RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Высокія паказчыкі па намалоце збожжа паказвае ААТ «Агракамбінат «Зара» Магілёўскага раёна

Высокія паказчыкі па намалоце збожжа паказвае Магілёўскі раён, а менавіта ААТ «Агракамбінат «Зара». У гаспадарцы, паводле даных на 30 жніўня, намалочана 15310,4 тон збожжа. Ураджайнасць таксама нядрэнная - 46,6 ц/га.

Добрыя вынікі паказвае малады вадзіцель Раман Сарокін, які ўжо пераадолеў 4-тысячную мяжу па адвозцы збожжа. Сельскі працаўнік ужо не першы раз ставіць рэкорд. У 2020 годзе ён таксама быў чатырохтысячнікам.

- У мінулым годзе мне не хапіла 500 тон, але я не знерваваўся, - прызнаецца перадавік. - Даў сабе слова выканаць у гэтым.
 
Абяцанне самому сабе Раман Сарокін стрымаў. Па яго настроі бачна, што малады чалавек хоча пабіць свае леташнія рэкорды. Праца кіроўцы вабіла Рамана яшчэ з дзяцінства.

- Мае бацькі - работнікі сельскай гаспадаркі, - распавядае Раман. - Тата - механізатар, мама - жывёлавод. Праца бацькі была мне заўсёды па душы. Я часта сядзеў у ягоным трактары, любіў вывучаць яго. Ды і сваю працоўную дзейнасць я пачынаў менавіта з палёў.
 
Яшчэ з першага дня працы Раман зразумеў, што гэтая справа яму па душы. Ён з радасцю ідзе на працу. Таму што цікава, годная зарплата, добрае стаўленне кіраўніцтва, выдатны калектыў, смачна кормяць, а яшчэ - побач працуе каханая жонка.

Вольга Сарокіна - жонка маладога і перспектыўнага вадзіцеля-перадавіка ў агракамбінат "Зара" прыбыла па размеркаванні. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій дзяўчына з дыпломам інжынера-тэхнолага працаўладкавалася ў камбікормавы цэх тэхнолагам.
 
– Сельская праца мяне не палохае, – прызнаецца дзяўчына. - Родам я з Мсціслаўля, але ў дзяцінстве праводзіла лета ў бабулі, якая працавала на збожжатаку і часта брала мяне з сабой.

Так склалася, што падчас жніва маладая жонка задзейнічана на вагавой.
 
Перадавы кіроўца разлічвае паказаць яшчэ лепшы вынік:
 
- На ўборцы ўраджаю працую пяты сезон. З машынай паспеў пасябраваць разам мы гатовыя да новых перамог на хлебнай ніве. Спадзяюся, што ў гэтым сезоне я буду пяцітысячнікам.

mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая