RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Выпуск спецыяльнага праекта Агенцтва тэленавін «На кантролі Прэзідэнта»: кадры для АПК

Штогод амаль тысячу маладых спецыялістаў выпускаюць са сцен Горацкай сельгасакадэміі. Рыхтуюць кадры для сяла і многія іншыя навучальныя ўстановы па ўсёй краіне. Але чаму гарантый на прыжывальнасць спецыялістаў на вёсцы не даюць часам нават 1000-рублёвыя зарплаты? Пра гэта – чарговы выпуск спецыяльнага праекта Агенцтва тэленавін, які выйшаў у эфіры канала «Беларусь 1».

Дырэктар аграфірмы «Слаўгарадскі», што ў Глускім раёне, Уладзімір Штылёў і заробкам у тысячу рублёў спецыялістаў завабліваў, і службовы транспарт прапаноўваў – не прыжываюцца. За апошнія гады мінімум 5 чалавек праз гаспадарку прайшлі транзітам.

– Адсутнічае галоўны ветэрынар у гаспадарцы, не хапае аднаго ветфельчара. Два тры месяцы – і сыходзяць, не вытрымліваюць нагрузак. Бо калі разабрацца, кожны дзень праца павінна рабіцца. Нават у суботу і ў нядзелю.

Такая сітуацыя ледзь не ў кожнай другой гаспадарцы Глускага раёна, што ператварыла яго ў аўтсайдары ў маштабах цэлага рэгіёна. Укамплектаванасць спецыялістамі – менш за 80 %, недахоп ветурачоў і заатэхнікаў. Як вынік – праца ў страту, заўважае намеснік старшыні Бабруйскага міжраённага КДК Іна Левітан.

– Ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна адзначаецца невыкананне тэхналагічных рэгламентаў, недахоп кармоў, невыкананне рацыёнаў кармлення. У выніку нізкія сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме, нізкія надоі.

А вось заатэхнік-селекцыянер «Слаўгарадскага» Алег Сініцын нарадзіўся ў вёсцы. Там і спатрэбіўся. Малады спецыяліст сёлета вярнуўся пасля вучобы ў родную гаспадарку.

– Я тут жыву, мне намнога прасцей. Большасць спецыялістаў ведаю, яны мяне ведаюць, хоць і старэйшыя за мяне. Тым, хто прыехаў з горада, складаней будзе: новы калектыў, новыя людзі. І ўсіх трэба ведаць хоць бы трошкі.

Але самае галоўнае – жаданне на зямлі працаваць. Алег упэўнены, што толькі тады будзе аддача. Пра гэта не раз казаў і Прэзідэнт:

– Урад павінен выбудаваць аптымальную сістэму. Для паступлення ў аграрныя ВНУ неабходна штогод адбіраць абітурыентаў, знаёмых з сельскім укладам жыцця і вытворчасцю. Менавіта іх трэба накіроўваць на мэтавую падрыхтоўку ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

2.321 спецыяліст – такі штогадовы заказ дзяржавы аграрных ВНУ. Спецыялісты Мінсельгасхарча манітораць сітуацыю па кожным рэгіёне, рэгулюючы набор на спецыяльнасці, тлумачыць начальнік галоўнага ўпраўлення міністэрства Уладзімір Самсонавіч:

– Рэгулюем у залежнасці ад патрэбы. За апошнія гады значна паменшылі набор на эканамічны профіль, там змяняльнасць меншая. А на тэхналагічны (заатэхнія, ветэрынарная медыцына, аграномія) – павялічылі.

Штогод амаль тысячу маладых спецыялістаў выпускаюць са сцен галоўнай у краіне альма матар заатэхнікаў і аграномаў – Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Іх ведаюць усіх да аднаго – каго і куды накіроўваць. А галоўнае, ведаюць, каму патрэбныя тыя ці іншыя спецыялісты. Пад рукой у новага рэктара Акадэміі Віталя Веліканава – спецыяльная карта Беларусі з заяўкамі. І нуль на асобна ўзятым раёне сёння яшчэ не гарантыя, што яму не спатрэбіцца спецыяліст заўтра.

– Студэнты, якія заканчваюць бюджэтную форму навучання, падлягаюць 100-працэнтнаму размеркаванню, ідуць на вытворчасць. Тыя, хто вучыўся за ўласныя сродкі, не размяркоўваюцца. Але мы, натуральна, ім таксама дапамагаем атрымаць сваё першае месца працы.

Заслугі гэтай альма матар каласальныя, прычым у сусветных маштабах. Менавіта тут сабралі першы на планеце прататып збожжаўборачнага камбайна. А яшчэ ўпершыню ў сусветнай практыцы пачалі рыхтаваць менеджараў для сельскай гаспадаркі. Пачаўшы з земляробчай школы і прайшоўшы шлях у 179 гадоў, акадэміязмагла перарасці ў найбуйнейшую аграрную ВНУ Еўропы, падрыхтаваць больш за 150 тысяч спецыялістаў ад Прыбалтыкі да Кітая. І стаць галоўным пастаўшчыком кадраў для сельскай гаспадаркі Беларусі. 21 спецыяльнасць – і кожная важная для эканомікі краіны. З 4 гадоў, адведзеных на навучанне механізатараў, 14 месяцаў тут аддаецца практыцы. Прычым з макетаў і сімулятараў толькі пачынаюць, адпрацоўваючыскладаныя сітуацыі на рэальных айчынных машынах. А з замежнымі агрэгатамі, думаеце, не справяцца? Дэкан факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі БДСА Уладзімір Гусараў успамінае цікавы выпадак:

– Наш выпускнік, будучы ў Краснадарскім краі, ліквідаваў паломку імпартнага камбайна, якую нямецкія інжынеры прызналі неадольнай, дэталь была неразборная. Ён змог той клапан разабраць, сабраць зноўку – і праз паўгадзіны камбайн пайшоў!

У Горках разумеюць, што асноўная задача – падрыхтаваць універсальнага спецыяліста. Але і самі прадпрыемствы не павінны заставацца ўбаку, калі хочуць атрымаць добрага работніка. На гэта таксама звяртаў увагу Прэзідэнт:

– Прэтэнзіі ў гэтым пытанні да вытворцаў. Вам, як заказчыкам кадраў для вёскі, трэба непасрэдна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы будучых работнікаў. Арганізаваць для іх добрую практыку, дадатковае навучанне з улікам патрэбнасці канкрэтнай вытворчасці, стварыць неабходныя ўмовы ў перыяд вучобы і на старце вытворчай дзейнасці.

Менавіта так зрабілі ў Круглянскім раёне – у сельгаспрадпрыемстве «Някрасава Агра». Выпускнік БДСА Павел Ціханаў, якіпрацуе тут,адзначае:

– Сельскагаспадарчая акадэмія дае моцныя веды, якія застаецца толькі замацаваць на практыцы. Таму нас тут чакаюць.

Парк па сельскіх мерках немалы – 15 адзінак тэхнікі, у тым ліку 6 энерганасычаных трактароў і 5 камбайнаў. І дырэктар КСУП «Някрасава Агра» Аляксей Хмялеўскі задаволены:

– Хацелася б пажадаць Горацкай акадэміі, каб яна пабольш выпускала такіх спецыялістаў, як Паша.

Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны кадры для АПК рыхтуе 95 гадоў. Яе выпускнікі працуюць у гаспадарках, на перапрацоўчых прадпрыемствах і ў лабараторыях. Па дыплом сюды прыязджаюць больш чым з 20 краін свету – з Узбекістана, Ізраіля, Лівана, Эквадора, многіх іншых. Рэктар Мікалай Гаўрычэнка перакананы:

– Каб стаць добрым спецыялістам, неабходна 2-3 гады практыкі пад кіраўніцтвам вопытных спецыялістаў. У нас маецца 7 клінік, віварый, 60 базавых прадпрыемстваў. Кожнае тэарэтычнае пытанне падмацоўваецца практычнымі навыкамі і ўменнямі.

Гэта важна, нават калі на фермах поўная аўтаматызацыя. Як у СГП «Мазалавагаз», дзе жывёл корміць робат. А ў кожнай каровы ёсць разумны аброжак-гаджэт, з якога счытваюцца ўсе даныя. Аднак прафесіяналы і тут у цане. Перспектыўным прадастаўляюць жыллё – стымул, каб застацца і зрабіць кар’еру. Да чаго заклікае і Прэзідэнт:

– У нас усюды недахопаў у ВНУ хапае. Трэба бліжэй да жыцця рыхтаваць студэнтаў. А самае галоўнае, каб яны пасля заканчэння вучобы прыходзілі туды, куды трэба, для чаго яны атрымлівалі гэтую адукацыю. А не ехалі незразумела куды і не прасіліся ўсе працаваць недзе там сакратарамі, рэферэнтамі і дарадцамі.

Але такое стаўленне да будучых кадраў, як у знакамітым СВК «Калгас “Радзіма”» Бялыніцкага раёна, рэдка дзе сустрэнеш. Школьнікі з Вішова – базы вядомай на ўсю краіну гаспадаркі – з раніцы за партамі, а пасля абеду ўсе ў сад. Вучаніца Анастасія Шынкарова тлумачыць:

– З пятага класа мы сталі дапамагаць ва ўборцы яблыкаў, з восьмага – на відавой праполцы збожжа. У дзень атрымліваецца недзе8 рублёў. Акрамя гэтага, мне плацяць стыпендыю за алімпіяды, спартыўны ўдзел. Хоць мае бацькі не працуюць у калгасе.

Кадры, з гонарам заўважае кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Лапацентаў, гадуем самі:

– І ні ў якім выпадку не ставім пытанне бясплатна задзейнічаць дзяцей на зборы яблыкаў, уборцы бульбы, падпрацоўцы на збожжатоках. Не толькі аплачваем іх працу на роўных з дарослымі, але і з улікам маладосці павялічваем расцэнкі на 10-15%. Бо кадравы патэнцыял – гэта аснова асноў.

Разумеюць гэта і ў «Слаўгарадскім». На днях там заключылі дзве мэтавыя дамовы з будучымі выпускнікамі аграрных ВНУ, якіх чакаюць у пачатку наступнага года, – ветфельчарам і галоўным ветурачом. Галоўнае, каб гэтыя парасткі кадраў прыжыліся на зямлі.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая