RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Выстава «Тканае неба Аляксандрыі» адкрыецца 10 ліпеня ў Шклоўскім раёне

Экспазіцыя «Тканае неба Аляксандрыі» пачне працу 10 ліпеня ў Александрыйскай сярэдняй школе Шклоўскага раёна. Адкрыццё выставы ўвайшло ў праграму рэспубліканскага свята «Купалле», расказала загадчыца аддзела этнаграфіі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея Святлана Рыбакова.

«Выставы да свята «Александрыя збірае сяброў» музей рыхтуе штогод ужо больш за дзесяць гадоў, – адзначыла суразмоўца. – Па тэматыцы яны былі археалагічныя і этнаграфічныя. Мы дэманстравалі тканыя вырабы-ручнікі і абрусы, паказвалі салома- і лазапляценне, здзіўлялі гледачоў калекцыяй савецкіх плакатаў. Сёлета прынята рашэнне падзяліцца экспанатамі, якія рэдка пакідаюць нашы музейныя фонды».

Па словах Святланы Рыбаковай, на свяце ў Александрыі будзе прадстаўлена невялікая, але вельмі самабытная калекцыя з дванаццаці посцілак. У свой час гэтыя вырабы мелі ўтылітарнае прызначэнне: імі засцілалі ложкі. У асобных выпадках, калі посцілка была вельмі яркая і святочная, – вешалі на сцяну, каб зрабіць інтэр’ер ярчэйшым і цікавейшым. У побыце беларусаў посцілкі атрымалі шырокае распаўсюджванне досыць позна, у канцы XIX–пачатку XX стагоддзяў. Менавіта ў гэты час з’явіліся анілінавыя фарбавальнікі для тканіны.

У вырабе посцілак часта выкарыстоўваліся ваўняныя і сінтэтычныя ніткі. У кожным рэгіёне вырабы адрозніваліся сваімі лакальнымі асаблівасцямі. Напрыклад, на Гродзеншчыне распаўсюджаныя так званыя «вясёлкі»– паласатыя і вельмі цікавыя здвоеныя посцілкі, якія з кожнага боку былі рознымі па колеры. Адметнай асаблівасцю вырабаў Магілёўскай вобласці стаў іх узор–разнастайная па памерах і розных канфігурацыях клетка.

«Вылучыць з калекцыі самы незвычайны экспанат немагчыма: усе рэчы тыпалагічныя і адлюстроўваюць асаблівасці народнай культуры нашага рэгіёна, – склала Святлана Рыбакова. – Тым не менш выстава вельмі атмасферная і вартая ўвагі гасцей рэспубліканскага свята «Купалле».

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая