Пакуль на роўных
Эксперыментальны азімы рапс на полі ААТ «Александрыйскае» Шклоўскага раёна даказаў: стаўка на яго апраўданая
На стыку Магілёўскай і Віцебскай абласцей знаходзяцца знакамітыя палі ААТ «Александрыйскае», дзе па даручэнні кіраўніка дзяржавы апрабоўваюць розныя падыходы ў сельскай гаспадарцы: вырошчваюць новыя культуры, ужываюць апошнія тэхналогіі. Вось і ўвосень у якасці апрабацыі на 120 гектарах рознымі гатункамі новай для краіны культуры – азімым ячменем – засеялі чатыры ўчасткі імпартным і айчынным насеннем. Ураджай і тыя і іншыя далі хвацкі – звыш 60 цэнтнераў з гектара. А на днях у «Александрыйскім» падвялі вынікі яшчэ аднаго эксперыменту, толькі з азімым рапсам. Што з гэтага выйшла?
Нядрэнны вынік у гэтым годзе паказаў азімы ячмень. На яго, а яшчэ на рапс, і трэба рабіць стаўку, акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.
Участак пад азімы рапс у «Александрыйскім» падабраны такім чынам, каб беларускія сарты і замежныя гібрыды канкурыравалі ў роўных умовах. У якасці эксперыменту, тлумачыць галоўны аграном Аляксей Слесараў, на 33 гектарах пасеялі тры гатункі айчыннай селекцыі і тры замежныя гібрыды:
– Зрабілі гэта для таго, каб вызначыць, які з варыянтаў прынясе вялікую ўраджайнасць. У гаспадарцы сёлета пасеялі каля тысячы гектараў рапсу, але, на жаль, перазімаваў не ўвесь. На гэты раз плошчы павялічым да 1100 гектараў. Культура каштоўная, а таму трэба дакладна разумець, на якія гатункі і гібрыды рабіць стаўку.
Дык як жа паказала сябе культура? Замежныя гібрыды «гідрамель», «рохан» і «дарыёт» далі ад 28 да 32,5 цэнтнера з гектара. Крыху ніжэйшая ўраджайнасць сартоў беларускай селекцыі – «вітаўт», «онікс» і «імперыял»: у межах 27 цэнтнераў з гектара.
– Стаўка на азімы рапс апраўданая. Зразумела, што ўраджай залежыць ад многіх фактараў: своечасовага тэрміну сяўбы, догляду. Плюс карэктывы ўносіць надвор’е: жорсткая зіма не самым лепшым чынам адбіваецца на развіцці расліны. Аднак гэта культура проста неабходная ў рацыёне жывёл. Жмых, які атрымліваем у выніку перапрацоўкі рапсу, становіцца каштоўныай бялковай сыравінай для камбікармоў. У нас свая лінія па перапрацоўцы рапсу, за кошт чаго атрымліваем кампаненты для якаснага корму.
У Магілёўскай вобласці ўборка азімага рапсу набліжаецца да фінішу. Ён абмалочаны на 94,7 працэнта плошчаў, ураджайнасць – 13,2 цэнтнера з гектара. Хоць рапс яшчэ не прыбраны, настаў час сяўбы пад ураджай 2023‑га. Насенне ўжо лягло ў глебу на плошчы 11,91 тысячы гектараў, або 18,6 працэнтах. Сёлета рэгіён плануе павялічваць плошчы пад культуру. Галоўнае – своечасова адсеяцца. Тэрміны цалкам канкрэтныя: у паўночных раёнах трэба справіцца да 20 жніўня, у паўднёвых – да 25-га чысла.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
22.04.2025 - 16:35
18.04.2025 - 20:26
18.04.2025 - 09:11
16.04.2025 - 15:15