RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Як рэалізуецца інвестпраект – будаўніцтва гадавальніка Магілёўскага лясгаса

У кастрычніку гэтага года прайшоў першы ў гісторыі рэгіёна інвестыцыйны форум «Магілёўскі раён – тэрыторыя магчымасцяў», які паказаў наяўнасць канкурэнтаздольнага прамысловага патэнцыялу. На форуме быў заключаны шэраг пагадненняў, у тым ліку з ДЛГУ «Магілёўскі лясгас» на суму Br9100 тыс. У адпаведнасці з пагадненнем павінны быць рэалізаваны праекты па будаўніцтве комплексу па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай у вёсцы Красніца коштам Br6 млн 400 тыс. і сушыльнага комплексу ў дрэваапрацоўчым цэху в. Вільчыцы – Br1 млн 800 тыс. Да таго ж, у дакумент уключана набыццё тэхнікі і абсталявання на суму Br900 тыс. 

У Красніцы праект рэалізуецца за кошт пазыкі, прадастаўленай Сусветным банкам, расказаў дырэктар ДЛГУ «Магілёўскі лясгас» Уладзімір Стральцоў. Пасадачны матэрыял з закрытай каранёвай сістэмай пачалі ствараць тут каля пяці гадоў таму пры дапамозе старой лініі высеву ў касеты, перададзенай лясгасу Рэспубліканскім лясным селекцыйна-насенняводчым цэнтрам. Ужо тады была відавочная неабходнасць абнаўлення тэхналогій і абсталявання.

Што ж тычыцца новага комплексу, то яго плануюць увесці ў эксплуатацыю ў ліпені 2020 года і гэта будзе магутны сучасны цэнтр, здольны цалкам задаволіць патрэбы вобласці ў пасадачным матэрыяле з закрытай каранёвай сістэмай. Не выключае Уладзімір Стральцоў і магчымасці паставак на рэспубліку, а таксама ў краіны замежжа, лічачы, што вышэйзгаданы пасадачны матэрыял мае вялікі экспартны патэнцыял. Вырошчваць будуць саджанцы асноўных лесаўтваральных парод дрэў, у тым ліку ёлкі, сасны, дуба, бярозы, ясеня чорнага, алешыны, клёну, ліпы.

Будаўніцтва аб’ектаў ідзе поўным ходам. Ужо гатовы вытворчы будынак агульнай плошчай каля тысячы квадратных метраў, уражваюць вялікімі памерамі і сучаснымі канструкцыямі цяпліцы. Усяго будзе пабудавана пяць сучасных цяпліц 12х90 метраў на плошчы 0,5 гектара. Таксама плануецца ўладкаваць чатыры палі дарошчвання, 30х140 метраў кожнае, з аўтаматычнай сістэмай паліву. У цяпліцах будзе рэгулявацца мікраклімат, іх абсталююць метэастанцыямі, сістэмамі ацяплення, хімічнай лабараторыяй і станцыяй падрыхтоўкі вады.

Згодна з разлікамі, комплекс зможа вырабляць 3 млн адзінак пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай плюс да 6 млн вырошчваемых з адкрытай каранёвай сістэмай. І, на што звярнуў увагу Уладзімір Стральцоў, саджанцы будуць з палепшанымі спадчыннымі ўласцівасцямі – гэта вельмі важны момант.

У праекце таксама будаўніцтва адміністрацыйна-бытавых памяшканняў і падсобных збудаванняў, добраўпарадкаванне тэрыторый. У тым, што хутка тут будзе не толькі сучасна, але і прыгожа, не даводзіцца сумнявацца, зірнуўшы на ўладкаванне невялікага вадаёма, дзе рукамі супрацоўнікаў лясгаса ўсё зроблена з любоўю, як для сябе.

Па матэрыяле pniva.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая