RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Як ідзе сяўба азімых збожжавых у Магілёўскім раёне

Механізатар Дзяніс Якімовіч з СДП «Авангард» РУП «Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі» Магілёўскага раёна дастае свае бартавыя запісы, каб асвяжыць у памяці, калі прыступіў да сяўбы азімых. Дакладвае: тэхніка пробна выйшла ў поле яшчэ 6 верасня. Толькі набраў тэмп, як з 17 верасня пайшлі дажджы, праца застапарылася. Зараз аграрыі ў рэжыме нон-стоп наганяюць упушчанае. Тактыка такая: два энерганасычаныя трактары «Беларус-3522» з сеялкамі ў полі з шасці раніцы і да позняга вечара.

У гэту пасяўную Дзянісу пашанцавала: атрымаў новы энерганасычаны трактар. Раней у яго быў такой жа мадэлі, але тэхніка з нуля значна больш камфортная.

– Працуем з напарнікам Васілём Максімавым, што называецца, у дзве рукі. Стараемся па максімуме выкарыстоўваць дзённы час, ноччу бачнасць дрэнная. Здаецца, на першы погляд поле нармальнае, але там не падсохла. Якая тут тэхналогія? Тэмп узялі добры, а інакш і нельга: тэрміны падціскаюць. Калі гон доўгі, у дзень можна і да 50 гектараў засеяць. Перад тым як выйсці ў поле пасля перапынку, з галоўным аграномам паглядзелі, якія ўчасткі можна адпрацоўваць.

Усяго ў СДП «Авангард» трэба засеяць 2000 гектараў збожжавых: тысячу гектараў–пшаніцай і столькі ж–трыцікале. Асноўныя сілы пакуль кінулі на першую культуру: засеяна яе каля 55 працэнтаў. Стратэгічная задача–справіцца да канца тыдня.

Такі ж настрой і ў іншых гаспадарках. Намеснік начальніка райсельгасхарча Магілёўскага раёна Генадзь Давыдаў тлумачыць чаму:

– Не таму, што нам так хочацца. Ёсць тэхналагічныя тэрміны. У азімых пэўны перыяд восеньскай вегетацыі пры такім кароткім светлавым дні. Да зімы яны павінны раскусціцца і набраць цукар. Калі не атрымаюць яго, папросту не перазімуе: клетка разарвецца ад марозу. Гэта фізіка. Вось чаму тэрміны для сяўбы ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад развіцця раслін, іх фаз. Навукоўцы кажуць, што часам адведзены для сяўбы перыядможна пратэрмінаваць. Так, дапушчальна, але ў хатніх гаспадарках. Калі ж гаворым пра аб’ёмы, маштабы сельгаспрадпрыемстваў, рызыкаваць не маем права.

Можа, у такім выпадку акцэнт рабіць на яравыя культуры? Гэта не выхад, упэўнены суразмоўца. Бо азімыя добра выкарыстоўваюць зімовую вільгаць, у той час як яравым яе ўжо не хапае, а гадавой, як паказвае апошняя практыка, дастаткова не выпадае. У выніку ўраджай зніжаецца. А таму ў структуры збожжавых 60 працэнтаў займаюць азімыя і 40–яравыя.

У Магілёўскім раёне, паводле інфармацыі на 28 верасня, засеяна 12,2 тысячы гектараў–53 працэнты ад запланаванага. У дзень механізатары закрываюць каля 900 гектараў. У кожнага сельгаспрадпрыемства свая тактыка: адны выводзяць больш тэхнікі, другія працуюць пазменна, у тым ліку ў начны час.

– Калі надвор’е стала дазваляць, выводзілі ноччу 3-4 агрэгаты, цяпер паступова прыбаўляем, – адзначае Генадзь Анатольевіч. – Усё залежыць ад канкрэтнага поля, не ўсюды можна адправіць трактар. Знаходзім месцы, дзе роўныя палі і ёсць гарантыя, што тэхніка не затрымаецца. Нізіны яшчэ сырыя, не заўсёды можна зайсці і днём. У астатнім усё ідзе ў звыклым рэжыме. У структуры пасяўных плошчаў змены толькі ў тым, што сталі спрабаваць новую для сябе культуру – азімы ячмень. Пакуль эксперыментальна плануем пасеяць 332 гектары.

Як толькі ў гаспадарках-перадавіках з’явяцца свабодныя рукі, перакінуць тэхніку на дапамогу адсталым. Пакуль у Магілёўскім раёне першымі ідуць ААТ «Цішоўка», філіял«Вендараж» РУП «Магілёўэнерга», ПТУП «Птушкафабрыка«Ялец». Астатнія падцягваюцца.

ДАВЕДКА «СГ»

У Магілёўскай вобласці засеяна азімымі каля 60 працэнтаў плошчаў–120,5 тысячы гектараў. У лідарах Кіраўскі, Краснапольскі, Горацкі і Шклоўскі раёны.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая