RU BY EN 中文
Twitter Instagram

XIII Міжнародны эканамічны форум «Млын поспеху» сабраў у Магілёве каля 600 удзельнікаў

Выклікі сучаснасці адкрываюць новыя перспектывы, пошуку якіх і была прысвечана дзелавая праграма XIII міжнароднага эканамічнага форума «Млын поспеху», які 24–25 лістапада праходзіў на Магілёўшчыне. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Магілёўскі аблвыканкам і Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця. Удзел у пленарным пасяджэнні, якое завяршала форум, сёння прынялі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Страхар, намеснік міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Таццяна Бранцэвіч, намеснік прэфекта Усходняй адміністрацыйнай акругі г. Масквы Дзмітрый Плахіх.

Як расказаў дырэктар ААТ «Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця» Яўген Якімаў, удзельнікамі форума сталі каля 600 чалавек з Расійскай Федэрацыі, Кітая, Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана, Азербайджана, Палесціны, Пакістана, Сірыі, Венесуэлы, В’етнама і іншых краін.

«Сёлета шмат замежных прадстаўнікоў, 18 афіцыйных замежных дэлегацый і прадстаўнікоў бізнесу. Як ніколі многа замежных кампаній, – падкрэсліў ён. – Для іх была арганізавана насычаная праграма з наведваннем прадпрыемстваў і працай тэматычных дыялогавых пляцовак. Так, напрыклад, у СЭЗ «Магілёў» праходзіла інвестыцыйная секцыя, дзе абмяркоўваліся разнастайныя інвестыцыйныя праекты, якія ў перспектыве будуць рэалізоўвацца на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Прысутнічалі кампаніі з Індыі, карпарацыі інвестыцыйнага развіцця Смаленскай вобласці, Варонежа. Геаграфія краін вельмі шырокая.

Такая цікавасць да форума павысілася ў ліку іншага і санкцыйным рэжымам. Мы пачалі больш глядзець на суседзяў, хто і што вырабляе. З прычыны праблем з імпартазамяшчэннем павялічваецца экспарт і імпарт у Расійскую Федэрацыю, яны гатовы да сумесных праектаў, да кааперацыі. Адсюль такая вялікая колькасць удзельнікаў. Бізнес заўсёды шукае шляхі выхаду з любой сітуацыі. І гэта нармальная практыка».

Прадстаўнікі дэлегацыі з Узбекістана адзначылі, што на «Млыне поспеху» яны ўпершыню, але ўжо паспелі ацаніць высокі ўзровень арганізацыі форума. «Мы трэці дзень у Магілёўскай вобласці, наведалі тут многія месцы – ад культурна-гістарычных да асноўных вытворчых прадпрыемстваў. Асабліва зацікавілі прадпрыемства «Магілёўхімвалакно», «Бабушкина крынка». Азнаёміліся і з працэсамі вытворчасці, і з выпускаемай прадукцыяй, правялі сустрэчы з кіраўнікамі кампаній, – падзяліўся адзін з удзельнікаў дэлегацыі Мірусуф Умараў. – Папярэдне разгледзелі пытанні нашага далейшага ўзаемадзеяння.

Супрацоўніцтва паміж краінамі, рэгіёнамі неабходна развіваць пры любых абставінах. Таму што мы брацкія, сяброўскія народы спакон веку.

Спадзяюся, што такія мерапрыемствы будуць спрыяць далейшаму супрацоўніцтву. Не толькі з Узбекістанам, але і з усімі краінамі свету. Таму дзякуй за запрашэнне і за гасціннасць».

За мінулыя гады форум стаў вядучай пляцоўкай для зносін прадстаўнікоў улады і дзелавых колаў, абмеркавання ключавых эканамічных пытанняў. У ходзе прамоў і канструктыўнага дыялогу заключаюцца ўзаемавыгадныя доўгатэрміновыя пагадненні, ажыццяўляецца абмен дзелавым вопытам. Так, на папярэднім дванаццатым форуме пратаколаў і пагадненняў налічвалася на агульную суму каля Br600 млн са стварэннем больш за 600 працоўных месцаў.

Праца форума гэтым разам традыцыйна была пабудавана ў фармаце дыялогавых пляцовак і наведвання вядучых прамысловых, сацыяльных і культурных аб’ектаў. Падчас працы ў секцыях удзельнікі абмеркавалі меры дзяржаўнай падтрымкі бізнесу, крэдыты ў развіццё бізнесу, нябанкаўскія інструменты фінансавання, магчымасці кааперацыі буйных прадпрыемстваў і малога бізнесу. Разабралі спосабы пераадолення негатыўных наступстваў санкцыйных абмежаванняў шляхам выкарыстання альтэрнатыўнага варыянту вядзення бізнесу з дапамогай Беларускай універсальнай таварнай біржы, імпартазамяшчэння, вырашэння лагістычных праблем, магчымасці інвестыцыйнага развіцця з улікам сучасных выклікаў. Разгледжаны міжнародныя і рэгіянальныя трэнды развіцця цыркулярнай эканомікі, а таксама ход рэалізацыі стратэгіі ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці ў 2022 годзе. Акрамя таго, былі прадстаўлены сучасныя трэнды ў лічбавізацыі бізнесу, а таксама ў маркетынгу, лагістыцы і сферы бяспекі кампаній. Прэзентаваныя прамысловыя пляцоўкі для стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў, а таксама аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры.

У фае Палаца культуры вобласці дзейнічала выстава вядучых вытворцаў рэгіёна, у тым ліку з правядзеннем дэгустацыі прадукцыі.

Завяршальным мерапрыемствам форума стала правядзенне пленарнага пасяджэння.

Як падкрэсліў у сваім выступленні Руслан Страхар, Магілёўшчына, нягледзячы на ўсе знешнія абставіны, сёлета зноў гасцінна прыняла вядучых бізнесменаў, дыпламатаў, экспертаў, грамадскіх дзеячаў і прадстаўнікоў органаў улады з розных краін.

«У мінулым годзе форум адбыўся пасля вымушанай паўзы, звязанай з эпідэміяй каранавіруса. Тады большасць спецыялістаў сыходзалася ў меркаванні, што дзелавое жыццё ў свеце пачала аднаўляцца і хутка ўвойдзе ў нармальнае рэчышча. Аднак на змену эпідэміі прыйшлі новыя выклікі глабальнага характару, якія нясуць пагрозу для сусветнай супольнасці, перш за ўсё санкцыйная ліхаманка калектыўнага Захаду ў дачыненні да нашай краіны і Расійскай Федэрацыі, – адзначыў ён. – Зараз на нашых вачах адбываецца структурнае змяненне сусветных палітычных, эканамічных і гандлёвых працэсаў. Змяняецца само паняцце абавязковасці выканання дамоўленасцей. Часам насуперак здароваму сэнсу і асновам эканомікі.

Нягледзячы на гэта, Магілёўская вобласць працягвае праводзіць палітыку, накіраваную на ўмацаванне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Мы выбудоўваем шчырыя і сяброўскія адносіны з тымі рэгіёнамі, з якімі прынялі рашэнне працаваць як партнёры. І наша рашэнне не схільнае палітычнай кан’юнктуры, у адрозненне ад шэрагу краін ЕС, якія ў аднабаковым парадку ў гэтыя складаныя часы скасавалі дагаворы, якія рэгіёны заключалі. Яны перакрэслілі працу і інтарэсы сваіх жыхароў. Гісторыя ўсё расставіць на свае месцы. Мы ж бачым як мэту міжрэгіянальнага супрацоўніцтва выбудоўванне доўгатэрміновых сяброўскіх міжасобасных адносін, у тым ліку ў эканамічнай сферы. Так, у Магілёўскай вобласці за апошні год было заключана 8 новых пагадненняў. Дзякуючы ўмацаванню міжрэгіянальнага кааперацыйнага супрацоўніцтва, а таксама мерам, прынятым з боку беларускай дзяржавы і непасрэдна намаганням бізнесу, нам удалося вытрымаць удар санкцый. Прадпрыемствы працягваюць выпускаць запатрабаваную прадукцыю, здолеўшы аператыўна перабудаваць сваю працу ў новых умовах».

У пацверджанне сваіх слоў Руслан Страхар агучыў лічбы вынікаў мінулага года:

«Аб’ём экспарту тавараў Магілёўскай вобласці дасягнуў $2,6 млрд, што на 32% больш, чым у 2020 годзе. Экспарт у 2021 годзе – гэта найлепшы паказчык у гісторыі вобласці. Станоўчае сальда дасягнула $1 млрд, што таксама найлепшы паказчык за ўсю гісторыю статназіранняў».

У бягучым годзе, нягледзячы на аб’ектыўную страту асобных прэміяльных рынкаў, вобласць працягвае прырастаць па экспарце з тэмпам росту 106%. «Рэгіён экспартуе сваю прадукцыю ў 89 краін свету, пры гэтым дадаткова – на рынкі 11 новых краін, – падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама. – Нам удалося ў сціснутыя тэрміны пераарыентаваць пастаўкі з заходняга на ўсходні кірунак, перш за ўсё – у Расію і Кітай. Акрамя таго, мы істотна дадалі ў экспарце ва Узбекістан, Арменію, Азербайджан, Грузію, Таджыкістан, а таксама – у Бразілію, Ізраіль, Саудаўскую Аравію, Філіпіны і цэлы шэраг іншых краін. Таварная структура экспарту ўключае больш за 500 пазіцый. Час паказаў, што большасць замежных кампаній не толькі гатовыя гандляваць з Магілёўскай вобласцю, але і зацікаўлены ў працягу бізнесу на данай тэрыторыі.

Так, за 9 месяцаў бягучага года ў эканоміку рэгіёна прывабілі чвэрць мільярда долараў прамых замежных інвестыцый, і гэтая лічба вышэйшая за мінулагоднюю на $112 млн. Што пацвярджае дзеянне замежных кампаній па захаванні і развіцці вытворчасцей, пошуку новых, часам нестандартных, рашэнняў у цяперашніх умовах».

Падводзячы вынік свайго выступлення, Руслан Страхар адзначыў, што як бы збіта не гучала сцвярджэнне аб тым, што санкцыйныя абмежаванні – час новых магчымасцяў, але гэта сапраўды так. «Мы пераканаліся ў гэтым на ўласным вопыце. І хачу яшчэ раз падзякаваць нашым калегам і партнёрам з дружалюбных краін, якія праводзяць прагматычную знешнюю палітыку.

Магілёўшчына працягвае развівацца, і сёння наша інвестыцыйная палітыка накіравана на далейшую мадэрнізацыю буйных прамысловых прадпрыемстваў, стымуляванне ўнутранага інвеставання і падтрымку прыватных інвестараў, працяг рэалізацыі буйных інфраструктурных праектаў. У межах новага інвестыцыйнага цыклу ў рэгіёне плануецца рэалізацыя больш за 50 праектаў з аб’ёмам інвестыцый каля Br2 млрд, што паспрыяе стварэнню больш за 2 тыс. новых працоўных месцаў».

У сваю чаргу, намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч падкрэсліла, што ва ўмовах бягучай геапалітычнай сітуацыі і санкцыйных абмежаванняў асабліва важна захаваць інвестыцыйную прывабнасць для замежнага і айчыннага бізнесу. «Сярод асноўных задач, якія цяпер вырашаюць як прадпрыемствы, так і ўрад, – актыўная экспартная дыверсіфікацыя прадукцыі шляхам выбудоўвання новых транспартна-лагістычных ланцужкоў і сувязяў, умацаванне імпартанезалежнасці краіны з дапамогай рэалізацыі новых праектаў, – расказала яна. – Стымуляванне прытоку інвестыцый – сярод асноўных задач для развіцця рэгіёнаў. І адным з дзейсных метадаў прываблівання інвестыцый з’яўляецца інстытут інвестыцыйнага дагавора. За час яго існавання на тэрыторыі Магілёўскага рэгіёна прывабілі больш за $2,5 млрд, у чым, варта адзначыць, ёсць немалая заслуга кіраўніцтва вобласці. Магілёўшчына займае лідзіруючую пазіцыю па колькасці і якасці дзеючых інвестыцыйных дагавораў».

Практычным вынікам буйнога эканамічнага форума ў Магілёве стала падпісанне пратаколаў аб намерах і пагадненнях па пытаннях інвестыцыйнага, эканамічнага і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Усяго на форуме засведчана дакументаў на суму амаль Br1 млрд. са стварэннем каля 500 працоўных месцаў.

Акрамя таго, у гэты дзень ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося ўзнагароджанне шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё інвестыцыйнага і эканамічнага патэнцыялу Магілёўскай вобласці.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая