RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці паказваюць на стабілізацыю ва ўсіх сферах народна-гаспадарчага комплексу – Леанід Заяц

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці паказваюць на стабілізацыю ва ўсіх сферах народна-гаспадарчага комплексу. На гэта звярнуў увагу кіраўнік рэгіёна Леанід Заяц, адкрываючы сёння пасяджэнне аблвыканкама, дзе былі агучаныя вынікі працы за 9 месяцаў 2020 года і разгледжана выкананне бюджэту, перадае карэспандэнт сайта.

З 8 ключавых паказчыкаў, даведзеных Магілёўскай вобласці ўрадам, па выніках студзеня–верасня ў поўнай меры забяспечана толькі выкананне задання па прыцягненні прамых замежных інвестыцый. Пры гэтым ВРП перавысіў узровень мінулага года: тэмп росту склаў 100,3% (прычым Магілёўская вобласць – адзіная, якая перасягнула мяжу ў 100%).

Разам з тым, відавочная і станоўчая дынаміка, якая намецілася па многіх галінах рэальнага сектара эканомікі. У вельмі няпростых эканамічных умовах удалося вырашыць найважнейшую задачу – захаваць бесперабойнай працу прадпрыемстваў, не дапусціць масавага вызвалення работнікаў.

Паводле слоў намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслана Страхара, у рэгіёне паступова аднаўляецца попыт на працоўную сілу. Сёння заяўлена без малога 8 тыс. вакансій, што на 670 больш у параўнанні з маем. У сярэднім на аднаго беспрацоўнага прыпадае больш за 5 вакансій.

Палепшылася сітуацыя і па папаўненні кадраў. Калі па выніках паўгоддзя суадносіны прынятых і звольненых па вобласці складалі 89%, то па выніках 9 месяцаў ужо амаль 94%. А канкрэтна па верасні прыём кадраў на 10% перавысіў іх выбыццё.

Руслан Страхар падкрэсліў: Сельская гаспадарка ў бягучым годзе аб’ектыўна з’яўляецца асноўным драйверам эканомікі як Беларусі ў цэлым, так і Магілёўскай вобласці. Тэмп росту па рэгіёне валавога аб’ёму вытворчасці па выніках студзеня–верасня ў гаспадарках усіх катэгорый склаў 105,7%, у тым ліку ў сельгасарганізацыях – 110%. Гэта з’явілася вынікам цэлага комплексу мерапрыемстваў як у раслінаводстве, так і жывёлагадоўлі.

Звяртаючыся да старшыняў райвыканкамаў, Руслан Страхар звярнуў увагу, што да канца года менавіта жывёлагадоўля будзе забяспечваць гаспадаркі выручкай, неабходнай для выплаты заработнай платы і іншых плацяжоў. У сувязі з гэтым пытанні тэхналагічнай дысцыпліны варта ўзяць на жорсткі кантроль. Кожная гаспадарка без выключэння, дзе вытворчасць малака не дасягнула ўзроўню 2019 года, павінна пераадолець гэтую планку, а раёны ў цэлым – закласці базу для далейшага росту ў наступным годзе.

Таксама намеснік старшыні нагадаў: рост прадукцыі сельскай гаспадаркі мае мультыплікатыўны эфект, бо істотна ўплывае на вытворчасць перапрацоўчай харчовай прамысловасці, якая займае 30% ва ўсёй прамысловай прадукцыі вобласці.

Характарызуючы развіццё прамысловага комплексу Магілёўшчыны, Руслан Страхар адзначыў, што пасля падзення аб’ёмаў у красавіку–маі, звязанага з закрыццём межаў, цяжкасцямі з пастаўкамі сыравіны і камплектуючых, адгрузкай прадукцыі, пачынаючы з чэрвеня прамысловасць стала аднаўляцца. Па выніках 9 месяцаў тэмп росту дасягнуў 101%. І гэта найлепшы паказчык сярод рэгіёнаў.

Пры гэтым у няпростых умовах турбулентнасці знешніх рынкаў розныя галіны па-рознаму зрэагавалі на іх. У прыватнасці, негатыўны ўплыў на фарміраванне аб’ёмаў прамысловай вытворчасці вобласці аказвалі па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах арганізацыі рэспубліканскай падпарадкаванасці. Перавысіць аб’ёмы мінулага года ўдалося за кошт камунальных арганізацый і юрыдычных асоб без ведамаснай падпарадкаванасці. Што тычыцца прыватных кампаній, то пачынаючы з чэрвеня яны сталі паступова аднаўляць і нарошчваць аб’ёмы вытворчасці. Так, ЗТАА «ВМГ Індустры» і ТАА «Махіна ТСТ» ужо ў ліпені павялічылі аб’ёмы ў 1,2 раза, а ў верасні – у 1,5 раза. Лідарам па прыросце застаецца кампанія «БелЭмса». За кошт уводу новых аўтаматычных ліній па вытворчасці масак аб’ёмы вытворчасці ў ліпені тут павялічыліся ў 4,6 раза, жніўні – у 4,7 раза, верасні – 7 разоў, а ў цэлым за 9 месяцаў – амаль у 3 разы. «Гэта яркі прыклад таго, як неабходна адчуваць кан’юнктуру рынку і своечасова пашыраць асартымент прадукцыі», – падкрэсліў Руслан Страхар.

Ён дадаў, што прырост аб’ёму будаўніча-мантажных работ па выніках студзеня–верасня да аналагічнага перыяду 2019 года склаў 2,2%. Уведзена ў эксплуатацыю 229 тыс. кв. м агульнай плошчы жылых дамоў. Адным з негатыўных момантаў у гэтай сферы з’яўляецца невыкананне асобнымі гаррайвыканкамамі даручэння аблвыканкама па заключэнні з грамадзянамі крэдытных дагавораў на працягу аднаго месяца пасля пачатку ўзвядзення шматкватэрных жылых дамоў. А гэта прыводзіць да нерытмічнага фінансавання і зацягвання тэрмінаў будаўніцтва.

На спажывецкім рынку вобласці ў цяперашні час сітуацыя стабільная. Збалансаванасць забяспечваецца дастатковым асартыментам тавараў, адсутнасцю павышанага попыту і дэфіцыту. У перыяд няпростай эпідэміялагічнай абстаноўкі гандлёвыя арганізацыі спрацавалі аператыўна і забяспечылі бесперабойную наяўнасць неабходных тавараў ва ўсіх рэгіёнах. Разам з тым сітуацыя ў эканоміцы паўплывала і на галіну гандлю, а прынятыя меры не дазволілі ў поўнай меры дасягнуць запланаваных паказчыкаў па развіцці рознічнага тавараабароту і ўкладу ў ВРП вобласці.

Што тычыцца экспарту тавараў, акрамя пандэмічных праблем, тут аказала ўплыў зніжэнне сусветных цэн па цэлым шэрагу пазіцый, абмежаванне паставак прадуктаў харчавання нашых буйных вытворцаў у Расійскую Федэрацыю. І ўсё ж, нягледзячы на агульнае зніжэнне аб’ёмаў экспарту ў краіны ЕС, атрымалася нарасціць пастаўкі ў 13 краін Еўрасаюза. На рынкі дзяржаў «дальняй дугі» і іншых краін экспарт павялічыўся на 23%, у тым ліку ў КНР – у 1,5 раза. У няпростай сітуацыі змаглі не толькі захаваць, але і нарасціць станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі, якое па выніках 9 месяцаў дасягнула $367 млн.

«Нягледзячы на існуючыя складанасці і выклікі, ніхто не здымае са старшыняў гаррайвыканкамаў, кіраўнікоў арганізацый адказнасць за павышэнне эфектыўнасці работы арганізацый і выхаду іх на бясстратную працу, – падкрэсліў Руслан Страхар. – І найважнейшая задача тут – мэтанакіраваная і сістэмная работа па зніжэнні ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. Бо ад фінансавай устойлівасці арганізацыі напрамую залежыць узровень аплаты працы яе работнікаў».

У сваю чаргу, Леанід Заяц звярнуў увагу, што ўтрыманне тэмпаў развіцця вобласці, не ніжэйшае за ўзровень 2019 года, у прыярытэце. «Суседнія краіны істотна знізілі аб’ёмы вытворчасці валавога ўнутранага прадукту. У Беларусі за 10 месяцаў ён склаў 98,9%. Гэта значыць, адставанне ад мінулага года толькі 1,1%, – адзначыў кіраўнік рэгіёна. – Значны ўплыў аказала пандэмія. Але пазіцыя Прэзідэнта краіны, якая была рэалізаваная своечасова і правільна, паказала: эканоміка не страціла і паступова набірае абароты».

Гаворачы аб бюджэце вобласці, Леанід Заяц заклікаў камітэты і ўпраўленні цалкам асвоіць дзяржаўныя субвенцыі да канца года і падкрэсліў неабходнасць максімальнага закрыцця першачарговых плацяжоў па ахове здароўя.

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая