RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Вызначаны пераможцы конкурсу мясцовых ініцыятыў Магілёўскай вобласці

Навядзенню парадку на зямлі ў кожным населеным пункце Магілёўшчыны з боку магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў надаецца пільная ўвага. Мерапрыемствы адукацыйнага і тлумачальнага характару праводзяцца ў цесным узаемадзеянні з Саветамі першаснага ўзроўню, якія ў сваю чаргу аб’ядноўваюць вакол сябе неабыякавых мясцовых жыхароў для рэалізацыі ініцыятыў, накіраваных на стварэнне камфортных умоў пражывання на вёсцы. Абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў іх дапамагае ўвасабляць у жыццё, вылучаючы фінансавыя сродкі з уласнага фонду, сфарміраванага за кошт членскіх і іншых мэтавых узносаў яе членаў.

«Важна разумець, што ўсе рэалізаваныя пры падтрымцы асацыяцыі праекты па добраўпарадкаванні патрэбныя ў першую чаргу людзям, якія там пражываюць, і накіраваны яны на вырашэнне пытанняў мясцовага значэння: рамонт аўтамабільных дарог, уладкаванне дзіцячых пляцовак, паляпшэнне месцаў масавага адпачынку, рамонт аб’ектаў культуры, стварэнне і развіццё спартыўных аб’ектаў. І наша задача – вызначыць першараднасць праблемы акругі і падтрымаць ініцыятыву па яе вырашэнні», – адзначыла старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык.

Выбіраюцца для заахвочвання праекты на конкурснай аснове. «Галоўнае патрабаванне: яны павінны быць ініцыяваныя жыхарамі населенага пункта, якія будуць прымаць удзел у іх рэалізацыі, гэта значыць стаіць задача не проста падтрымаць добрую ініцыятыву, а і жаданне людзей зрабіць свет вакол сябе больш камфортным і ўтульным», – падзяяліўся старшыня асацыяцыі Анатоль Мацюлін.

Паводле яго слоў, з шасці гадоў існавання толькі на працягу апошніх трох абласная асацыяцыя актыўна падтрымлівае ініцыятывы, накіраваныя на добраўпарадкаванне. Пры гэтым ужо аказана дапамога 88 праектам, на што было выдзелена каля 200 тысяч рублёў.

«У бягучым годзе, у студзені, сходам Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў прынята рашэнне заахвоціць ужо рэалізаваныя грамадскія ініцыятывы з мэтай актывізаваць яшчэ большую цікавасць насельніцтва да ўдзелу і іх узаемадзеяння з мясцовымі органамі самакіравання», – тлумачыць дырэктар асацыяцыі Паліна Церашкова.

На конкурс было пададзена 12 заявак, якія прадстаўлялі розныя па колькасці пражываючых рэгіёны Магілёўшчыны – раённыя цэнтры, сельсаветы, аграгарадкі. Па выніках экспертнай ацэнкі пераможцамі прызнаны: 1 месца з выплатай з фонду асацыяцыі 3 тысяч рублёў – грамадская ініцыятыва «Устаноўка вулічных трэнажораў у г. п. Глуск» Глускага раёна; 2 месца з выплатай 2 тысяч рублёў – грамадская ініцыятыва «Спортлэнд – спорт як гульня!» Краснапольскага раёна; 3 месца з выплатай 1,5 тысячы рублёў – грамадская ініцыятыва «Добраўпарадкаванне гарадскога сквера “Спуск да ракі”» і «Касметычны рамонт летняй танцавальнай пляцоўкі» Круглянскага раёна.

Прэміяльныя бонусы конкурсу маюць мэтавае прызначэнне – іх можна накіраваць на праекты, якія дапаўняюць ўжо рэалізаваныя.

Праект па ўстаноўцы вулічных трэнажораў у гарадскім пасёлку Глуск рэалізаваны летам бягучага года па ініцыятыве аддзела па адукацыі, спорту і турызму Глускага райвыканкама. Пра неабходнасць мець на тэрыторыі раённага цэнтра спартыўную пляцоўку з абсталяваннем, на якім змогуць займацца і дарослыя, і дзеці, не аднойчы гаварылі на сустрэчах з дэпутатамі рознага ўзроўню жыхары райцэнтра, у тым ліку моладзь. Прапанова была падтрымана на пасяджэнні Прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. «Пры выбары месца дадзенай спартыўнай пляцоўкі ўлічвалася не толькі наяўнасць спартыўных, у тым ліку дзіцячых гульнявых пляцовак і аб’ектаў, а і магчымасць на пастаяннай аснове сачыць за спраўнасцю трэнажораў, іх захаванасцю. Для гэтага ў зоне бачнасці на будынку «БТПР» устаноўлена кругласутачнае відэаназіранне, штодня праводзіцца агляд трэнажораў і ўборка тэрыторыі работнікамі дзіцячай юнацкай спартыўнай школы», – расказалі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму Глускага райвыканкама.

Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў на рэалізацыю гэтага праекта ў Глуску вылучыла 4450 рублёў. Сума сумеснага фінансавання склала каля 550 рублёў. Прынялі ўдзел у рэалізацыі праекта 5 дэпутатаў, больш за 20 мясцовых жыхароў і 6 арганізацый раёна.

Ініцыявала рэалізацыю праекта «Спортлэнд – спорт як гульня!» дэпутат Краснапольскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання ад Ціміразеўскай выбарчай акругі № 2 Наталля Герашчанка. Пра неабходнасць яе наяўнасці ў жылым густанаселеным масіве гаварылі выбаршчыкі ў межах сустрэчы ў фармаце дыялогавай пляцоўкі з кіраўніцтвам раёна і дэпутатамі ў красавіку 2021 года. «У нашым раённым цэнтры створаны дастаткова добрыя ўмовы для гульняў і заняткаў фізкультурай і спортам: маецца фізкультурна-аздараўленчы комплекс, стадыён, футбольнае поле са штучным пакрыццём, гульнявыя пляцоўкі для дзяцей. Аднак усе гэтыя аб’екты знаходзяцца ў значнай аддаленасці ад нашай выбарчай акругі, а наведванне ФАКа патрабуе фінансавых выдаткаў, што не заўсёды даступна жыхарам», – паведаміла Наталля Герашчанка.

Устаноўлена новая спартыўная пляцоўка на прыдамавой тэрыторыі па вуліцы Ціміразева, 38. У рэалізацыі праекта прынялі ўдзел жыхары Ціміразеўскай выбарчай акругі № 2 – каля 45 чалавек – і работнікі Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Краснапольскага раёна. Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў выдзеліла на рэалізацыю гэтага праекта 1450 рублёў. Суфінансаванне ад мясцовых жыхароў і партнёраў склала яшчэ трэць гэтай сумы. У цяперашні час спартыўная пляцоўка перададзена на баланс Краснапольскага жылкамунгаса. Жыхары выбарчай акругі сочаць за захаванасцю яе спартыўнага абсталявання, прымаюць удзел у добраўпарадкаванні гэтай тэрыторыі.

Прапанова аб адраджэнні месца для адпачынку ў гарадскім скверы са спускам да ракі Друць у Круглым была агучана на справаздачнай сесіі Круглянскага раённага Савета дэпутатаў членам дзіцячага парламента Валянцінай Каваль, навучэнкай 9 класа сярэдняй школы № 1. «Гэта зона адпачынку – адно з самых наведвальных месцаў жыхарамі раённага цэнтра рознага ўзросту. Прапанову добраўпарадкаваць яго падтрымаў Круглянскі раённы Савет дэпутатаў. Было прынята рашэнне рэалізаваць праект шляхам максімальнага прыцягнення грамадскасці і арганізацый раёна. Наводзіўся парадак на тэрыторыі метадам «народнай будоўлі». У межах рэалізаванага праекта ўстанавілі пастамент пад камень, паклалі тратуарную плітку па перыметры, высадзілі дэкаратыўныя дрэвы і хмызнякі, выканалі комплекс будаўнічых работ па рамонце танцпляцоўкі, вырабілі і ўстанавілі малыя архітэктурныя формы, у тым ліку казачных герояў, лаўкі ў колькасці дзесяці штук, падстаўкі пад памятныя таблічкі, каркас банарных інфармацыйных стэндаў, ажыццявілі закладку капсулы часу. У рэалізацыі праекта прынялі ўдзел жыхары Круглага, 12 арганізацый – усяго 131 чалавек. Бюджэт ініцыятывы склаў 22184 рублі, у тым ліку выдзелена 1450 рублёў з фонду Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў», – расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Храмцоў.

Даведачна: Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў пачала сваю дзейнасць 25 мая 2015 года. Рашэнне аб яе стварэнні было прынята на дзясятай сесіі Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў 12 сакавіка 2015 года з мэтай забеспячэння каардынацыі дзейнасці мясцовых Саветаў дэпутатаў па развіцці прававой, арганізацыйнай, фінансава-эканамічнай і тэрытарыяльнай асноў мясцовага самакіравання, арганізацыі іх узаемадзеяння па рашэнні сацыяльных, эканамічных і іншых праблем, звязаных з ажыццяўленнем мясцовага самакіравання ў Магілёўскай вобласці.

mogbiz.by 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая