RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Як пераадольваюць адставанне ў вытворчасці малака жывёлаводы Чавускага раёна

Новыя тэхналогіі – не дзівацтвы начальства.

Чавускі раён па вытворчасці малака з апошняга месца ў вобласці перамясціўся на сярэднія пазіцыі. За кошт чаго?

У мінулым годзе малочныя надоі ў Чавускім раёне былі самымі нізкімі ў краіне: жывёлаводы недабралі трэць прадукцыі ад узроўню 2018-га. Ад каровы атрымалі ўсяго 2139 кілаграмаў малака–мінус больш за тону. Далей падаць было проста няма куды! Аграменеджарам трэба было прааналізаваць прычыны няўдач і ўзяцца за выпраўленне сітуацыі.

Галоўнай прычынай леташняга падзення кіраўнікі гаспадарак і спецыялісты лічаць два запар неспрыяльныя гады, якія высушылі чавускія раллі і пашы, не дазволіўшы нарыхтаваць кармы ў патрэбнай колькасці. Можа, і варта было б прыслухацца, але ж леташняя засуха не абышла ні адзін беларускі рэгіён. Чым жа Чавускі раён лепшы? Не, корань недаглядаў дзесьці значна глыбейшы. Мноства фактараў склалася ў гэтым адмоўным выніку – як суб’ектыўных, так і аб’ектыўных. Безгаспадарчасць, нізкі ўзровень прафесіяналізму – у тым ліку.

У выніку намаганняў на большасці малочна-таварных комплексаў і ферм удалося аднавіць тэхналогію. Для гэтага ў даільных залах побач з аператарамі машыннага даення спецыялістам рознага ўзроўню – ад кіраўнікоў гаспадарак, заатэхнікаў і ветурачоў да спецыялістаў райсельгасхарча і райветстанцыі – прыйшлося правесці не адну працоўную змену. Важна было да аўтаматызму давесці кожную аперацыю даення і пераадолець закасцянелыя меркаванні, што новыя патрабаванні ўсяго толькі «дзівацтвы начальства». А там ужо справа тэхнікі: павялічваючы колькасць і якасць малака, даяркі адразу адчулі гэта на сваёй зарплаце і далей ужо свядома прытрымліваліся ўстаноўленай схемы.

– Мы змаглі пераадолець адставанне. Сёння ў раёне вырабляецца 109 працэнтаў малака адносна мінулага года, – канстатуе начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Пухоўскі. – Толькі два сельгаспрадпрыемствы–ААТ «Светлы шлях» і «Асінаўскі»– пакуль яшчэ не выйшлі на ўзровень надояў 2019 года. За апошнія месяцы мы не тое што не дапускалі падзення, але і пастаянна нарошчваем аб’ёмы вытворчасці. Да канца другога паўгоддзя плануем цалкам аднавіць узровень 2019 года–17 700 кілаграмаў малака штодня.

Распрацаваны план рэанімацыі малочнай галіны, які прадугледжвае аднаўленне ўсяго тэхналагічнага працэсу вытворчасці малака, пачынаючы ад пашы і заканчваючы ўзнаўленнем статка.

– Паўсюдна сталі ўкараняць зялёную падкормку–5–10 кілаграмаў на галаву, – дэталізаваў Аляксандр Пухоўскі. – Выкарыстоўваем для гэтага люцэрну ў сумесі з канюшынай, якой пасеялі дадаткова 700 гектараў. На 390 галоў больш атрымалі прыплоды. Закупілі якасныя камбікармы ў ЗАТ «Экамол Агра». Ураджай гэтага года дазваляе ў нармальным рэжыме абменьваць збожжа на камбікармы.

Адзінае прадпрыемства, якое ўтрымалася ад малочных мінусаў, –ААТ «Дужаўка».

– Нам у 2019-м дапамог выжыць і не загубіць малочную вытворчасць паўтарагадовы запас кармоў, без якога, як правіла, не сыходзім у зімоўку,– расказаў дырэктар Мікалай Кубрыкаў. – Хоць якраз тады травы высахлі да такой ступені, што не здолелі назапасіцца кармамі як мае быць. Але ў мінулым годзе даілі штодня 10 кілаграмаў ад каровы, цяпер – 13.

Каб пераламаць сітуацыю, у раёне правялі сур’ёзныя кадравыя перастаноўкі: змяніўся старшыня райвыканкама, следам – большасць кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Новая каманда інтэнсіўна ўзялася за рашэнне малочных праблем, распрацаваўшы комплексную праграму аднаўлення галіны,якая стаіць на каленях, бо ў некаторых гаспадарках даілі да 2 кілаграмаў малака ад каровы за суткі.

Сёння ж, напрыклад, у ААТ «Чавускі райаграсэрвіс» вытворчасць малака вырасла на 180 працэнтаў. Аляксандр Чаркасаў менавіта ў самы цяжкі момант ўзначаліў калектыў сельгаспрадпрыемства. Старшыня райвыканкама Аляксандр Яфімчыкаў спецыяльна запрасіў яго на пасаду, ведаючы дзелавыя якасці. І вынік не прымусіў чакаць:

– Калі я прыйшоў у гаспадарку, за суткі прадавалі 3500 кілаграмаў малака, сёння–6700. Вынік, вядома, радуе, але гэта яшчэ далёка не нагода для гонару. Хоць і яго дасягнуць было няпроста. Прыйшлося напрамую працаваць з кожнай даяркай і скотнікам, з многімі прыйшлося расстацца. Кадравая школа прайшла на кожнай ферме і малочна-таварным комплексе. Аднаўлялі і тэхналогію, і дысцыпліну літаральна па дэталях.

Дырэктар ААТ «Ульянаўскае Агра» Генадзь Захараў стартам росту вытворчасці малака лічыць аднаўленне тэхналогіі даення:

– Год таму, калі стаў кіраўніком, працэс дойкі расцягваўся да чатырох гадзін замест дзвюх. Што зрабілі? Спрачаліся, вучылі, даказвалі, карацей, ваявалі за тэхналогію. Ужо праз месяц аператары машыннага даення адчулі вынік на сваім заробку. Сёння даяркі прызнаюцца: рукі ўжо самі выконваюць усе неабходныя аперацыі. Вынік – 135 працэнтаў росту да мінулага года.

Акрамя таго, у «Ульянаўскім Агра» навучыліся атрымліваць малако 100 працэнтаў гатункам экстра, дадаючы да выручкі яшчэ 30 працэнтаў за якасць. Гэта ўдаецца за кошт карпатлівага штодзённага лабараторнага кантролю за якасцю, які лёг на плечы галоўных спецыялістаў па заатэхніі і ветэрынарыі. Для гэтага прыйшлося прадыягнаставаць і пралячыць кожную дойную карову, стварыць асобны цэх раздою.

Сёння ў Чавускім раёне сярэдні паказчык сутачных надояў– 8 кілаграмаў ад каровы. Гэта крыху вышэй за сярэднеабласны. Па выніках года статак буйной рагатай жывёлы павінны павялічыцца на 800 галоў. У кожнай гаспадарцы будуюцца прафілакторыі для цялят, за кошт абласнога бюджэту закуплена 500 новых домікаў для іх індывідуальнага ўтрымання. Наперадзе–выхад не проста на нармальны ўзровень вытворчасці, але і павышэнне яго эфектыўнасці за кошт асваення тонкасцей тэхналогіі. Такія планы, і яны, трэба меркаваць, цалкам рэальныя. А ў дапамогу жывёлаводам–шчодры ўраджай гэтага года, які на 60–70 працэнтаў вышэйшы за леташні.

СБ

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая