх бацькоў усім, хто знаходзіць час для таго, што рабіць свет для дзяцей лепшым: «Сёння да нас не змаглі прыехаць яшчэ адны нашы сябры – Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, і яны сёлета даслалі падарункі для дашкольнікаў. Дзякуй усім, хто сёння з намі, што знайшлі магчымасць наведаць нашу школу. Хай у Беларусі заўсёды будуць такія дзіцячыя святы, падставы сабрацца і павіншаваць адзін аднаго. Хай у нашай краіне жывуць і растуць шчаслівыя дзеці».

shklovinfo.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая