RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Высокатэхналагічны кардыялагічны цэнтр адкрыецца ў Магілёве

У Магілёве ў пачатку лістапада адкрыецца шэраг значных сацыяльных аб’ектаў. Пра гэта паведамілі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.

Будаўніцтва кардыяхірургічнага і кардыятэрапеўтычнага карпусоў Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы рэалізавана дзякуючы інвестыцыйнай праграме Магілёўскай вобласці і дзяржаўнай праграме «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021–2025 гады. Аб’екты аб’яднаны ў адзіны сучасны кардыялагічны цэнтр з высокатэхналагічным абсталяваннем сусветнага ўзроўню. Ва ўстанове будзе функцыянаваць новы камп’ютарны тамограф, рэнтгенаўскі апарат, кансолі для рэанімацыйных аддзяленняў, УЗІ-апараты. Гэта істотна пашырыць магчымасці функцыянальнай дыягностыкі і дазволіць кардыялагічным пацыентам прайсці поўны комплекс абследавання на базе адной установы.

Кардыятэрапеўтычны корпус уяўляе сабой пяціпавярховы будынак плошчай амаль 14,3 тыс. кв. м на 172 койка-месцы. Тут будуць размешчаны рэгістратура і кардыялагічная кансультацыя, аддзяленне функцыянальнай дыягностыкі, кабінет кантролю і перапраграмацыі электракардыястымулятара. У корпусе размесцяцца 4 кардыялагічныя аддзяленні па 40 ложкаў у кожным і рэанімацыя на 12 месцаў. Чатырохпавярховы будынак кардыяхірургічнага корпуса будзе злучаны з кардыятэрапеўтычным. Яго плошча складае больш за 8,7 тыс. кв. м, а ложкавы фонд – 52 месцы. Тут абсталяваны блок на 4 аперацыйныя, у тым ліку адна гібрыдная. Акрамя таго, спраектавана рэанімацыйна-анестэзіялагічнае аддзяленне на 12 месцаў, кардыяхірургічнае на 12 ложкаў, палата інтэнсіўнай тэрапіі, аддзяленне трансплантацыі і прыёмнае аддзяленне з кабінетамі рэнтгенаўскай камп’ютарнай тамаграфіі і рэнтгенаграфіі.

Як адзначыў галоўны ўрач абласной клінічнай бальніцы Анатоль Кулік, увод новага кардыялагічнага цэнтра ў Магілёве значна паменшыць ліст чакання для пацыентаў з неабходнасцю аператыўнага лячэння ішэмічнай хваробы. Кардыялагічныя плошчы дазволяць падняць на новы ўзровень дапамогу пацыентам з паталогіямі сардэчна-сасудзістай сістэмы, а чарга чакання на адкрытыя аперацыі на сэрцы скароціцца. Узрасце і колькасць кардыяхірургічных аператыўных умяшальніцтваў – з 270 да 500 на год.

«Новыя тэхналогіі дазволяць аперыраваць не толькі на сэрцы, але і на крывяносных сасудах: аорце, артэрыях ніжніх канечнасцяў, артэрыях галавы, – удакладніў Анатоль Кулік. – Новым напрамкам для абласнога цэнтра стануць аперацыі па радыёчастотнай абляцыі – кірунак хірургічнага лячэння парушэнняў рытму тахіформ. Такія магчымасці цалкам зменяць абстаноўку. Напрыклад, мігацельную арытмію на тэрыторыі вобласці пакуль не лечаць – пацыенты з такой паталогіяй накіроўваюцца толькі ў РНПЦ «Кардыялогія». Зараз аперацыю можна будзе зрабіць у рэгіёне. У кардыяхірургічным корпусе размесціцца і аддзяленне трансплантацыі. У перспектыве магілёўскія медыкі асвояць перасадку не толькі нырак, але і печані».

Акрамя таго, значнай падзеяй для магілёўцаў стане і адкрыццё фізкультурна-аздараўленчага комплексу з басейнам у мікрараёне жылой забудовы Фаціна. У будынку размясціліся спецыялізаваныя спартыўныя залы для водных відаў спорту, трэнерскія, кафэ, распранальні, канферэнц-зала на 49 месцаў. Пабудаваны два закрытыя басейны на 25 і 50 м агульнай плошчай больш за 10, 5 тыс. кв. м. Менавіта яны будуць уведзены ў другую чаргу будаўніцтва. Вялікі басейн адпавядае ўсім міжнародным стандартам і зможа прымаць спаборніцтвы высокага ўзроўню.

«Адкрыццё басейнаў не толькі павысіць наведвальнасць нашага комплексу, але і зробіць яго адным з найбуйнейшых спартыўных цэнтраў у Магілёве, – падкрэсліў дырэктар ФАКа Алег Дудко. – Практычна ўсе басейны і буйныя спартыўныя аб’екты сканцэнтраваны ў Ленінскім раёне горада, і жыхарам Кастрычніцкага не заўсёды зручна туды дабірацца. Зараз гэта праблема будзе вырашана. На сёння галоўнай задачай застаецца стварэнне для нашых дзяцей камфортных умоў для заняткаў фізічнай культурай і спортам, а таксама забеспячэнне іх прафесійнымі спецыялістамі».

Па словах Алега Дудко, спартыўны комплекс з нецярпеннем чакалі жыхары ўсяго горада. Не ў поўную сілу аб’ект стаў працаваць з гэтага года: тут ужо дзейнічаюць залы бокса і барацьбы, праходзяць заняткі па стральбе з лука, трэніроўкі па настольным тэнісе. Ёсць секцыі дзюдо, каратэ, тхэквандо. На сённяшні дзень у спарткомплексе па розных напрамках займаецца каля 300 хлопчыкаў і дзяўчынак і набор яшчэ працягваецца. Для дарослых наведвальнікаў працуе трэнажорная зала, арганізаваны заняткі па фітнесе.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая