RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Вытворчы ўчастак па разліве мёду запусцілі ў Слаўгарадзе

Вытворчы ўчастак па разліве мёду адкрылі сёння ў Слаўгарадзе на тэрыторыі УП «Чырвоны харчавік – Слаўгарад».

Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар, дырэктар ААТ «Чырвоны харчавік», член Савета рэспублікі Сяргей Анюхоўскі, старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Сяргей Міхалюта, прадстаўнікі райвыканкама і дэпутацкага корпуса, супрацоўнікі новага цэха і жыхары горада.

Плануецца, што тут штогод будуць перапрацоўваць да 300 т карыснага прадукту ў розным асартыменце. У планах – вытворчасць манафлёрнага (сланечнікавага, рапсавага, кветкавага) і ўзбітага крэм-мёду: з журавінамі, чарніцамі, клубніцамі, пергой і пропалісам, вішняй, лімонам, імбірам і грэцкім арэхам.

Кошт новай лініі склаў больш за Br2 млн. Тут створаны новыя працоўныя месцы. Як адзначыў дырэктар прадпрыемства, калі завершыцца рэалізацыя праекта «Слаўгарад», у горадзе з’явіцца каля 100 новых працоўных месцаў, а пры максімальных загрузках колькасць супрацоўнікаў можа павялічыцца да 150.

Адкрыццё ўчастка разліву мёду – гэта першы пункт у рэалізацыі «Чырвоным харчавіком» праекта «Слаўгарад». У 2021 годзе тут будзе ўстаноўлена сучасная лінія па вытворчасці жавальнага мармеладу прадукцыйнай магутнасцю 3 тыс. т на год. Праект «Слаўгарад» рэалізуецца ў межах указа Прэзідэнта «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці», а геаграфічнае размяшчэнне новага прадпрыемства дазваляе скарыстацца значнымі прэферэнцыямі з боку дзяржавы, у тым ліку і па падаткаабкладанні.

«У нашай краіне стала добрай традыцыяй 7 лістапада адкрываць знакавыя і важныя аб’екты. У Слаўгарадскім раёне запусцілі вытворчы ўчастак па разліве мёду. Гэта першы крок на шляху рэалізацыі маштабнага праекта ААТ «Чырвоны харчавік», які ў найбліжэйшыя гады будзе рэалізаваны на тэрыторыі раёна. Гэта прыклад таго, як умелае спалучэнне льгот, інавацыйных ідэй, распрацаваных на прадпрыемстве, падтрымкі дзяржавы на розных узроўнях даюць добры вынік, – адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Страхар. – Пры выбары пляцоўкі мы прапанавалі «Чырвонаму харчавіку» самую выгадную тэрыторыю і аказалі ўсю магчымую падтрымку па рэалізацыі праекта».

Як адзначыў дырэктар ААТ «Чырвоны харчавік» Сяргей Анюхоўскі, вытворчасць у Слаўгарадзе будзе эфектыўнай, эканамічнай і запатрабаванай. «Сам праект разбілі на 2 часткі, першую адкрываем сёння – гэта разліў мёду, вытворчасць кандытарскіх прадуктаў на аснове мёду. Тэма здаровага харчавання з’яўляецца актуальнай і запатрабаванай у насельніцтва не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, – падкрэсліў ён. – Другі этап ужо ў працы. На сёння з 35 машын абсталявання 19 паступае на тэрыторыю прадпрыемства, разгружаецца. У маі пасля завяршэння будаўнічых работ вялікага цэха пачнуцца пуска-наладачныя работы. Усё, што завозіцца ў Беларусь з мармеладнай катэгорыі, цукерак мармеладных, зможам вырабляць на новай лініі. Гэта дазволіць забяспечыць у 2021 годзе імпартазамяшчэнне названых прадуктаў».

Адкрыццё новага ўчастка з нецярпеннем чакалі і жыхары Слаўгарада. Як расказаў адзін з супрацоўнікаў новага цэха Дзяніс Лазовікаў, для любога горада, вялікага ці маленькага, важная наяўнасць працоўных месцаў з добрай заработнай платай. «Я ўбачыў аб’яву ў газеце, што сюды патрабуюцца людзі. Вырашыў паспрабаваць уладкавацца. Усё атрымалася, – сказаў мужчына. – Я сам мясцовы жыхар, тут жыву з сям’ёй. І для мяне важна, што я магу працаваць дома, а не шукаць нешта ў іншых гарадах Беларусі ці Расіі».

Паводле слоў Руслана Страхара, гэты праект у будучыні зменіць структуру эканомікі раёна. «Традыцыйна прынята лічыць Слаўгарадскі раён сельскагаспадарчым. Аднак з рэалізацыяй гэтага праекта ён стане буйным прамысловым цэнтрам. Прыбытак, новыя працоўныя месцы – усё гэта будзе генеравацца тут», – падкрэсліў ён.

«За апошнія гады ў Слаўгарадскім раёне быў пабудаваны вялікі свінагадоўчы комплекс замкнёнага цыклу з камбікормавым цэхам, адкрыты важны і неабходны для камфортнага жыцця грамадзян мост праз раку Сож. У Слаўгарадзе працягвае будавацца жыллё, хутка адкрыецца новы дзіцячы садок, развіваецца інфраструктура. Тут шмат магчымасцяў для развіцця», – упэўнены Руслан Страхар.

Фота Алега Файніцкага, БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая